БУЛГА́КАЎ Сяргей Мікалаевіч
(16.7.1871, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 13.7.1944),
рускі эканаміст, філосаф, багаслоў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896). Праф. палітэканоміі Кіеўскага політэхн. ін-та (1901—06) і Маскоўскага ун-та (1906—18). Дэпутат 2-й Дзярж. думы. У 1918 прыняў сан свяшчэнніка. З 1923 за мяжой. З 1925 праф. Багаслоўскага ін-та ў Парыжы. Напачатку далучыўся да марксізму, але хутка адышоў ад яго. Пра яго паварот ад марксізму да правасл. царквы сведчыла кніга «Ад марксізму да ідэалізму» (1903). Марксавай тэорыі рэалізацыі проціпастаўляў тэорыю прапарцыянальнага размеркавання прадукту, адмаўляў марксісцкую тэорыю рэнты, сцвярджаў непрыдатнасць тэорыі капіталізацыі ў адносінах да с.-г. вытв-сці Расіі. Разам з М.А.Бярдзяевым выдаваў (1905) часопіс рэліг.-філас. кірунку «Вопросы жизни», друкаваўся ў час. «Вехи» і «Путь». Быў адным з ідэйных кіраўнікоў рус. студэнцкага хрысц. руху. Успрыняўшы ад У.С.Салаўёва ідэю філасофіі ўсёадзінства, развіваў вучэнне пра Сафію Прамудрасці Божай як спрадвечна існай у Божай задуме сусв. душы. На яго думку, Сафія мае дваісты характар — нябесны, Божы, і чалавечы, таму чалавек, створаны па вобразе і падабенстве Божым, узнаўляе адзінства свету і паўнату вобраза Божага. Аўтар 2 трылогій: «Купіна Неапалімая», «Сябра Жаніха» (1927), «Лесвіца Іакава» (1929); «Ягня Божае» (1933), «Суцяшальнік» (1936), «Нявеста Ягняці» (1945).
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1993;
Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991;
Свет невечерний. М., 1994;
Тихие думы. М., 1996.
т. 3, с. 330
БУЛГАКО́ЎСКІ Дзмітрый Гаўрылавіч
(1845—1918?),
бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). У 1902 адмовіўся ад духоўнага сану. Працаваў настаўнікам рус. і царк.-слав. моў у Ваўкавыску. Друкаваў артыкулы, фальклорна-этнагр. творы ў газетах «Новое время», «Санкт-Петербургские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости» і інш. Аўтар прац «Беларускія песні. Валачобныя» (1868), «Практычны дапаможнік па наглядным засваенні рускага правапісу» (1873), «Гістарычны нарыс Ваўкавыска, павятовага горада Гродзенскай губерні» (1881) і інш. У 1890 выдаў фальклорна-этнагр. зборнік «Пінчукі», прысвечаны духоўнай культуры насельніцтва цэнтр. часткі Палесся (уключае песні, загадкі, прыказкі, прымаўкі, а таксама апісанні вераванняў, абрадаў і звычаяў). Аўтар рамана «Блізняты» (1903), аповесці «У баку ад жыцця» (1909; на аўтабіягр. матэрыяле).
А.І.Гурскі.
т. 3, с. 330
БУЛГА́НІН Мікалай Аляксандравіч
(11.6.1895, Ніжні Ноўгарад — 27.2.1975),
савецкі дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1947—58). З 1937 старшыня СНК РСФСР, з 1938 нам. старшыні СНК СССР. У Вял. Айч. вайну чл. ваен. саветаў шэрагу франтоў, з 1944 чл. Дзярж. к-та абароны і нам. наркома абароны; з 1947 нам. старшыні Савета Міністраў і адначасова ў 1947—49 міністр Узбр. Сіл, у 1953—55 міністр абароны СССР. У 1955—58 старшыня Савета Міністраў СССР. Чл. ЦК КПСС у 1934—61; чл. Палітбюро, Прэзідыума ЦК у 1948—58. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—62. За ўдзел у т.зв. «антыпартыйнай групе» (В.М.Молатаў, Л.М.Кагановіч, Г.М.Малянкоў і інш.) у 1958 выведзены са складу Прэзідыума ЦК КПСС і вызвалены ад абавязкаў старшыні СМ СССР.
т. 3, с. 330
БУЛГАРО́ЎСКІ Станіслаў
(1.5.1872—24.10.1935),
юрыст і грамадскі дзеяч. Скончыў 7 класаў Віленскай гімназіі і быў выключаны за ўдзел у стварэнні б-кі забароненай л-ры. У 1892 скончыў гімназію ў г. Коўна, паступіў на юрыд. ф-т Варшаўскага ун-та, з якога выключаны за ўдзел у паліт. руху. У 1892—94 у ссылцы ў г. Курск. Скончыў юрыд. ліцэй у Яраслаўлі. У 1896—1905 адвакат у Вільні, у 1905—15 працаваў у г. Друя, С.-Пецярбургу. З 1918 у Польшчы. У 1928 працаваў натарыусам у г. Лодзь (Польшча), у Вільні.
