Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ Станіслаў Станіслававіч

(1869, Вільня — 1927),

бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—94). Шмат падарожнічаў па Беларусі і Літве. У жанравых творах адлюстроўваў побыт бел. і літоўскіх сялян і гараджан, высмейваў норавы мяшчан. Аўтар карцін «Баль у Мінску», «Прачкі», графічных лістоў «У мястэчку», «Злоўлены жывым», «Праца ў фальварку», «Цыганы» і інш., анімалістычных малюнкаў («Стаеннік», «Бегавы конь» і інш.), іл. да апавядання Э.Ажэшкі «Гэдалі» (1907). Удзельнік выставак Пецярбургскага т-ва мастакоў (1890—1900) і мастацкіх у Мінску (1911).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

т. 3, с. 203

БО́ГХЕД

(ад назвы паселішча Богхед у Шатландыі),

разнавіднасць выкапнёвых вуглёў (сапрапелітаў). Колер ад аліўкавага да бура-чорнага. Шчыльны, тонказярністы. Злом ракавісты. Мае вадароду 8—12%, лятучых рэчываў 75—90%; выхад першаснага дзёгцю да 50%. Цеплыня згарання гаручай масы 33,5—37,7 МДж/кг. Трапляецца лінзамі і праслоямі ў пластах гумусавых вуглёў. Каштоўная сыравіна для атрымання вадкага паліва, змазачных рэчываў, смалы, свабоднай ад фенолаў і асфальтэнаў і інш.

т. 3, с. 203

БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св. Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл. гл. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;

Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.

Н.В.Федасеенка.

т. 3, с. 203

БОД у вылічальнай тэхніцы, адзінка хуткадзеяння (прапускной здольнасці) канала сувязі, роўная 1 біт/с. Названа ў гонар Ж.Бадо.

т. 3, с. 203

БО́ДНАР Іван Васілевіч

(н. 20.7.1940, с. Доўгае Закарпацкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізікі і хіміі цвёрдага цела. Д-р хім. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ужгарадскі ун-т (1964). З 1969 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1983 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. даследаванні па цвёрдых растворах шматкампанентных сістэм, вырошчванні монакрышталёў складаных паўправадніковых матэрыялаў і вывучэнні іх фіз.-хім. і цеплафіз. Уласцівасцяў.

т. 3, с. 203

БО́ДНЯ ўгорнай справе, прыстасаванне для спуску (падняцця) грузаў пры праходцы шахтавых ствалоў і шурфаў, а таксама для аварыйных работ.

т. 3, с. 203

БО́ДРЫЧЫ , абадрыты, саюз плямёнаў палабскіх славян на чале з аднайм. племем, якія жылі ў ніжнім цячэнні Лабы (Эльбы) у 8—12 ст. У сярэдзіне 10 ст. абкладзены данінай герм. імператарам Генрыхам І, але захавалі ўладу мясц. князёў і свае звычаі. Пры Атоне І увайшлі ў склад Герм. імперыі і сілай хрысціянізаваны; вызваліліся ў канцы 10 ст. Канчаткова землі бодрычаў заваяваў у час паходу на У герцаг Баварыі і Саксоніі Генрых Леў з роду Вельфаў, які ў 1170 стварыў тут Мекленбургскае герцагства. Гл. таксама Вендская дзяржава.

т. 3, с. 203

БОДЫБІ́ЛДЫНГ,

гл. Культурызм.

т. 3, с. 203

БО́ДЭ

(Bode) Вільгельм фон (10.12.1845, г. Кальфёрдэ, Германія — 1.3.1929),

нямецкі гісторык мастацтва, музейны дзеяч. Працаваў у Берлінскіх маст. музеях: дырэктар аддзела хрысц. скульптуры (1880) і галерэі жывапісу (1890), ген. дырэктар Дзярж. маст. збораў у Берліне (1905—20). Заснавальнік (1903) і дырэктар (1904—29) Кайзер-Фрыдрых музея ў Берліне (цяпер комплекс музея імя Бодэ). Даследаваў мастацтва італьян. Адраджэння, галандскага і фламандскага жывапісу («Рэмбрант», т. 1—8, 1897—1905), («Фларэнцінскія скульптары Рэнесансу», 1906—12, «Майстры галандскай і фламандскай школ», 1917, і інш.).

т. 3, с. 203

БО́ДЭНСКАЕ ВО́ЗЕРА

(Bodensee),

у Еўропе, на мяжы Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Размешчана на выш. 395 м. Пл. 538 км². Даўж. каля 63 км, шыр. 14 км, глыб. да 252 м. На ПнЗ разгаліноўваецца на 3 адасобленыя часткі (Іберлінгенскае, Ніжняе і Цэлерскае азёры). Запаўняе тэктанічную ўпадзіну, апрацаваную стараж. ледавіком. Берагі пераважна плоскія, узвышаныя, на ПдУ — высокія, скалістыя. Праз Бодэнскае возера цячэ р. Рэйн. Назіраюцца сейшы. Суднаходства, паромная пераправа. На берагах буйныя гарады і курорты: Констанц, Фрыдрыхсгафен, Ліндаў (Германія), Брэгенц (Аўстрыя). Запаведнікі.

т. 3, с. 204