ТЭРА́ЎСКІ (Цяраўскі) Уладзімір Васілевіч

(23.11.1871, в. Леніна Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 10.11.1938),

бел. харавы дырыжор, кампазітар, фалькларыст. Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча (1889). У 1890-я г. спяваў у капэле Дз.​Агрэнёва-Славянскага, кіраваў аматарскімі харамі на Урале. З пач. 1900-х г. працаваў настаўнікам спеваў і рэгентам, узначальваў царк. хор Старажоўскай царквы ў Мінску. У 1914 стварыў у Мінску адзін з першых бел. хар. калектываў, які з 1917 рэарганізаваны ў Бел. нар. хор. У 1917—20 узначальваў муз. частку Першага т-ва бел. драмы і камедыі, у 1920—30 гал. хормайстар БДТ-1 (з перапынкамі). У 1921 абвінавачаны ў антысав. дзейнасці, арыштаваны, асуджаны да расстрэлу, які заменены 5-гадовым зняволеннем. У 1923 датэрмінова вызвалены. У 1920-я г. кіраваў таксама хар. калектывамі пры БДУ, Мінскім педтэхнікуме, прафес. саюзе паштавікоў-тэлеграфістаў, з 1930 у царк. хоры пры Старажоўскай царкве. Стваральнік музыкі да спектакляў «Бязвінная кроў» У.​Галубка (1918), «На Купалле» М.​Чарота (1921), «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча (1925) і інш., дзе шырока выкарыстаў бел. песенны фальклор, а таксама да спектакляў «Паўлінка» і паводле драм. паэм «Адвечная песня», «На папасе» і «Сон на кургане» Я.​Купалы (паст. ў 1920-я г. БДТ-1 і аматарскімі гурткамі Мінска). Аўтар шматлікіх гарманізацый нар. песень, арыгінальных рамансаў і песень на словы Я.​Купалы, З.​Бядулі, М.​Чарота, М.​Краўцова і інш. (часткова апублікаваны ў складзеных ім зб-ках «Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый», 1921; «Беларускі лірнік», 1922; «Вайсковы зборнік», 1926). 17.8.1938 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Зубрыч І. Харавая творчасць беларускіх кампазітараў 20-х гг. // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3;

Гесь А., Ляхоўскі У. «Калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!»: Жыццё і творчы шлях Уладзіміра Тэраўскага // Мастацтва. 1996. № 12.

Дз.​М.​Жураўлёў.

У.В.Тэраўскі.

т. 16, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)