БІЯКЛІМАТАЛО́ГІЯ

(ад бія... + кліматалогія),

раздзел кліматалогіі, які вывучае ўплыў клімату на здароўе і дзейнасць чалавека, развіццё жывёл і раслін. Склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. (працы А.І.Ваейкава ў Расіі, Дж.Ацы ў Італіі, Б.Лівінгстана ў ЗША, А.І.Кайгарадава ў Беларусі). Вывучае ўплыў стану атмасферы на жывыя арганізмы, даследуе рэакцыю іх на забруджванне асяроддзя, уздзеянне сонечнай радыяцыі, геамагнітнага поля і інш. Аналізуе сувязі паміж надвор’ем і кліматам, умовы і працягласць камфортнага надвор’я ў розныя сезоны і ў розных геагр. зонах, уплыў экстрэмальных кліматычных умоў на жывыя арганізмы. Даныя біякліматалогіі выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, горадабудаўніцтве, курарталогіі і інш. На Беларусі даследаванні вядуцца ў Гідраметэаралагічнай службе. Вызначана, напр., што ў Мінску бывае каля 166 дзён за год са спрыяльнымі для чалавека біякліматычнымі характарыстыкамі.

П.А.Каўрыга.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)