Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРАТАГЕНЕ́З [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...генез],

фарміраванне прыроджаных парушэнняў развіцця арганізма. Абумоўлены пашкоджаннем гамет t ўздзеяннямі рознага паходжання на стадыі зародка, эмбрыёна і плода. Пры Т. мяняецца працэс размнажэння клетак, зніжаецца іх мітатычная актыўнасць. Дыферэнцыроўка клетак можа спыніцца на любым этапе і пачацца працэс росту недыферэнцыраваных клетак. Міграцыяй клетак абумоўлена ўзнікненне органа ці тканкі на незвычайным месцы. На тканкавым узроўні пры Т. гінуць асобныя клетачныя масы, запавольваецца распад тканак, што адміраюць у ходзе нармальнага эмбрыягенезу.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 16, с. 132

ТЭРАТАЛАГІ́ЧНЫ СТЫЛЬ,

выявы фантаст. і рэальных стылізаваных страшных жывёлін у арнаменце і на дэкар. вырабах; варыянт звярынага стылю. Вядомы ў першабытным мастацтве, у рукапісах і дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковай Еўропы і краін Усходу. У бел. рукапісах матывы тэраталогіі вядомы з 12—13 ст. (ініцыялы Аршанскага евангелля, 13 ст.), пашырыліся ў 14 ст. (Лаўрышаўскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Полацкае нядзельнае евангелле, 13—14 ст., Віцебскае евангелле, 15 ст.).

Тэраталагічны стыль. Буквіца Мсціжскага евангелля. 14 ст.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 16, с. 132

ТЭРАТАЛО́ГІЯ [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...логія],

навука, якая вывучае пачварнасці і заганы развіцця чалавека, жывёл, раслін. Цесна звязана з біялогіяй і медыцынай, асабліва з нармальнай, параўнальнай і паталаг. анатоміяй, эмбрыялогіяй, мед. генетыкай і малекулярнай біялогіяй. Як самаст. навука развіваецца з 1-й пал. 19 ст. На Беларусі навук. школа патолагаанатамаў створана Ю.В.Гулькевічам. Навук. даследаванні ў галіне Т. вядуцца ў НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў пад кіраўніцтвам Г.І.Лазюка, Мінскім мед. ун-це (анатомія храмасомных хвароб, генет. вынікі чарнобыльскай катастрофы, прафілактыка спадчынных хвароб, марфал. праявы і прычыны прыроджаных заган развіцця чалавека).

Літ.:

Лазюк Г.И., Лурье И.В., Черствой Е.Д. Наследственные синдромы множественных врожденных пороков развития. М., 1983;

Недзьведь М.К. Врожденные пороки центральной нервной системы. Мн., 1990;

Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 16, с. 132

ТЭРАТАМО́РФА,

крайняя форма анамаліі развіцця, тое, што пачварнасць.

т. 16, с. 132

ТЭРАТО́МА [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...ома],

пухліна жывёл і чалавека, якая ўзнікае ад парушэння фарміравання тканак у эмбрыянальны перыяд развіцця. Часцей дабраякасная, можа ператварацца ў злаякасную пухліну (тэратабластому). Бывае ў палавых залозах, крыжава-хвастцовай вобласці, на пярэдняй паверхні шыі, таксама ў поласці чэрапа, грудной клетцы. Адрозніваюць Т.: гістоідную (з тканак аднаго віду), арганоідную (з 2 розных тканак, напр., мышачнай і эпітэліяльнай) і арганізмоідную (з розных тканак 3 зародкавых лісткоў).

М.​К.​Недзмедзь.

т. 16, с. 132

ТЭРА́ЎСКІ (Цяраўскі) Уладзімір Васілевіч

(23.11.1871, в. Леніна Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 10.11.1938),

бел. харавы дырыжор, кампазітар, фалькларыст. Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча (1889). У 1890-я г. спяваў у капэле Дз.​Агрэнёва-Славянскага, кіраваў аматарскімі харамі на Урале. З пач. 1900-х г. працаваў настаўнікам спеваў і рэгентам, узначальваў царк. хор Старажоўскай царквы ў Мінску. У 1914 стварыў у Мінску адзін з першых бел. хар. калектываў, які з 1917 рэарганізаваны ў Бел. нар. хор. У 1917—20 узначальваў муз. частку Першага т-ва бел. драмы і камедыі, у 1920—30 гал. хормайстар БДТ-1 (з перапынкамі). У 1921 абвінавачаны ў антысав. дзейнасці, арыштаваны, асуджаны да расстрэлу, які заменены 5-гадовым зняволеннем. У 1923 датэрмінова вызвалены. У 1920-я г. кіраваў таксама хар. калектывамі пры БДУ, Мінскім педтэхнікуме, прафес. саюзе паштавікоў-тэлеграфістаў, з 1930 у царк. хоры пры Старажоўскай царкве. Стваральнік музыкі да спектакляў «Бязвінная кроў» У.​Галубка (1918), «На Купалле» М.​Чарота (1921), «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча (1925) і інш., дзе шырока выкарыстаў бел. песенны фальклор, а таксама да спектакляў «Паўлінка» і паводле драм. паэм «Адвечная песня», «На папасе» і «Сон на кургане» Я.​Купалы (паст. ў 1920-я г. БДТ-1 і аматарскімі гурткамі Мінска). Аўтар шматлікіх гарманізацый нар. песень, арыгінальных рамансаў і песень на словы Я.​Купалы, З.​Бядулі, М.​Чарота, М.​Краўцова і інш. (часткова апублікаваны ў складзеных ім зб-ках «Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый», 1921; «Беларускі лірнік», 1922; «Вайсковы зборнік», 1926). 17.8.1938 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Зубрыч І. Харавая творчасць беларускіх кампазітараў 20-х гг. // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3;

