АМПУТА́ЦЫЯ

(ад лац. amputatio адсячэнне),

хірургічная аперацыя поўнага ці частковага выдалення перыферычнай часткі канечнасці з перасячэннем (перапілоўваннем, перакусваннем) касцей або органа (малочнай залозы, прамой кішкі, маткі і інш.). Вядома са стараж. часу, асн. яе законы распрацавалі Гіпакрат, А.Парэ, Ф.А.Пці, Дж.Л.Эсмарх, М.І.Пірагоў. Ампутацыя класіфікуецца па тэрмінах выканання (першасная, другасная), па форме рассячэння мяккіх тканак (кругавая, авальная, акраўкавая), па спосабе ўкрыцця ампутацыйнай куксы (фасцыяпластычная, міяпластычная, касцёвапластычная). Перасячэнне канечнасці на ўзроўні сустава наз. экзартыкуляцыяй.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)