Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМРА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў эпохі энеаліту (2-я пал. 5 — пач. 4-га тыс. да н.э.) у Верхнім і Сярэднім Егіпце. Назва ад паселішча каля мяст. Эль-Амра (Егіпет). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Для амрацкай культуры характэрны чырвоны глянцаваны посуд, на якім белай фарбаю нанесены «крыжалінейны» арнамент. Прылады працы вырабляліся з крэменю, косці, сустракаюцца медныя рэчы (шпількі, гарпуны, пацеркі). Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, у магілы клалі посуд, упрыгожанні, грабяні, статуэткі са слановай косці.

т. 1, с. 324

А́МРЫ,

археал. культура плямёнаў эпохі неаліту і ранняй бронзы (4—3-е тыс. да н.э.), што жылі на тэр. Сінда і Паўд. Белуджыстана (Пакістан). Назва ад паселішча Амры (Сінд). Насельніцтва жыло ў дамах з сырцовай цэглы. Практыкаваліся расчлянёныя пахаванні. Кераміка амры крэмавага ці ружовага колеру, глянцаваная, размаляваная пераважна геам. арнаментам, шахматнымі панэлямі і інш. Прылады вырабляліся са сланцу, радзей — з медзі.

т. 1, с. 324

АМРЫКЯ́Н Міхрдат Аванесавіч

(13.5.1843, Тбілісі — 17.2.1879),

армянскі акцёр, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сцэн. рэалізму ў арм. т-ры. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1859. Працаваў у Ерэване, Александропалі, Шушы, Канстанцінопалі. З яго імем звязаны традыцыі сцэн. ўвасаблення вобразаў у п’есах Г.Сундукяна. Адна з лепшых роляў — Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера). Выступаў як тэатр. крытык.

т. 1, с. 324

АМРЫ́ТА

(санскр.),

у індуісцкай міфалогіі боскі напітак неўміручасці. Паводле аднаго з індуісцкіх міфаў, каб здабыць амрыта, багі і асуры збіваюць сусв. акіян, з якога выходзіць бог лячэння Дханвангары з кубкам амрыта ў руках.

т. 1, с. 324

АМРЫ́ТСАР,

горад на ПнЗ Індыі, штат Пенджаб, 709 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. і гандл. цэнтр. Тэкст., маш.-буд., хім. прам-сць. Вядомы рамёствамі: вытв-сць тканін, дываноў, вырабы з металу, косці, скуры.

Засн. ў канцы 16 ст. гуру Рам Дасам. Гал. рэліг. і культ. цэнтр сікхаў з ун-там Гуру Нанака. Тут знаходзіцца іх свяцілішча — «Залаты храм», дзе захоўваецца свяшчэнная кніга Адыгрантх. У 1-й пал. 19 ст. Амрытсар уваходзіў у склад дзяржавы Ранджыт Сінгха. У 1849 у выніку 2-й англа-сікхскай вайны захоплены англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1918—22 Амрытсар — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. 13.4.1919 англ. войскі расстралялі ў Амрытсары мітынг пратэсту супраць палітыкі калан. ўрада; у выніку т.зв. Амрытсарскай разні забіта і паранена больш за 1 тыс. чал. У 1947 Амрытсар значна разбураны ў час індуска-мусульманска-сікхскіх пагромаў.

т. 1, с. 324

АМСТЭРДА́М

(Amsterdam),

горад, сталіца Нідэрландаў. 713,4 тыс. ж. (разам з прыгарадамі больш за 1 млн.; 1993). Знаходзіцца ў правінцыі Паўн. Галандыя, на нізкім беразе зал. Эйселмер каля вусця р. Амстэл. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада, з Паўночным м. звязаны праз Нордзе-канал, інш. каналамі — з Рэйнам і астатнімі ўнутр. воднымі шляхамі. Адзін з найбуйнейшых у Еўропе порт (грузаабарот больш за 20 млн. т марскіх і больш за 16 млн. т унутраных перавозак штогод), буйны вузел чыгунак (5 ліній) і аўтадарог, у прыгарадзе міжнар. аэрапорт Схіпхал. Гал. гандл. цэнтр Еўропы, адзін з буйнейшых у свеце аптовых рынкаў па продажы тытуню, кавы, какавы, цытрусавых, рысу, каўчуку, прыпраў, драўніны, нафты, збожжа і вугалю. Буйны цэнтр машынабудавання (судна- і авіябудаванне, электратэхн., электроннае, хім. і інш.), нафтаперапр., хім., дрэваапр., швейнай, харч. прам-сці. Традыцыйная ювелірная вытв-сць (апрацоўка алмазаў), паліграфія. У Амстэрдаме праўленні вядучых камерц. банкаў, фондавая біржа. Метрапалітэн, 2 ун-ты (засн. ў 1877 і 1880). Акадэмія навук і мастацтваў.

