Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДНО́СНЫ РУХ,

рух матэрыяльнага пункта (цела) адносна сістэмы адліку, якая сама рухаецца адносна інш. сістэмы адліку, што ўмоўна прымаецца за нерухомую. Звычайна нерухомая сістэма адліку (K) лічыцца інерцыйнай сістэмай адліку; рухомая сістэма (K′) можа быць інерцыяльнай і неінерцыяльнай. Скорасць і паскарэнне цела адносна сістэмы K′ наз. адноснымі (Vад, aад), адносна сістэмы K — абсалютнымі (Vаб, aаб), скорасць і паскарэнне сістэмы K′ адносна K — пераноснымі (Vпер, aпер). У кінематыцы паміж гэтымі велічынямі ўстаноўлена залежнасць: Vаб = Vад + Vпер ; aаб = aад + aпер + aкар , дзе aкарКарыяліса паскарэнне.

т. 1, с. 125

АДО́ЕЎСКІ Аляксандр Іванавіч

(8.12.1802, Санкт-Пецярбург — 27.8.1839),

рускі паэт-дзекабрыст. За ўдзел у паўстанні 1825 асуджаны на катаргу. Аўтар элегій, гіст. паэмы «Васілька» (1829—30), вершаў «У Сібір», «Трызна», «Вешчых струн палымяныя гукі» і інш. Паэтызаваў рэв. подзвіг, грамадз. мужнасць, ідэі свабоды, любові да радзімы, асуджаў тыранію.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений и писем. М.; Л., 1934;

Стихотворения. М., 1982.

т. 1, с. 125

АДО́ЕЎСКІ Уладзімір Фёдаравіч

(11.8.1803 ці 1804, Масква — 11.3.1869),

рус. пісьменнік, філосаф, муз. і літ. крытык, заснавальнік рус. класічнага музыказнаўства. Старшыня «Таварыства любамудрыя» (1823—25). Аўтар фантаст. апавяданняў «Розныя казкі з трапным слоўцам, сабраныя Ірынеем Мадэставічам Гамазейкам» (1833), «Жывы мярцвяк» (1844), сатыр. свецкіх («Княжна Мімі», 1834; «Княжна Зізі», 1839) і містыка-фантаст. («Сільфіда», 1837; «Космарама», «Саламандра», абедзве 1840; «Шалёныя», 1842) аповесцяў, артыкулаў і эсэістычных нататкаў пра А.Пушкіна і М.Гогаля. Духоўную атмасферу 1830-х г. перадаў у рамане «Рускія ночы» (1844, 2-я рэд. 1862, апубл. 1913), які спалучае філас. дыялогі, апавяданні-прытчы, навелы. Распрацоўваў муз.-тэарэт. і эстэт. праблемы, даследаваў нар. песню, старарус. музыку. Аўтар біягр. апавяданняў і муз.-крытычных эсэ.

Тв.:

Соч. Т. 1—2, М., 1981;

Музыкально-литературное наследие. М., 1956.

У.Ф.Адоеўскі.

т. 1, с. 125

АДО́ЕЎЦАВА Ірына Уладзіміраўна

(сапр. Іванова Іраіда Густаваўна; 4.8.1895, Санкт-Пецярбург — 15.10.1990),

рус. пісьменніца. У 1922—87 у эміграцыі. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Двор цудаў» (1922), «Кантрапункт» (1950), «Залаты ланцуг» (1970) і інш.; аповесцяў і раманаў, у т. л. «Пакінь надзею назаўсёды» (1954) пра жыццё ў СССР у 1930-я г. Апублікавала кн. ўспамінаў «На берагах Нявы» (1967), «На берагах Сены» (1978—81, абедзве выд. ў СССР, 1988). Адметныя рысы творчай манеры — яснасць, класічная прастата і дакладнасць, у ёй выразна адчуваецца літ. школа акмеізму.

