БОШ
(Bosch) Карл (27.8.1874, г. Кёльн, Германія — 26.4.1940),
нямецкі хімік-тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў фарбавай прам-сці Германіі. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1898). З 1925 прэзідэнт канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры», з 1935 старшыня савета дырэктараў гэтага канцэрна. Распрацаваў тэхналогіі сінтэзу пры высокім ціску; стварыў вытв-сць аміяку на жал. каталізатары, мачавіны з дыаксіду вугляроду і аміяку. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з Ф.Бергіусам).
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 66.
т. 3, с. 225
БО́ШКАВІЧ,
Боскавіч (Bošković) Руджар Іосіп (18.5.1711, г. Дуброўнік, Харватыя — 13.2.1787), харвацкі фізік, матэматык і астраном. Чл.-кар. Французскай АН (з 1759), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1760), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1761). Вучыўся ў Рымскай калегіі. З 1773 працаваў у Францыі. Зрабіў вымярэнне дугі мерыдыяна ў 2 градусы паміж Рымам і Рыміні (1755). Вывучаў форму Зямлі, тэорыю руху камет, даў матэм. тэорыю некаторых астр. інструментаў. У гал. працы «Тэорыя натуральнай філасофіі...» (1758) развіў тэорыю будовы рэчыва і выказаў гіпотэзу пра залежнасць сіл узаемадзеяння паміж часцінкамі ад адлегласці.
Літ.:
Кольман Э. Жизнь и научная деятельность Руджера Бошковича (1711—1787) // Вопросы истории, естествознания и техники. М., 1956. Вып. 2.
т. 3, с. 226
БО ЦЗЮІ́,
Бо Лэцянь, Бо Чанцін (772, прав. Шаньсі, Кітай — 846), кітайскі паэт. Займаў высокія дзярж. пасады. Чл. імператарскай акадэміі «Ханьлінь». За крытыку прадажнасці чыноўнікаў і феад. парадкаў аддалены ад імператарскага двара. Напісаў каля 3 тыс. вершаў. Аўтар лірычных чатырохрадкоўяў, выкрывальніцкіх вершаў (цыклы «Цыньскія напевы», «Новыя народныя песні»), паэм «Песня пра бязмежную тугу», «Лютня», «Піпа». Адлюстроўваў светапогляд і жыццё танскага грамадства 8—9 ст., асэнсоўваў тэмы: чалавек і час, чалавек і прырода, чалавек і яго асяроддзе. Творам паэта ўласцівыя прастата мовы, жыццярадаснасць і чалавекалюбства.
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения. М., 1978.
т. 3, с. 224