ТЭ́РБАРХ (Terborch, Ter Borch) Герард (канец снеж. 1617, г. Зволе, Нідэрланды — 8.12.1681), галандскі жывапісец. Вучыўся ў П.​Малейна ў Харлеме (1633—35), зазнаў уплыў Ф.Халса. Працаваў у Харлеме, Амстэрдаме і інш. гарадах Галандыі. Наведаў краіны Еўропы. У 1630 — пач. 1650-х г. пісаў сцэны з нар. і салдацкага побыту, якія вылучаліся мяккімі святлоценявымі эфектамі («Салдаты гуляюць у карты», «Сям’я тачыльшчыка»), пазней з жыцця багатых бюргераў, выяўляючы нешматлікія фігуры ва ўбраных інтэр’ерах. Лепшым творам уласцівы строгая вытанчанасць і стрыманасць вобразаў, халаднаватая гама, тонкасць святлоценявой мадэліроўкі, віртуозная перадача фактуры шаўкавістых тканін («Бацькоўская парада», «Жанчына піша ліст», «Урок музыкі», «Бакал ліманаду», «Цікаўнасць»). Пісаў таксама невял., вытанчаныя паводле жывапіснай манеры і вобразнага ладу партрэты ў рост («Партрэт дамы», «Мужчынскі партрэт»).

С.​У.​Пешын.

Г.Тэрбарх. Цікаўнасць.

т. 16, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)