ТЭРАТО́МА [ад грэч. teras (teratos) пачвара + ...ома],

пухліна жывёл і чалавека, якая ўзнікае ад парушэння фарміравання тканак у эмбрыянальны перыяд развіцця. Часцей дабраякасная, можа ператварацца ў злаякасную пухліну (тэратабластому). Бывае ў палавых залозах, крыжава-хвастцовай вобласці, на пярэдняй паверхні шыі, таксама ў поласці чэрапа, грудной клетцы. Адрозніваюць Т.: гістоідную (з тканак аднаго віду), арганоідную (з 2 розных тканак, напр., мышачнай і эпітэліяльнай) і арганізмоідную (з розных тканак 3 зародкавых лісткоў).

М.​К.​Недзмедзь.

т. 16, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)