Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ Станіслаў Станіслававіч

(1869, Вільня — 1927),

бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—94). Шмат падарожнічаў па Беларусі і Літве. У жанравых творах адлюстроўваў побыт бел. і літоўскіх сялян і гараджан, высмейваў норавы мяшчан. Аўтар карцін «Баль у Мінску», «Прачкі», графічных лістоў «У мястэчку», «Злоўлены жывым», «Праца ў фальварку», «Цыганы» і інш., анімалістычных малюнкаў («Стаеннік», «Бегавы конь» і інш.), іл. да апавядання Э.Ажэшкі «Гэдалі» (1907). Удзельнік выставак Пецярбургскага т-ва мастакоў (1890—1900) і мастацкіх у Мінску (1911).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

т. 3, с. 203

БО́ГХЕД

(ад назвы паселішча Богхед у Шатландыі),

разнавіднасць выкапнёвых вуглёў (сапрапелітаў). Колер ад аліўкавага да бура-чорнага. Шчыльны, тонказярністы. Злом ракавісты. Мае вадароду 8—12%, лятучых рэчываў 75—90%; выхад першаснага дзёгцю да 50%. Цеплыня згарання гаручай масы 33,5—37,7 МДж/кг. Трапляецца лінзамі і праслоямі ў пластах гумусавых вуглёў. Каштоўная сыравіна для атрымання вадкага паліва, змазачных рэчываў, смалы, свабоднай ад фенолаў і асфальтэнаў і інш.

т. 3, с. 203

БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св. Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл. гл. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;

Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.

Н.В.Федасеенка.

т. 3, с. 203