Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМПЛІТРО́Н

[ад лац. amplifico узмацняю + (элек)трон],

магутная электравакуумная прылада магнетроннага тыпу для ўзмацнення ЗВЧ ваганняў; плацінатрон, які працуе ў рэжыме ўзмацнення. Выхадная магутнасць да 10 МВт у імпульсе, ккдз да 80%, каэфіцыент узмацнення да 15 дБ. Выкарыстоўваецца ў выхадных каскадах радыёапаратаў (пераважна імпульсных).

т. 1, с. 323

АМПЛІТУ́ДА

(ад лац. amplitudo велічыня),

1) найбольшае (па абс. значэнні) адхіленне ад нуля перыядычна зменнай фіз. велічыні (напр., найб. зрушэнне маятніка ад стану раўнавагі).

2) Рознасць паказанняў на шкале вымяральнай прылады (барометра, тэрмометра і інш.).

3) У матэматыцы — адна з характарыстык перыяд. функцый (сінуса, косінуса і інш.).

4) У пераносным сэнсе — размах, шырыня.

т. 1, с. 323

АМПЛІТУ́ДНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,

павольная змена амплітуды эл.-магн. ваганняў у параўнанні э іх перыядам па вызначаным законе; від мадуляцыі. Выкарыстоўваецца для перадачы інфармацыі ў радыё- і аптычным дыяпазонах хваляў (напр., перадача гукавога суправаджэння, тэлевізійных адлюстраванняў). Перадавальная радыёстанцыя, якая працуе ў рэжыме амплітуднай мадуляцыі, вылучае спектр частот. У выпадку амплітуднай мадуляцыі сінусаідальным сігналам (гл. рыс.) спектр мае 3 складальныя: нясучую (ω) і 2 бакавыя частаты ( ( ω + Ω ) і ( ω Ω ) ) . Глыбіня амплітуднай мадуляцыі характарызуе ступень змены амплітуды: m = Aмакс Aмін Aмакс + Aмін ; частата мадуляцыі Ω — скорасць змены амплітуды ваганняў. Для атрымання амплітудна-мадуляванага вагання нясучая частата і сігнал, якім яна мадулюецца, падаюцца на мадулятар.

т. 1, с. 323

АМПЛІТУ́ДНЫ АНАЛІЗА́ТАР,

аналізатар імпульсаў, прыстасаванне для вызначэння закону размеркавання амплітуд эл. імпульсаў. У залежнасці ад канструкцыі бываюць адна- і многаканальныя, з электронным камутатарам, з папярэднім пераўтварэннем амплітуд сігналаў і інш. З дапамогай амплітуднага аналізатара аналізуецца размеркаванне амплітуд выпадковага імпульснага працэсу па колькасці імпульсаў, што выявіліся ў зададзеным інтэрвале амплітуд. У аснову амплітуднага аналізатара пакладзены схемы амплітудных дыскрымінатараў імпульсаў. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, радыёлакацыі, радыёсувязі і інш.

т. 1, с. 323

АМПЛІТУ́ДНЫ ДЫСКРЫМІНА́ТАР,

прыстасаванне для вылучэння (селекцыі) эл. сігналаў, амплітуда якіх перавышае вызначанае (парогавае) значэнне. Схема амплітуднага дыскрымінатара будуецца на электронных прыладах, якія маюць рэзка нелінейную амплітудную характарыстыку (напр., дыёды). Спускавыя схемы амплітуднага дыскрымінатара дазваляюць атрымліваць на выхадзе імпульсы, форма і амплітуда якіх не залежаць ад формы першаснага сігналу. Выкарыстоўваецца ў імпульсных сістэмах тэлекіравання і тэлевымярэння пры вылучэнні карыснага сігналу зшумоў; уваходзіць у склад амплітуднага аналізатара.

т. 1, с. 323

АМПЛІФІКА́ЦЫЯ

(ад лац. amplificatio пашырэнне),

стылістычная фігура ў паэтыцы, шэраг аднатыпных слоў ці словазлучэнняў (эпітэтаў, параўнанняў і інш.) для ўзмацнення выразнасці мовы. Напр., «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, // Маё беларускае, роднае, кроўнае, // Такое раптоўнае, такое чароўнае, // Такое ласкавае, цёплае, чыстае, // Як сонца агністае, // Як Нёман, празрыстае, // Як казка, быліна, як песня, жаданае, // Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, // Гарачае слова ад шчырага сэрца!» (Д.Бічэль-Загнетава «Роднае слова»).

т. 1, с. 323

АМПЛУА́

(франц. emploi літар. выкарыстанне),

своеасаблівая спецыялізацыя акцёра на выкананні роляў, якія найб. адпавядаюць яго вонкавым сцэн. даным, характару, таленту. Амплуа мужчынскія; герой, комік, прастак, палюбоўнік, рэзанёр, фат; жаночыя: гераіня, камічная старая, гранд-дама, інжэню, субрэтка, травесці і інш. У сучасным т-ры падзелу на амплуа фармальна не існуе, сцвярджаецца шырокі творчы дыяпазон акцёра. Найб. устойлівае амплуа — травесці (актрыса на ролі хлопчыкаў, дзяўчынак, падлеткаў) захоўваецца ў т-ры для дзяцей.

т. 1, с. 323

А́МПУЛА

(лац. ampulla),

1) герметычна запаяная шкляная пасудзіна невял. памераў, у якой захоўваецца ў стэрыльным выглядзе пэўная доза лякарстваў, крыві, хім. рэчыва і інш. 2) У анатоміі — пухірападобнае расшырэнне розных органаў, якія маюць форму трубкі, напр. слёзнага канала, прамой кішкі і інш.

т. 1, с. 323

АМПУТА́ЦЫЯ

(ад лац. amputatio адсячэнне),

хірургічная аперацыя поўнага ці частковага выдалення перыферычнай часткі канечнасці з перасячэннем (перапілоўваннем, перакусваннем) касцей або органа (малочнай залозы, прамой кішкі, маткі і інш.). Вядома са стараж. часу, асн. яе законы распрацавалі Гіпакрат, А.Парэ, Ф.А.Пці, Дж.Л.Эсмарх, М.І.Пірагоў. Ампутацыя класіфікуецца па тэрмінах выканання (першасная, другасная), па форме рассячэння мяккіх тканак (кругавая, авальная, акраўкавая), па спосабе ўкрыцця ампутацыйнай куксы (фасцыяпластычная, міяпластычная, касцёвапластычная). Перасячэнне канечнасці на ўзроўні сустава наз. экзартыкуляцыяй.

т. 1, с. 324

АМРА́ВАТЫ,

Амрааты, Амараваты, горад у Індыі, на ПнУ штата Махараштра. 434 тыс. ж. (1991). Гандл. цэнтр буйнога бавоўнаводчага раёна. Рэшткі самага вял. індыйскага мемарыяльнага збудавання — ступа (2 ст. да н.э.).

т. 1, с. 324