Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́ЛЬЦМАНА ПАСТАЯ́ННАЯ,

адна з асноўных фіз. пастаянных, роўная адносінам універсальнай газавай пастаяннай да Авагадра пастаяннай. Пазначаецца k. Названа ў гонар Л.Больцмана. Прымяняюць пры матэм. апісанні заканамернасцяў малекулярнай фізікі і тэрмадынамікі (ураўненне стану ідэальнага газу, выраз для сярэдняй энергіі цеплавога руху малекул і інш.). Прынятае значэнне Больцмана пастаяннай k = 1,380658(12)·10​-23 Дж/К.

т. 3, с. 210

БО́ЛЬЦМАНА ПРЫ́НЦЫП,

фізічны прынцып, які ўстанаўлівае сувязь паміж энтрапіяй сістэмы і яе імавернасцю тэрмадынамічнай. ПаводлеБольцмана прынцыпц S = k lnW, дзе S — энтрапія і W — тэрмадынамічная імавернасць сістэмы, k — Больцмана пастаянная. Устаноўлены Л.Больцманам у 1872. На аснове Больцмана прынцыпу тлумачыцца стат. характар другога закону тэрмадынамікі: рэальныя працэсы пераводзяць тэрмадынамічную сістэму ў раўнаважны (найб. імаверны) стан, для якога значэнні S і W максімальныя.

т. 3, с. 210

БО́ЛЬЦМАНА СТАТЫ́СТЫКА,

раздзел статыстычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці сістэм неўзаемадзейных часціц (электронаў, атамаў, малекул), што рухаюцца паводле законаў класічнай механікі.

Распрацавана ў 2-й пал. 19 ст. Дж.К.Максвелам і Л.Больцманам. Ва ўмовах цеплавой раўнавагі стан ідэальнага газу апісваецца функцыяй размеркавання f = Cexp(-E/kT), дзе C — нарміровачная канстанта, E — поўная мех. энергія (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергія часціцы), k — Больцмана пастаянная, T — абс. тэмпература. Функцыя f наз. размеркаваннем Максвела—Больцмана, з якога вынікае закон раўнамернага размеркавання кінетычнай энергіі па ступенях свабоды малекул: на кожную ступень свабоды прыпадае ў сярэднім энергія 1/2 kT. Больцмана статыстыкай карыстаюцца ў тых выпадках, калі квантавыя эфекты ў руху часціц можна не ўлічваць. Крытэрый яе дастасавальнасці (2ΠmkT)​3/2/nh>1, дзе m — маса часціцы, n — канцэнтрацыя часціц, h — Планка пастаянная. Гэты крытэрый практычна выконваецца для малекул звычайных газаў і электронаў праводнасці ў паўправадніках. Для мікрачасціц Больцмана статыстыка недакладная і заменьваецца статыстыкай Бозе—Эйнштэйна або Фермі—Дзірака (гл. Квантавая статыстыка).

Больцмана статыстыка шырока карыстаецца ў кінетычнай тэорыі газаў, фізіцы паўправаднікоў, фізіцы плазмы, тэорыі эл. і магн. з’яў у рэчыве і інш. галінах фізікі.

В.І.Кузьміч.

т. 3, с. 210

БО́ЛЬЯЙ,

Бояй (Bolyai) Янаш (15.12.1802, г. Клуж-Напока, Румынія — 27.1.1860), венгерскі матэматык, адзін са стваральнікаў нееўклідавай геаметрыі. Калі быў студэнтам Ваенна-інж. акадэміі ў Вене, займаўся доказам пастулата аб паралельных лініях. У 1832 выдаў «Апендыкс» як дадатак да 1-га т. падручніка матэматыкі свайго бацькі Ф.Больяй.

т. 3, с. 210

БО́ЛЮЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ракітаўка, за 32 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,35 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 3,75 км. Пл. вадазбору 1,5 км². Схілы катлавіны выш. да 13—25 м, пад с.-г. ўгоддзямі. Берагі нізкія, пясчаныя, зах. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно глеістае.

т. 3, с. 210