Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БОГАЯЎЛЕ́НСКІ Іван Канстанцінавіч

(1869, Масква — 5.10.1930),

бел. матэматык. Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1894 выкладаў у ім і адначасова (1903—19) у Маскоўскім ін-це інжынераў транспарту. З 1920 у Горацкім с.-г. ін-це. Навук. працы па лікавым інтэграванні функцый, тэорыі імавернасцяў і матэм. статыстыцы, аналітычнай геаметрыі. Аўтар першых на Беларусі дапаможнікаў па матэматыцы для студэнтаў.

Тв.:

Введение в анализ и дифференциальное исчисление. Горки, 1931;

Аналітычная геаметрыя. Горкі, 1932.

А.А.Гусак.

т. 3, с. 202

БО́ГДАН Мікалай Уладзіміравіч

(н. 14.1.1943, пас. Верасава Архангельскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання, адзін з заснавальнікаў навук. школы гідрапнеўмааўтаматыкі на Беларусі. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1970). З 1972 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. даследаванні па распрацоўцы і канструяванні гідра- і пнеўмасістэм з электроннымі сродкамі кіравання для мабільных машын. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў «Трактары. Ч. 5. Асновы эксплуатацыі і рамонту» (1980), «Гідрапнеўмааўтаматыка і гідрапрывод мабільных машын. Аб’ёмныя гідра- і пнеўмамашыны і перадачы» (1987).

Тв.:

Тракторные поезда. М., 1982 (у сааўт.);

Применение микропроцессорной техники в автотракторостроении. Мн., 1987 (у сааўт.).

т. 3, с. 202

БО́ГДАН Фёдар Емяльянавіч

(н. 28.3.1939, в. Кацельня-Баярская Брэсцкага р-на),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Украіны (1979). Скончыў Львоўскую кансерваторыю імя М.Лысенкі (1966). З 1966 саліст ансамбляў песні і танца «Данбас» ваенна-паветраных сіл Групы сав. войскаў у Германіі, Чарнаморскага флоту. З 1990 саліст Брэсцкай абл. філармоніі. У рэпертуары арыі з опер кампазітараў-класікаў, класічныя рамансы, песні сучасных аўтараў, апрацоўкі бел., рус., укр. нар. песень.

А.А.Мартыненка.

т. 3, с. 202

БО́ГІНА,

вёска ў Беларусі, у Далёцкім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 35 км на ПдЗ ад Браслава, 273 км ад Віцебска, 67 км ад чыг. ст. Друя. 387 ж., 153 двары (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — курганны могільнік 8—11 ст.

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1514 як уладанне роду Геталтаў. Пазней належала Кімбарам, Бенетам, Цеханавецкім, Манузі, Плятэрам. У 1738 у Богіне 5 гаспадарак, 10 валок зямлі. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не Вілейскай, з 1944 — Полацкай, з 1954 — Маладзечанскай абл.

т. 3, с. 202

БО́ГІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Богіна, у Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 28 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 13,2 км², даўж. 9,1 км, найб. шыр. 2,9 км, найб. глыб. 15 м, даўж. берагавой лініі 32,2 км. Пл. вадазабору 914 км².

Схілы катлавіны выш. да 6 м, пераважна спадзістыя, паўн. выш. да 12 м, стромкія, месцамі разараныя. Да ўсх. берага прылягае маляўнічы лясны масіў Бяльмонт. Берагі нізкія, пясчаныя, паўд. і паўд.-зах. забалочаныя; паўн.-зах. і паўн. зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе да глыб. 2 м пясчанае і пясчана-жвіровае, глыбей — сапрапель і глей. 8 астравоў агульнай пл. 32,5 га, 2 з іх (Гарадзішча і Церанцейка) — помнікі прыроды. Каля берагоў і астравоў зарастае аерам, хвашчом, трыснягом, чаротам, гарлачыкамі. Праз возера цячэ р. Дрысвята, пры яе ўпадзенні пабудавана ГЭС. На ўсх. беразе сажалкавая гаспадарка па развядзенні малявак сазана, карпа, белага амура, таўсталобіка. Месца адпачынку і турызму. На сажалках каля в. Чарніцы адзначана гнездаванне рэдкай для Беларусі птушкі — паганкі малой, занесенай у Чырв. Кнігу.

