Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУТЫРАЛЬДЭГІ́Д,

гл. Маслены альдэгід.

т. 3, с. 361

БУТЫРО́МЕТР

(ад грэч. butyron тлушч + ...метр),

прылада для вымярэння тлустасці малака.

т. 3, с. 361

БУ́ТЫЯ

(Boothia),

паўвостраў на крайняй Пн Паўн. Амерыкі, тэр. Канады. Паверхня — плато з асобнымі масівамі выш. да 573 м, якое абкружана прыбярэжнымі раўнінамі. Тундравая расліннасць. На Пн мыс Мерчысан — самы паўн. пункт мацерыка.

т. 3, с. 361

БУТЭ́ВІЧ Анатоль Іванавіч

(літ. псеўд. Валошка Максім; н. 15.6.1948, в. Баяры Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. дзярж. дзеяч, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена» (1975—80), інструктарам сектара маст. л-ры аддзела культуры, заг. сектара маст. л-ры, нам. заг. ідэалаг. аддзела ЦК КПБ (1980—86, 1987—90), дырэктарам выд-ва «Мастацкая літаратура» (1986—87). У 1990—92 старшыня Дзярж. к-та Беларусі па друку, міністр інфармацыі (1992—94), у 1994—96 міністр культуры і друку. З 1996 генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. Друкуецца з 1969. У апавяданнях і казках для дзяцей — веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне займальна і даступна гаварыць з чытачом, адчуванне нар. слова. Перакладае з польск. (С.Лем «Прыгоды Піркса», 1992; «Салярыс», 1994), рус. і ўкр. моў, з бел. на рус. мову (В.Гігевіч «Марсіянскае падарожжа», 1992). У перакладзе Бутэвіча ішлі п’есы на сцэне Бел. т-ра юнага гледача, Віцебскага лялечнага тэатра.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 361

БУ́ТЭНАНТ

(Butenandt) Адольф Фрыдрых (24.3.1903, г. Брэмергафен, Германія — 18.1.1995),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Баварскай і Гётынгенскай АН. Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН, акадэмій навук Аўстраліі і Францыі. Вучыўся ў Марбургскім (з 1921) і Гётынгенскім ун-тах. З 1931 у Гётынгенскім ун-це, з 1933 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Данцыгу (сучасны Гданьск, Польшча), з 1936 дырэктар Ін-та імя М.Планка (Берлін, Цюбінген, Мюнхен). Навук. працы па біяхіміі палавых гармонаў: упершыню вылучыў у чыстым стане і сінтэзаваў эстрон (жаночы палавы гармон, 1929), андрастэрон (1931, незалежна ад Л.Ружычкі), тэстастэрон (1939), прагестэрон (1934) і інш. Распрацаваў методыку атрымання картызону. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1968). Нобелеўская прэмія 1939 (разам з Ружычкам).

т. 3, с. 361

БУТЭ́НКА Раіса Рыгораўна

(н. 13.9.1920, г. Белы Цвярской вобл., Расія),

савецкі біёлаг і біяхімік. Чл.-кар. АН СССР (1974), правадз. чл. УАСГНІЛ (1988). Скончыла Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1943). З 1947 у Ін-це фізіялогіі раслін АН СССР. Навук. працы па культуры ізаляваных клетак і тканак раслін, у т. л. эксперым. морфагенезе і дыферэнцыроўцы. Даследаванні па дзеянні іанізавальнага выпрамянення на дзяленне і рост клетак, з’яве фотаперыядызму. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Тв.:

Культура изолированных тканей и физиология морфогенеза растений. М., 1964.

т. 3, с. 361

БУТЭ́НЫ,

бутылены, ненасычаныя вуглевадароды агульнай формулы C4H8. Існуюць 3 структурныя ізамеры: нармальны бутэн-1 (α-бутылен), CH2=CH—CH2—CH3; нармальны бутэн-2 (β-бутылен, псеўдабутылен), CH—CH=CH—CH3 (мае транс- і цыс-формы); ізабутэн (ізабутылен), (CH3)2C=CH2.

