АДРЭНАМІМЕ́ТЫКІ,

лекавыя сродкі, якія выклікаюць фізіял. эфекты, падобныя на ўздзеянне медыятараўнорадрэналіну, адрэналіну, дафаміну. У залежнасці ад тыпу адрэнарэцэптара, з якім узаемадзейнічаюць адрэнаміметыкі, іх падзяляюць на α-, β- і αβ-адрэнаміметыкі.

α-адрэнаміметыкі (мезатон, нафтызін) звужаюць крывяносныя сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск. Выкарыстоўваюць пры рэзкім паніжэнні артэрыяльнага ціску (гіпатаніі) і мясцова — для звужэння сасудаў (пры насмарку, кан’юнктывітах і інш.). β-адрэнаміметыкі (ізадрын, салбутамол) стымулююць работу сэрца, ліквідуюць бронхаспазму, актывізуюць абмен рэчываў. Ужываюць пры лячэнні бранхіяльнай астмы і некаторых парушэннях сардэчнага рытму. α, β-адрэнаміметыкі (адрэналін, эфедрын) стымулююць работу сэрца, звужаюць сасуды, павышаюць артэрыяльны ціск, актывізуюць абмен рэчываў.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)