Упершыню ўпамінаецца ў 1275 як рыбацкая вёска на беразе р. Амстэл. З 1300 горад. Вызваленне Нідэрландаў з-пад улады Іспаніі спрыяла эканам. ўздыму Амстэрдаму, ён стаў цэнтрам марскога гандлю і крэдыту сусв. значэння. У 16 ст. ў Амстэрдаме створана біржа, у 1609 засн. разменны банк, узніклі Ост-Індская (1602) і Вест-Індская (1621) гандл. кампаніі. У 1795—1806 сталіца Батаўскай рэспублікі, пасля — Нідэрландскага каралеўства. У 1940—45 акупіраваны ням. фашыстамі. Гіст. ядро горада — раён плаціны цераз р. Амстэл (цяпер плошча Дам з каралеўскім палацам; б. ратуша 1648—65, арх. Я. ван Кампен). Своеасаблівасць планіроўкі старых частак Амстэрдама — сістэма паўкальцавых і радыяльных каналаў, пракапаных у 1610—62 (каля 50 каналаў, 784 масты). Па набярэжных — жылыя дамы з вузкімі фасадамі, будынкі гільдый, кампаній, дабрачынных устаноў 16—18 ст. Захаваліся гар. вароты і вежы 15—17 ст., цэрквы ў стылях готыкі і класіцызму. У 19—20 ст. пабудаваны Дзярж. музей (1885, арх. П.І.Х.Кёйперс), біржа (1903, арх. Х.П.Берлаге), вял. новыя раёны (арх. Берлаге, М. дэ Клерк, К. ван Эстэрэн, П.Л.Крамер і інш.). З 1930-х г. забудоўваецца сучаснымі, у т. л. вышыннымі, будынкамі (арх. В.М.Дзюдак і інш.). Музеі: гарадскі, Музей Каралеўскага ін-та тропікаў. Дом Рэмбранта.

Ф.С.Фешчанка.

т. 1, с. 324

АМСТЭРДА́МСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л ПРАФСАЮ́ЗАЎ,

Міжнародная федэрацыя прафсаюзаў, міжнар. аб’яднанне рэфармісцкіх прафсаюзаў у 1919—45. Створаны на кангрэсе ў Амстэрдаме. Гал. мэты: развіццё міжнар. сац. заканадаўства, барацьба з мілітарызмам і рэакцыяй, падтрымка міжнар. прафс. дзеянняў. Кіраўнікі Амстэрдамскага інтэрнацыянала прафсаюзаў рэалізоўвалі ў прафс. руху палітыку с.-д. партый, якія належалі да Інтэрнацыянала 2-га. Амстэрдамскі інтэрнацыянал ппрафсаюзаў аб’ядноўваў пераважна прафцэнтры краін Зах. Еўропы (14 краін, 17 738 тыс. чал. у 1919; 26 краін, 19 425 тыс. чал. у 1937). Распушчаны пасля стварэння Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў.

т. 1, с. 325

АМСТЭРДА́МСКІ КАНА́Л,

гл. Нордзеканал.

т. 1, с. 325

А́МТМАН-БРЫ́ЕДЫТ

(Amtmanis-Brieditis, сапр. Амтманіс) Альфрэд Фрыцавіч (5.8.1885, сядзіба Званітаю Букас, Латвія — 15.5.1966),

латышскі акцёр, рэжысёр, педагог; адзін з буйнейшых майстроў рэаліст. акцёрскага мастацтва Латвіі. Нар. арт. СССР (1953). Праф. (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1903. З 1919 у Латв. т-ры драмы імя А.Упіта, з 1944 маст. кіраўнік, з 1949 гал. рэжысёр. Сярод роляў: Улдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Атвасар («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса, Дзярж. прэмія СССР 1948). Яго пастаноўкі вызначаліся яркасцю карцін нар. побыту, эмацыянальна насычанымі характарамі: «Сын рыбака» В.Лаціса (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Зямля зялёная» Упіта (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш.

т. 1, с. 325

АМУДАР’І́НСКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

размешчана на Туранскай нізіне, у пустынных раёнах Каракумаў і Кызылкумаў, у цэнтр. і ўсх. ч. Туркменіі, на З Узбекістана, Пн Афганістана і Ірана. Займае паўд.-ўсх. ч. Туранскай пліты і Перадкапетдагскі краявы прагін. Пл. 417 тыс. км². Першае газавае радовішча адкрыта ў 1953. Выяўлена больш як 90 газавых, газакандэнсатных, газанафтавых радовішчаў на пач. 1980-х г. Прадукцыйныя адклады юры і мелу на глыб. 0,2—4 км. Газы сухія, метанавыя, нафты маласярністыя, шчыльн. 770—900 кг/м³. Газаправоды Бухара—Урал, Сярэдняя Азія—Цэнтр Рас. Федэрацыі і інш.

т. 1, с. 325