т. 3, с. 202

БО́ГНАР-РЫ́ДЖЫС

(Bognor Regis),

прыморскі кліматычны курорт у Вялікабрытаніі. За 40 км на З ад г. Брайтан, на У ад г. Портсмут, на беразе Ла-Манша. Асн. спрыяльныя для адпачынку і лячэння фактары — мяккі марскі клімат, цёплае мора; выкарыстоўваюць для аэрагелія- і таласатэрапіі пры неспецыфічных хваробах дыхання.

т. 3, с. 202

БО́ГУШ Аляксандр Аляксандравіч

(н. 18.2.1931, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі, ветсанэксперт. Д-р вет. н. (1983), праф. (1991). Брат Андрэя А.Богуша. Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1953). З 1960 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. і зоагігіенічным забеспячэнні жывёлагадоўлі, вет.-сан. экспертызе.

Тв.:

Борьба с мышевидными грызунами в животноводческих помещениях. Мн., 1974;

Паразитозы мышц свиней и меры их профилактики. Мн., 1976;

Мясо, его переработка и хранение. Мн., 1995.

т. 3, с. 202

БО́ГУШ Андрэй Аляксандравіч

(н. 11.7.1925, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р фіз.-матэм. н. (1975), праф. (1983). Скончыў БДУ. З 1957 у Ін-це фізікі АН Беларусі, адначасова з 1961 выкладае ў БДУ. Навук. працы па тэорыі элементарных часціц, фізіцы высокіх энергій і матэм. фізіцы. Распрацаваў агульную методыку канечных пераўтварэнняў геам., дынамічнай і квантавай сіметрыі, метад абагульненых сімвалаў Кронекера. Сфармуляваў паслядоўную класічную палявую тэорыю электраслабых узаемадзеянняў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Уводзіны ў калібровачную палявую тэорыю электраслабых узаемадзеянняў» (1987) і «Нарысы па гісторыі фізікі мікрасвету» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Введение в теорию классических полей. Мн., 1968 (разам з Л.Р.Марозам);

Введение в полевую теорию элементарных частиц. Мн., 1981.

т. 3, с. 202

БО́ГУШ Францішак Ксаверый Міхал

(1.1.1746, Вількамірскі пав. Віленскага ваяв. — 4.4.1820),

філосаф, гісторык, тэолаг, пісьменнік ВКЛ. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. У якасці хатняга настаўніка быў з графам А.Тызенгаўзам у Германіі, Францыі, Італіі. Пасля адстаўкі Тызенгаўза (1780) жыў у Вільні, займаўся навук. дзейнасцю. Удзельнік Барскай канфедэрацыі, паўстання Т.Касцюшкі 1794, за што быў інтэрніраваны ў Смаленск. Апошнія гады жыў і працаваў у Варшаве. Удзельнічаў у рабоце Т-ва аматараў навукі, быў цэнзарам. Ганаровы чл. шматлікіх еўрап. навук. т-ваў. Аўтар твораў «Філосаф без рэлігіі» (1785), «Пра пачатак народа і мовы літоўскай» (1808), «Успаміны пра Антонія Тызенгаўза» (1820) і інш.

т. 3, с. 203

БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ Станіслаў Іванавіч

(3.9.1731, в. Занкі Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.12.1826),

бел. вучоны, рымска-каталіцкі царк. дзеяч, літаратар. Дзядзька В.Дуніна-Марцінкевіча. Скончыў Варшаўскую школу піяраў (1763), настаяцель у Гомелі і Бабруйску, канонік і біскуп-суфраган у Вільні, З 1773 біскуп Бел. біскупства (цэнтр у Магілёве), з 1782 магілёўскі арцыбіскуп. Мітрапаліт рымска-каталіцкай царквы Рас. імперыі (1798—1826). З 1801 жыў у Пецярбургу, выбіраўся чл. Расійскай АН і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Заснаваў у Магілёве друкарню, у ёй выдаваў і свае творы. Аўтар твораў па гісторыі, філалогіі: «Аб Заходняй Расіі» (Магілёў, 1793; разглядае пытанне пра паходжанне беларусаў, украінцаў і рускіх), «Гісторыя Таўрыды» (т. 1—2, Браўншвейг, 1800; рус. пер. СПб., 1806), «Гісторыя сарматаў і славян» (т. 1—4. СПб., 1812), «Граматыка літоўская» (бел. мовы; не выдадзена). Выдаў і паставіў у Магілёве сваю вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783). Пісаў вершы, казанні і інш. дыдактычныя творы.

т. 3, с. 203