БУГАЁЎ Яўген Іосіфавіч
(н. 11.12.1912, в. Красова Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, публіцыст. Д-р гіст. н. (1971). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры імя М.Г.Чарнышэўскага (1940). З 1942 у апараце ЦК ВКП(б). З 1944 сакратар Гомельскага абкома, 1-ы сакратар Мінскага абкома і гаркома КП(б)Б, сакратар Омскага абкома ВКП(б). З 1954 у час. «Партийная жизнь», «Проблемы мира и социализма», гал. рэдактар час. «Вопросы истории КПСС» (1960—61), «Партийная жизнь» (1961—66), нам. гал. рэдактара час. «Коммунист» (1966—86). Адначасова з 1943 выкладаў у ВНУ. У 1972—87 праф. Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51, яго старшыня ў 1948—50. Аўтар прац па гісторыі КПСС і КПБ. Упершыню ўвёў у гіст. навуку невядомыя раней дакументы з архіва ЦК КПСС пра ўтварэнне БССР і КПБ.
У.М.Міхнюк.
т. 3, с. 305
БУГАІ́
(Botaurus),
птушкі сямейства чаплевых атр. буслападобных. Каля 20 відаў. Насяляюць усе кантыненты, акрамя Антарктыды. На Беларусі трапляюцца бугай вялікі (В. stellaris) і бугай малы (Ixobrychus minutus), занесеныя ў Чырв. кнігу. Бугай тыгровы (Tigrisoma fasciatum), які жыве ў Бразіліі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 32—80 см, маса 0,13—1,7 кг. Дзюба доўгая, роўная, вострая, ногі доўгія, апярэнне вохрыстае з цёмнымі плямкамі. Спосаб жыцця скрытны, пераважна начны. Гняздуюцца асобнымі парамі на забалочаных берагах азёраў, сажалак, рачных заліваў, у плаўнях, зарасніках чароту, трыснягу, асакі, лазняку. Гнёзды на купінах або невысока над вадой на сцёблах раслін. Нясуць 3—9 яец. Гучныя крыкі самцоў бугая вялікага ў гнездавы перыяд нагадваюць рыканне бугая (нар. назвы: вадзяны бык, бухала, бугай, гібейла). Нар. назвы бугая малога — малы бугайчык, ваўчок, лазнюга, малы гібялюйчык. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, воднымі беспазваночнымі, птушанятамі і інш. дробнымі жывёламі.
т. 3, с. 305
БУГА́Й,
самец-вытворнік буйн. раг. жывёлы; бык. Пры адборы на племя лепшых бугаёў улічваюць выяўленасць іх пародных якасцей, стан здароўя, узровень палавой актыўнасці, якасць атрымліваемага патомства. Палавая спеласць у бугаёў настае ў 6—8 месяцаў. У злучку бугаёў скараспелых парод пускаюць у 14—16 месяцаў, познаспелых у 16—18 месяцаў. Тэрмін выкарыстання ў гаспадарцы — 6—8 гадоў (часам 12—14 гадоў). Бугаёў, не прыдатных на племя, кастрыруюць і адкормліваюць на мяса.
т. 3, с. 305
БУ́ГА-ДНЯСТРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі неаліту, якія ў 6—4-м тыс. да н.э. насялялі парэчча Паўд. Буга і Днястра. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, часткова жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло на невял. неўмацаваных паселішчах у наземных жытлах (пл. 12—36 м²). Асн. формы керамікі — вастрадонныя гаршкі, міскі, бомбападобныя пасудзіны з наляпнымі валікамі, арнаментаваныя «шышачкамі», пальцавымі зашчыпамі, хвалістымі стужачнымі кампазіцыямі, на познім этапе — грабеньчатым штампам. На думку даследчыкаў, Буга-Дняпроўская культура — адзін з этапаў фарміравання трыпольскай культуры.
