БІЯПСІ́Я

(ад бія... + грэч. opsis разгляданне),

дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)