В.А.Гапоненка.
т. 3, с. 330
БУЛГА́РЫН Фадзей Венядзіктавіч
(5.7.1789, маёнтак Пырашава каля в. Пырашава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1859),
рускі журналіст, пісьменнік. Супрацоўнічаў у альманаху «Полярная звезда» А.А.Бястужава і К.Ф.Рылеева, сябраваў з А.С.Грыбаедавым. У 1825—59 (з 1831 разам з М.І.Грэчам) выдаваў газ. «Северная пчела», у 1825—39 час. «Сын отечества». Аўтар гіст. і дыдактычных раманаў, нораваапісальных нарысаў, тэатр. і літ. рэцэнзій, фельетонаў. Як літ. крытык выступаў супраць А.С.Пушкіна, М.В.Гогаля, В.Р.Бялінскага і рэаліст. кірунку ў л-ры (назваў яго «натуральнай школай»). У рамане «Іван Выжыгін» (1828), ва ўспамінах і некаторых нарысах адлюстраваў побыт беларусаў. Яркі сатыр. вобраз Булгарына створаны ў бел. ананімнай паэме «Тарас на Парнасе».
Літ.:
Богданович М. Булгарин в белорусской шуточной поэме // 36. тв. Мн., 1968. Т. 2;
Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 75—96.
Г.В.Кісялёў.
т. 3, с. 330
БУ́ЛДУРЫ
(Ігдвгкш),
кліматычны курорт у Латвіі, у складзе г. Юрмала. За 20 км ад Рыгі, на беразе Рыжскага заліва Балтыйскага м. Вызначаецца мяккім марскім кліматам, спрыяльнымі ўмовамі для летніх купанняў. Пясчаны пляж з невял. дзюнамі, хвойная расліннасць. Разам з кліматалячэннем практыкуюцца бальнеа- і фізіятэрапія. Санаторыі, у ліку якіх «Беларусь» (уласнасць Рэспублікі Беларусь), спецыялізуюцца на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і нерв. сістэм. Гасцініцы, пансіянаты, кемпінгі, турысцкія базы і інш.
т. 3, с. 330
БУЛЕ́
(ад грэч. bulē савет),
у старажытнагрэчаскіх полісах дзярж. савет, якому даручалася весці важнейшыя паліт. справы. Выбіраўся на вызначаны тэрмін. Найб. вядомы буле ў Афінах. Засн. ў 594 да н.э. Салонам і наз. Савет 400, пры Клісфене (509 да н.э.) — Савет 500, з 307 да н.э. — Савет 600. Члены буле падзяляліся на 10 камісій — прытаній, якія выконвалі абавязкі па чарзе. У гамераўскіх паэмах буле — савет радавой знаці пры басілеях.
т. 3, с. 330
БУ́ЛЕВА А́ЛГЕБРА,
апарат сімвалічнай логікі; сукупнасць аб’ектаў з аперацыямі алгебры логікі, якія падпарадкаваны пэўным аксіёмам. Прапанавана Дж.Булем для аналізу рэлейных схем. Знайшла дастасаванне ў тапалогіі, тэорыі імавернасцей і інш. раздзелах матэматыкі. У аксіёмах булева алгебры адлюстравана аналогія паміж паняццямі «мноства», «падзея», «выказванне». Асн. паняцці булева алгебры: логікавая (булева) функцыя, элементарная логікавая функцыя, функцыйна поўная сістэма логікавых функцый, мінімізацыя булевых функцый.
Логікавая функцыя n булевых аргументаў прымае значэнні 0 і 1, азначаецца праўдзіваснай табліцай або аналітычнай залежнасцю ад элементарных логікавых функцый. Вызначана 16 элементарных функцый: кан’юнкцыі (логікавае множанне; аперацыя «І»), дыз’юнкцыі (складанне; «АБО»), інверсіі (адмаўленне; «НЕ»), эквівалентнасці (тоеснасць), складання па модулі 2 (выключальнае «АБО») і інш. Функцыйна поўная сістэма логікавых функцый — сукупнасць функцый, дастатковая для выражэння логікавай функцыі любой складанасці, напр., аперацыя Пірса, аперацыя Шэфера. Мінімізацыя логікавых функцый праводзіцца з мэтай упарадкавання і спрашчэння складаных функцый з дапамогай аксіём булева алгебры, картаў Карно, метадаў Квайна і Мак-Класкі і інш.
Булева алгебра з’яўляецца логікавай асновай функцыянальнай арганізацыі лічбавых ЭВМ; элементарныя логікавыя функцыі рэалізаваны ў спец. інтэгральных мікрасхемах для ЭВМ.
Літ.:
Янсен Й. Курс цифровой электроники: Пер. с голланд.: В 4 т. Т. 1. М., 1987.
А.С.Кабайла.
т. 3, с. 330