т. 3, с. 304
БУГЕНВІ́ЛЬ
(Bougainville) Луі Антуан дэ (11.11.1729, Парыж — 31.8.1811),
французскі мараплавец. У 1763—65 даследаваў Фалклендскія а-вы. У 1766—69 на караблях «Будзёз» і «Этуаль» узначаліў 1-ю франц. кругасветную экспедыцыю, у час якой адкрыў (1768) у Ціхім ак. некалькі астравоў у архіпелагах Туамоту і Луізіяда. Паўторна адкрыў Саламонавы а-вы, да якіх даплыў у 1568 іспанец А.Менданья дэ Нейра (з таго часу іх не ўдавалася выявіць). Сваё плаванне апісаў у кнізе «Кругасветнае падарожжа» на фрэгаце «Будзёз» і транспарце «Этуаль» у 1766—69 гадах» (1771). Яго імем названы в-аў Бугенвіль у групе Саламонавых а-воў і расліна бугенвілея.
т. 3, с. 305
БУГЕНВІ́ЛЬ
(Bougainville),
вулканічны востраў у Ціхім ак., самы вял. ў групе Саламонавых астравоў. Уваходзіць у склад дзяржавы Папуа-Новая Гвінея. Пл. 10 тыс. км². Выш. да 3123 м (вулкан Балбі). Вільготныя трапічныя лясы. Радовішчы медзі (адно з буйнейшых у свеце) і волава. Здабыча золата. Лесанарыхтоўкі. Вырошчванне какосавай пальмы, бананаў. Гал. горад — Кіета. Названы ў гонар франц. мараплаўца Я.А.Бугенвіля.
т. 3, с. 305
БУГЕНВІ́ЛЬСКІ ЖО́ЛАБ,
глыбакаводны жолаб у паўд.-ўсх. ч. Ціхага ак., на Пд ад в-ва Бугенвіль. Працягласць каля 500 км, сярэдняя шыр. 50 км, найб. глыб. 9140 м. У паўн. ч. злучаецца з Новабрытанскім жолабам.
т. 3, с. 305
БУГЕ́Р,
Буге (Bouguer) П’ер (10.2.1698, г. Ле-Круазік, Францыя — 15.8.1758), французскі фізік, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Парыжскай АН (1731). Навук. працы па астраноміі, геадэзіі, гідраграфіі, гравіметрыі, оптыцы і інш. Устанавіў паняцце колькасці святла, сфармуляваў асн. палажэнні візуальнай фотаметрыі, сканструяваў фатометр і распрацаваў спосабы вымярэння яркасці святла. У 1729 устанавіў закон аслаблення інтэнсіўнасці святла ў паглынальных асяроддзях (гл. Бугера—Ламберта—Бэра закон). Адзін з кіраўнікоў экспедыцыі (1735—43) па правядзенні градусных вымярэнняў у Перу для вызначэння формы Зямлі.
Тв.:
Рус. пер. — Оптический трактат о градации света. (М.), 1950.
т. 3, с. 305
БУГЕ́РА—ЛА́МБЕРТА—БЭ́РА ЗАКО́Н,
вызначае паступовае аслабленне паралельнага монахраматычнага пучка святла пры распаўсюджванні яго ў паглынальным асяроддзі. Выражаецца формулай
, дзе I — інтэнсіўнасць пучка святла, што прайшоў праз слой рэчыва таўшчынёй d, I0 — інтэнсіўнасць уваходнага пучка, μ — паказчык паглынання святла, які залежыць ад частаты святла, хім. прыроды і стану рэчыва. Для разбаўленага раствору паглынальнага рэчыва ў непаглынальным растваральніку μ = χC, дзе χ — паказчык паглынання святла на адзінку канцэнтрацыі C паглынальнага рэчыва ў растворы. Адкрыты ў 1729 П.Бугерам, падрабязна разгледжаны ням. вучоным І.Г.Ламбертам у 1760 і доследна правераны для раствораў ням. вучоным А.Бэрам у 1852.
т. 3, с. 305