Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІЯНАВІГА́ЦЫЯ

(ад бія... + навігацыя),

здольнасць жывёл выбіраць напрамак руху пры рэгулярных сезонных міграцыях (на зімоўкі або да месцаў размнажэння) і пры знаходжанні свайго месцажыхарства (хомінг). Забяспечваецца здольнасцю жывёл да арыентацыі ў навакольнай прасторы з дапамогай органаў пачуццяў і інстынктаў (значэнне інстынктаў асабліва вялікае, калі міграцыі жывёл адбываюцца ўпершыню). Здольнасць да біянавігацыі ўласціва птушкам, рыбам, млекакормячым, якія ажыццяўляюць далёкія сезонныя міграцыі (напр., паўн. аленям, марскім коцікам, кітам, пералётным птушкам), некаторым паўзунам (напр., марскім чарапахам) і інш. Спосабы біянавігацыі розныя: сонечная або зоркавая арыентацыя, навігацыя па наземных арыенцірах, магнітным полі Зямлі і інш.

т. 3, с. 176

БІЯНЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

неарганічная біяхімія, галіна біяхіміі, што вывучае комплексы іонаў металаў з бялкамі, нуклеінавымі к-тамі, ліпідамі і нізкамалекулярнымі прыроднымі злучэннямі; даследуе ролю іонаў металаў у выкананні біял. функцый прыродных металакомплексаў. Пераважна даследуюцца іоны Na​+, K​+, Ca​2+, Mg​2+, Mn​2+, Fe​2+, Fe​3+, Cu​2+, Co​2+, Mo​2 і Zn​2+, якія ёсць у малекулах біялагічна актыўных рэчываў, напр. сідэхромы, іанафоры (хелатавальныя агенты шчолачных металаў), ферыцін, трансферыны, цэрулаплазмін, гемэрытрын, гемацыянін, металаферменты, карбаксіпептыдаза A, карбаангідраза, медзьзмяшчальныя аксідазы, ферадаксіны, гемы, гемаглабін і міяглабін, цытахромы, перакеідазы і каталазы, хларафіл, карыноіды, комплексы нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых к-т, вітаміну B6 і інш.

Склалася на мяжы біяхіміі і неарган. хіміі. Выкарыстоўвае метады хіміі каардынацыйных злучэнняў і квантавай хіміі. У б. СССР фундамент біянеарганічнай хіміі заклалі працы М.Я.Вольпіна, М.У.Валькенштэйна, А.Я.Шылава, К.Б.Яцымірскага і інш., далейшае развіццё атрымала ў працах па мадэляванні азотфіксавальных ферментных сістэм з выкарыстаннем комплексаў малібдэну (А.Я.Шылаў), іанафораў (Ю.А.Аўчыннікаў, В.Ц.Іваноў) і інш.

На Беларусі працы па біянеарганічнай хіміі праводзяцца пераважна ў Ін-це біяарган. хіміі АН. Вывучаны цытахромы P-450 і інш. гемазмяшчальныя ферментныя сістэмы (Дз.І.Мяцеліца, С.А.Усанаў, В.Л.Чашчын), змадэляваны акісляльна-аднаўляльныя ферменты (цытахромы P-450, пераксідазы, каталазы) з выкарыстаннем іонаў і комплексаў жалеза, медзі і малібдэну (Мяцеліца). Вынікі даследаванняў біянеарганічнай хіміі выкарыстоўваюцца для сінтэзу фармакалагічных прэпаратаў.

Літ.:

Хьюз М. Неорганическая химия биологических процессов: Пер. с англ. М., 1983;

Метелица Д.И. Моделирование окислительно-восстановительных ферментов. Мн., 1984.

Дз.І.Мяцеліца.

т. 3, с. 176

БІЯ́НКІ Віталь Валянцінавіч

(11.2.1894, С.-Пецярбург — 10.6.1959),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Петраградскім ун-це. Аўтар навук.-мастацкіх кніг для дзяцей пра прыроду, яе таямніцы, жыццё звяроў і птушак: «Лясная газета на кожны год» (1928, 11-е выд. 1969), «Краіна звяроў» (1935), «Нашы птушкі» (1938, выд. 1967) і інш., зб-каў апавяданняў «Заечыя хітрыкі» (1941), «Кулець» і іншыя апавяданні» (1953), «Выпадковыя сустрэчы» (1947), «Птушкі свету» (1960), а таксама аповесцяў і казак. Творы Біянкі на бел. мову перакладалі З.Верас, К.Кірэенка, С.Міхальчук, М.Цэлеш, А.Чаркасаў, А.Якімовіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1972—75.