т. 1, с. 125

АДО́КСА

(Adoxa),

род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (Adoxa moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.

Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.

Адокса мускусная.

т. 1, с. 126

АДО́ЛЬСКАЯ (Адамовіч) Мар’яна

(1767?, Паставы — ?),

танцоўшчыца. Прыгонная А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне (у Г.Петынеці) і Паставах (у Ле Ду). У 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Петынеці, выступала ў балеце «Шлюб самнітаў» (1783) і інш. на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. Пасля смерці Тызенгаўза (1785) перададзена каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і ўвайшла як другая салістка ў трупу «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці». У 1789 пакінула сцэну.

Г.І.Барышаў.

т. 1, с. 126

АДО́НІС,

грэчаская назва фінікійска-сірыйскага бога расліннасці і ўрадлівасці. У міфалогіі Грэцыі Адоніс — каханы Афрадыты. Паводле міфаў, памёр ад раны, але ўваскрэс і ўзнёсся на неба. Культ Адоніса вядомы з 2-га тыс. да н.э., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Да міфа аб Адонісе звярталіся ў л-ры Авідзій, Лопэ дэ Вэга, У.Шэкспір, у жывапісе — Тыцыян, Рубенс, Пусэн і інш.

Да арт. Адоніс. Венера і Адоніс. Маст. П.П.Рубенс. Каля 1614.

т. 1, с. 126

АДО́НІС,

малая планета. Адкрыта Э.Дэльпортам (Бельгіі, 1936). Абарачаецца вакол Сонца па выцягнутай эліптычнай арбіце з перыядам 2,76 г. Папярочнік Адоніса каля 1 км; адлегласць ад Сонца 0,44—3,50 а.а. Найменшая адлегласць ад Зямлі каля 2 млн. км.

т. 1, с. 126

АДО́НІС

(Adonis),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. казяльцовых. Больш за 20 відаў, пашыраных у стэпавых і лесастэпавых зонах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі ў 1960-я г. Як дэкар. расліны інтрадукаваны 2 віды: адоніс вясновы, або гарыцвет (adonis vernalis), і адоніс палымяны (adonis flammea).

Сцябло прамое або слабагалінастае выш. ад 5 да 40 (зрэдку да 70) см. Лісце рассечана на вузкія сегменты. Кветкі буйныя, адзіночныя, залаціста-жоўтыя або чырвоныя. Плады — авальныя шматарэшкі з прамым або кручкападобным носікам. Выкарыстоўваюць для групавых пасадак і бардзюраў. Прэпараты з адонісу вясновага ўжываюцца пры сардэчнай недастатковасці, неўрозах.

Адоніс: 1 — вясновы; 2 — летні.

т. 1, с. 126

АДО́РАНАСЦЬ,

індывідуальная своеасаблівасць задаткаў чалавека, якая забяспечвае патэнцыяльныя магчымасці і дазваляе дасягнуць значных поспехаў у пэўнай галіне дзейнасці. Залежыць ад біялагічна вызначаных прычын (уласцівасцяў мозга, нервовай сістэмы і інш.). Высокая ступень спецыяльнай адоранасці — талент. Тэрмінам «агульная адоранасць» вызначаюць адоранасць інтэлектуальную — праяўленне здольнасцей у рознай сферы дзейнасці. Звычайна адоранасць праяўляецца на ранніх этапах узроставага развіцця, у т. л. і праз якасці характару, асаблівасці сну, актыўнасці. Рэалізацыя адоранасці залежыць: ад адпаведных абставін жыцця, спец. навучання і выхавання; запатрабавання з боку грамадства; самарэалізацыі (самавыхавання) асобы.

Літ.:

Лейтес Е.С. Способности и одарённость в детские годы. М., 1984;

Одарённые дети: Пер. с англ. М., 1991;

Леви В. Нестандартный ребёнок. 3 изд. Хабаровск, 1990.

Т.У.Васілец.

т. 1, с. 126