БУ́ТЭНАНТ

(Butenandt) Адольф Фрыдрых (24.3.1903, г. Брэмергафен, Германія — 18.1.1995),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Баварскай і Гётынгенскай АН. Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН, акадэмій навук Аўстраліі і Францыі. Вучыўся ў Марбургскім (з 1921) і Гётынгенскім ун-тах. З 1931 у Гётынгенскім ун-це, з 1933 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Данцыгу (сучасны Гданьск, Польшча), з 1936 дырэктар Ін-та імя М.Планка (Берлін, Цюбінген, Мюнхен). Навук. працы па біяхіміі палавых гармонаў: упершыню вылучыў у чыстым стане і сінтэзаваў эстрон (жаночы палавы гармон, 1929), андрастэрон (1931, незалежна ад Л.Ружычкі), тэстастэрон (1939), прагестэрон (1934) і інш. Распрацаваў методыку атрымання картызону. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1968). Нобелеўская прэмія 1939 (разам з Ружычкам).

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)