Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДРЫЯНО́ПАЛЬ,

грэчаская назва горада Эдырне ў Турцыі.

т. 1, с. 137

АДРЫЯНО́ПАЛЬСКАЯ БІ́ТВА 378.

Адбылася 9 жн. ў раёне Адрыянопаля (сучасны Эдырне, Турцыя) паміж войскамі рымскага імператара Валента і вестготамі на чале з Фрытхігернам, да якіх далучыліся рабы і калоны. У баі загінула амаль уся рым. армія і імператар. Пасля паражэння ў армію пачалі вербавацца атрады федэратаў, што значна аслабіла Рым. імперыю і наблізіла яе распад.

т. 1, с. 137

АДРЫЯНО́ПАЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1829.

Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 14 вер. ў г. Адрыянопаль (цяпер Эдырне, Турцыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29 (гл. ў арт. Руска-турэцкія войны). Да Расіі адышлі вусце Дуная з астравамі і шэраг крэпасцяў на ўсх. беразе Чорнага м. Турцыя прызнала далучэнне да Расіі Грузіі, Імерэтыі, Мегрэліі, аўтаномію Малдавіі, Валахіі, Сербіі і права Грэцыі на ўнутр. аўтаномію. Басфор і Дарданелы абвяшчаліся адкрытымі пралівамі.

т. 1, с. 137

АДРЫЯТЫ́ЧНАЕ МО́РА

(італьян. Mare Adriatico),

паўзамкнёнае мора, частка Міжземнага мора, паміж Апенінскім і Балканскім п-авамі. Злучаецца з Іанічным м. пралівам Отранта (шыр. да 75 км). Абмывае берагі Італіі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Югаславіі, Албаніі. Пл. 114 тыс. км². Найб. глыб. 1230 м. Усх. берагі гарыстыя, зах. нізінныя, месцамі лагунныя. Буйнейшыя залівы: Венецыянскі, Трыесцкі, Манфрэдонія. Каля ўсх. ўзбярэжжа Далмацінскія а-вы. Тэмпература вады на паверхні ў лютым 7—13 °C, у жн. 24—26 °C. Салёнасць 35—38‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1,2 м). Развіта рыбалоўства (сардзіны, скумбрыевыя). На шэльфе здабываюць нафту і газ. Галоўныя парты: Трыест, Венецыя (Італія), Рыека, Спліт, Дубраўнік (Харватыя), Дурэс, Влёра (Албанія). На ўзбярэжжы шмат курортаў.

т. 1, с. 137

АДРЭ́ЗАК,

сегмент (матэм.), мноства лікаў або пунктаў на прамой, размешчаных паміж двума лікамі або пунктамі A і B, разам з пунктамі A і B. Каардынаты адрэзка задавальняюць умовам a ≤ х ≤ b (a і b — каардынаты канцоў адрэзка).

т. 1, с. 137

АДРЭ́ЗКІ,

у Рас. імперыі землі, адрэзаныя ад сял. надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861. Памяншэнне сял. надзелаў адбывалася, калі надзел быў большы за вышэйшую норму або калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за трэць (у стэпавай паласе менш за палову) прыдатных зямель. Адрэзкі рабіліся і пры атрыманні сялянамі т.зв. даравальнага надзелу. Адрэзаныя землі былі жыццёва неабходныя сялянам (ворыва, паша, лугі і інш.). Гэта давала магчымасць памешчыкам здаваць сялянам адрэзкі ў арэнду на кабальных умовах.

На Беларусі, паводле ўстаўных грамат, на б.ч. тэр. Магілёўскай губ. адрэзкі склалі 12,7%, у Гродзенскай губ. — 9,8%, у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага пав., паводле заніжаных звестак) — 2% надзельных зямель. У склад надзелаў не ўключаліся т.зв. прыёмныя землі, што знаходзіліся ў часовым карыстанні сялян, іх пазбавілі і сервітутаў. У час паўстання 1863—64 царызм пайшоў на некат. ўступкі (вернуты частка адрэзаных зямель і права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі, на 20% паменшаны выкупныя плацяжы і інш.), але гэта не змяніла грабежніцкага характару рэформы.

В.П.Панюціч.