Гесь А., Ляхоўскі У. «Калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!»: Жыццё і творчы шлях Уладзіміра Тэраўскага // Мастацтва. 1996. № 12.

Дз.​М.​Жураўлёў.

У.В.Тэраўскі.

т. 16, с. 132

ТЭРАФІ́ТЫ (ад грэч. theros лета + ...фіт),

аднагадовыя расліны, якія перажываюць неспрыяльны перыяд года ў выглядзе насення; адна з жыццёвых форм раслін. Пераважна травы міжземнаморскага паходжання, характэрныя для пустынь, стэпаў Паўн. паўшар’я (шматлікія крыжакветныя, макавыя і інш.). У флоры Беларусі — бусельнік цыкутавы, васілёк сіні, торбачнік палявы і інш.

т. 16, с. 133

ТЭ́РБАРХ (Terborch, Ter Borch) Герард (канец снеж. 1617, г. Зволе, Нідэрланды — 8.12.1681), галандскі жывапісец. Вучыўся ў П.​Малейна ў Харлеме (1633—35), зазнаў уплыў Ф.Халса. Працаваў у Харлеме, Амстэрдаме і інш. гарадах Галандыі. Наведаў краіны Еўропы. У 1630 — пач. 1650-х г. пісаў сцэны з нар. і салдацкага побыту, якія вылучаліся мяккімі святлоценявымі эфектамі («Салдаты гуляюць у карты», «Сям’я тачыльшчыка»), пазней з жыцця багатых бюргераў, выяўляючы нешматлікія фігуры ва ўбраных інтэр’ерах. Лепшым творам уласцівы строгая вытанчанасць і стрыманасць вобразаў, халаднаватая гама, тонкасць святлоценявой мадэліроўкі, віртуозная перадача фактуры шаўкавістых тканін («Бацькоўская парада», «Жанчына піша ліст», «Урок музыкі», «Бакал ліманаду», «Цікаўнасць»). Пісаў таксама невял., вытанчаныя паводле жывапіснай манеры і вобразнага ладу партрэты ў рост («Партрэт дамы», «Мужчынскі партрэт»).

С.​У.​Пешын.

Г.Тэрбарх. Цікаўнасць.

т. 16, с. 133

ТЭ́РБІЙ (лац. Terbium),

Tb, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 65, ат. м. 158,925, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід ​159Tb. У зямной кары 4,310​−4% па масе. Адкрыты ў 1834 швед. хімікам К.​Мосандэрам у выглядзе аксіду пры раздзяленні ітрыевых (гл. Ітрый) рэдказямельных элементаў.

Мяккі серабрыста-белы метал. tпл1357 °C, tкіп 3227 °C, шчыльн. 8272 кг/м³. У паветры кампактны Т. павольна акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, халькагенамі, азотам, вадародам [утварае вытворныя Tb (III)]. Метал. Т. атрымліваюць металатэрмічным аднаўленнем трыхларыду TbCl3 або трыфтарыду TbF3. Выкарыстоўваюць як актыватар крышталефасфораў, а таксама ў вытв-сці спец. шкла, магн. сплаваў.

т. 16, с. 133

ТЭР’Е́РЫ (англ. terriers ад франц. terrier нара),

група парод паляўнічых сабак, службовых сабак і вытворных ад іх дэкаратыўна-пакаёвых сабак. Больш за 30 парод, сярод іх бедлінгтантэр’ер, фокстэр’ер, эрдэльтэр’ер. Большасць выведзена ў Вялікабрытаніі.

Найб. вядомыя: ірландскі Т. (выш. ў карку 40—56 см, шэрсць з кароткім густым падшэрсткам, грубая, рыжая); кэрыблютэр’ер (выш. ў карку 22 см, шэрсць мяккая, хвалістая, ад светла-попельнай да чорнай; тойтэр’ер, карлікавая форма стараж. англ. Т. (выш. ў карку 18—25 см, шэрсць кароткая, чорная з карычневымі падпалінамі і інш.); скайтэр’ер (выш. ў карку 20—30 см, шэрсць даўж. да 14 см, з густым падшэрсткам, прамая, блакітна-серабрыстая); лхаскі апсо (выш. ў карку 20—25 см, шэрсць з густым падшэрсткам, густая, шорсткая, залацістая) і інш.

Тэр’еры: 1 — лхаскі апсо; 2 — скайтэр’ер; 3 — ірландскі; 4 — кэрыблютэр’ер.

т. 16, с. 133