Літ.:

Гроденский Г. Виталий Бианки. 2 изд. М., 1966.

т. 3, с. 176

БІЯПА́ЛІВА,

біялагічнае паліва, 1) біямаса, здольная пры згаранні даваць энергію (драўніна, торф, водарасці і інш.).

2) Арганічныя адкіды (гной, смецце, памёт, драўнянае пілавінне і інш.), якія выдзяляюць у працэсе распаду цяпло. Біяпаліва шырока выкарыстоўваюць для абагравання цяпліц, парнікоў і ахаванага грунту. Пры распаданні біяпаліва вылучаюцца вуглякіслы газ, аміяк і вада, якія спрыяюць росту і развіццю раслін.

т. 3, с. 176

БІЯПАЛІМЕ́РЫ,

прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія з’яўляюцца структурнай асновай усіх жывых арганізмаў. Забяспечваюць іх нармальную жыццядзейнасць, выконваюць розныя біял. функцыі. Да асноўных біяпалімераў належаць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды. Існуюць таксама змешаныя біяпалімеры: ліпапратэіды (комплексы бялкоў і ліпідаў), глікапратэіны (злучэнні, у якіх аліга- ці поліцукрыдныя ланцугі звязаны з пептыднымі), ліпаполіцукрыды.

т. 3, с. 176

БІЯПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ,

гл. Біяэлектрычныя патэнцыялы.

т. 3, с. 176

БІЯПАШКО́ДЖАННЕ,

непажаданае змяненне ўласцівасцяў і якасцяў прамысл. матэрыялаў, вырабаў, збудаванняў, кармавых і харч. прадуктаў і г.д. пад уздзеяннем жывых арганізмаў. Напр., парушэнне драўніны грыбкамі і насякомымі, плесненне прадуктаў, тканіны, паперы, парушэнне цаглянай або бетоннай муроўкі каранямі раслін, падводных частак караблёў, збудаванняў пры іх абрастанні і г.д. Часам у паняцце «біяпашкоджанне» ўключаюцца праявы парушэнняў структуры біягеацэнозаў пад уздзеяннем біягенных фактараў.

т. 3, с. 176

БІЯПО́ЛЕ,

электрамагнітнае поле, якое ствараецца жывым арганізмам і мае здольнасць уздзейнічаць на інш. жывыя істоты і прадметы. Жывыя істоты (іх клеткі, тканкі і інш.) узаемадзейнічаюць з эл.-магн. палямі Зямлі. Узаемадзеянне гэтых палёў вывучаецца; відавочна іх вял. роля ў жыцці прыроды, але навук. яе абгрунтаванне застаецца пакуль на ўзроўні гіпотэз і меркаванняў. Паняццем «біяполе» без пранікнення ў сутнасць з’явы часта карыстаюцца прадстаўнікі экстрасенсорыкі, парапсіхалогіі, тлумачальнікі палтэргейста.

т. 3, с. 176

БІЯПРЭПАРА́ТЫ

(ад бія... + лац. praeparatus прыгатаваны),

біялагічныя прэпараты, рэчывы і прэпараты мікробнага, расліннага і жывёльнага паходжання, якія характарызуюцца высокай біял. актыўнасцю. Вял. пашырэнне атрымалі з сярэдзіны 1970-х г. у сувязі з развіццём геннай і клетачнай інжынерыі. Да біяпрэпаратаў адносяць большасць прадуктаў мікрабіял. сінтэзу (бялкова-вітамінныя дамешкі, антыбіётыкі, гармоны, монакланальныя антыцелы, інтэрферон і інш.), а таксама біял. сродкі барацьбы са шкоднікамі сельскай гаспадаркі, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты з лек. раслін, плацэнты жывёл і інш. Выкарыстоўваюцца пры лячэнні інфекц. хвароб і як біястымулятары.

т. 3, с. 176

БІЯПСІ́Я

(ад бія... + грэч. opsis разгляданне),

дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).

т. 3, с. 176