Бясколерныя газы з рэзкім, непрыемным пахам tкіп ад -6,90 °C да 3,72 °C. Добра раствараюцца ў многіх арган. растваральніках і вельмі дрэнна ў вадзе. Сумесі з паветрам (1,7—9% бутэны) выбухованебяспечныя. Маюць усе ўласцівасці алкенаў. У прам-сці вылучаюць з бутан-бутыленавай фракцыі газаў крэкінгу нафты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці бутадыену, бутылкаўчуку, ізаактану, замазак і інш. Бутэны раздражняюць слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 150 мг/м³.

т. 3, с. 361

БУТЭРЛА́К

(Peplis),

род кветкавых раслін сям. плакуновых. Вядомы 4 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і Паўд. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляецца бутэрлак партулакавы (Р. portula), вельмі рэдка чаргаваналісты (Р. alternifolia). Растуць на вільготных глеяватых або пясчаных мясцінах: лясных дарогах, грунтавых агаленнях, берагах рэк і поймавых лугах.

Аднагадовыя травяністая расліны з сакаўнымі, часта чырванаватымі, распасцёртымі ці ўзыходнымі сцёбламі даўж. 5—20 см. Лісце супраціўнае ці чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, непрыкметныя, белыя або бледна-ружовыя, адзіночныя, на кароткіх кветканосах ці амаль сядзячых ў пазухах лісця. Плод — шарападобная каробачка.

т. 3, с. 361

БУ́ФАЛА

(Ictiobus),

род рыб сям. чукучанавых атр. карпападобных. Пашыраны ў бас. рэк Місуры і Місісіпі (ЗША) і Саскачэван (Канада). Малькі 3 відаў: буфалы велікаротага (рыба-буйвал; І. cyprinellus), буфалы маларотага (І. bubalus) і буфалы чорнага (І. niger) завезены ў Краснадарскі край з ЗША (1971—72), выгадаваны іх матачны статак. На Беларусі эксперым. работы па вырошчванні буфала вядуцца з 1976 у рыбакамбінаце «Любань» (Мінская вобл.) і з 1979 у Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы (Брэсцкая вобл.). Буфала жыве пераважна ў вадаёмах з запаволеным цячэннем і ў стаячых вадаёмах.

Даўж. да 1,2 м, маса болей за 45 кг. Нагадваюць сазана. Спіна цёмна-карычневая, бакі светлыя, брушка жоўтае або белаватае, плаўнікі карычнева-шэрыя. Чародныя, цеплалюбівыя. Растуць Б. хутчэй за карпаў. Усёедныя. Перспектыўныя для рыбагадоўлі.

т. 3, с. 362

БУ́ФАЛА

(Buffalo),

горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў канцы 18 — пач. 19 ст. 323,4 тыс. ж., з прыгарадамі 1,19 млн. ж. (1992). Размешчаны каля ўсх. берага воз. Эры і вытоку р. Ніягара, на суднаходным канале, які злучае Вял. азёры праз р. Гудзон з Атлантычным ак. Порт на воз. Эры, даступны для марскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Міжнар. аэрапорт. Праз Буфала адбываецца значная ч. гандлю ЗША з Канадай. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Чорная металургія, металаапрацоўка. Разнастайнае машынабудаванне (вытв-сць цеплавога і інш. прамысл. абсталявання, станкоў, аўтамабільных дэталяў і вузлоў, авіяц. тэхнікі, электронных кампанентаў і сродкаў сувязі і інш.). Хім., цэлюлозна-папяровая, харч. (пераважна мукамольная і мясакансервавая) прам-сць. 2 ун-ты. Цэнтр ядзерных даследаванняў. Музей навукі. Маст. галерэя Олбрайт-Нокс. Каля Буфала — ГЭС на р. Ніягара.

т. 3, с. 362