т. 1, с. 137

АДРЭНАКАРТЫКАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н,

картыкатрапін (АКТГ), гармон пярэдняй долі гіпофіза, які стымулюе функцыю кары наднырачнікаў (выпрацоўку картызону). Поліпептыд складаецца з 39 рэшткаў амінакіслот. Выдзяленне АКТГ рэгулюецца гармонам гіпаталамуса кортыкаліберынам. На яго сакрэцыю ўплываюць антыдыурэтычны гармон, катэхаламіны, вазаактыўны інтэрстынальны пептыд, картызол, ангіятэнзін. Пры дзеянні АКТГ на кару наднырачнікаў стымулюецца яе рост, паскараецца сінтэз бялку і РНК, павялічваецца сінтэз і сакрэцыя стэроідаў наднырачнікаў, што паскарае пераўтварэнне халестэролу ў прэгненалон. АКТГ у вял. колькасці можа выклікаць актывацыю ліпазы і ўзмацненне ліполізу, стымуляваць сакрэцыю інсуліну падстраўнікавай залозай. Прэпараты АКТГ атрымліваюць з гіпофіза свіней, авечак; выкарыстоўваюць як лек сродкі пры захворванні сістэмы крыві, рэўматоідным артрыце, падагры, розных алергічных хваробах і інш.

т. 1, с. 137

АДРЭНАЛІ́Н,

гармон мазгавога слоя наднырачнікаў. Вылучаны з наднырачнікаў жывёл у 1985. Крыніцай утварэння адрэналіну ў арганізме з’яўляюцца амінакіслоты тыразін і фенілаланін. Стымулюе работу сэрца, звужае крывяносныя сасуды, павышае крывяны ціск, расслабляе мускулатуру бронхаў і страўніка, расшырае зрэнкі, павышае бялковы, вугляводны і тлушчавы абмен. Прымяняецца пры вострым зніжэнні артэрыяльнага ціску, нечаканым спыненні работы сэрца (уводзіцца ўнутрысардэчна), алергічных хваробах, анафілактычным шоку. Колькасць адрэналіну ў крыві павялічваецца пры эмацыянальных нагрузках (стрэсе) і цяжкай мышачнай рабоце.

т. 1, с. 137

АДРЭНАЛІ́ТЫКІ,

лекавыя сродкі, якія ўзаемадзейнічаюць з пэўнымі тыпамі адрэнарэцэптараў, зніжаюць або блакіруюць уздзеянне на іх медыятараўнорадрэналіну, адрэналіну, дафаміну. Адрозніваюць α-адрэналітыкі (фанталамін, тралафен, празазін), якія расшыраюць крывяносныя сасуды, паляпшаюць крывяток у органах і тканках, зніжаюць артэрыяльны ціск, і β-адрэналітыкі (анапрылін, тразікор, кардан, атэналол), якія запавольваюць і аслабляюць работу сэрца, зніжаюць артэрыяльны ціск.

α-адрэналітыкі выкарыстоўваюць пры захворванні перыферычных сасудаў (эндартэрыітах, хваробе Рэйно, графічных парушэннях); β-адрэналітыкі — пры лячэнні ішэмічнай хваробы сэрца (стэнакардыя, інфаркт міякарда), гіпертанічнай хваробе. Пры іх ужыванні ёсць небяспека спазмы бронхаў і звужвання перыферычных сасудаў.

т. 1, с. 137

АДРЭНАМІМЕ́ТЫКІ,

лекавыя сродкі, якія выклікаюць фізіял. эфекты, падобныя на ўздзеянне медыятараўнорадрэналіну, адрэналіну, дафаміну. У залежнасці ад тыпу адрэнарэцэптара, з якім узаемадзейнічаюць адрэнаміметыкі, іх падзяляюць на α-, β- і αβ-адрэнаміметыкі.

α-адрэнаміметыкі (мезатон, нафтызін) звужаюць крывяносныя сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск. Выкарыстоўваюць пры рэзкім паніжэнні артэрыяльнага ціску (гіпатаніі) і мясцова — для звужэння сасудаў (пры насмарку, кан’юнктывітах і інш.). β-адрэнаміметыкі (ізадрын, салбутамол) стымулююць работу сэрца, ліквідуюць бронхаспазму, актывізуюць абмен рэчываў. Ужываюць пры лячэнні бранхіяльнай астмы і некаторых парушэннях сардэчнага рытму. α, β-адрэнаміметыкі (адрэналін, эфедрын) стымулююць работу сэрца, звужаюць сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск, актывізуюць абмен рэчываў.

т. 1, с. 137