Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУЛАНЖЭРЫ́Т

(ад прозвішча франц. мінералога Ш.Буланжэ),

мінерал класа складаных сульфідаў, сульфід свінцу і сурмы, Pb5Sb4S11. Прымесі медзі, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ігольчастыя. Валакністыя агрэгаты, шчыльныя масы. Колер ад свінцова-шэрага да зямлістачорнага. Бляск металічны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 6,2 г/см³. Трапляецца як другарадны мінерал у гідратэрмальных радовішчах разам са складанымі сульфідамі свінцу, карбанатамі і кварцам. Руда свінцу.

т. 3, с. 328

БУЛА́Т,

булатная сталь (ад перс. пулад сталь), вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні. Асн. асаблівасць мікраструктуры булату — аптымальнае па дысперснасці і канфігурацыі спалучэнне высокавугляродзістых (дробнаігольчасты мартэнсіт) і нізкавугляродзістых (ферыт) мікрааб’ёмаў. Адрозніваюць булат літы (т.зв. вутц) і зварачны (больш нізкай якасці).

Вытв-сць булату была вядома ў Індыі, Іране, Сірыі («дамаская сталь»), у краінах Сярэдняй Азіі. Выкарыстоўваўся на выраб халоднай зброі выключнай трываласці і вастрыні. Клінок з булату не ламаецца, не мае астаткавай дэфармацыі. У 14 ст. сакрэт вырабу булат быў страчаны. Навук. асновы вытв-сці булату распрацаваў рус. металург П.П.Аносаў (у 1833 вырабіў булатны клінок). Атрыманне булатнай структуры забяспечваецца асаблівасцямі саставу, тэхналогіі выплаўкі, коўкі, тэрмічнай і мех. апрацоўкі. Узорыстасць бывае паласавая і струменістая (ніжэйшыя сарты булату), хвалістая (сярэдні, сорт), сеткаватая і каленчатая (вышэйшыя сарты).

Літ.:

Гуревич Ю.Г. Загадка булатного узора. М., 1985;

Мезенин Н.А. Занимательно о железе. 2 изд. М., 1977.

т. 3, с. 328

БУ́ЛАТ Барыс Адамавіч

(24.7.1912, г. Тула — 27.3.1984),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Баранавіцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў 1-ю Сав. аб’яднаную ваен. школу імя ВЦВК (1936, Мінск), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940), Вышэйшую школу харч. прам-сці (1955). У Чырв. Арміі з 1932. У пач. вайны паранены трапіў у палон, уцёк з канцлагера. У 1942 арганізаваў і ўзначаліў партыз. групу, атрад, з чэрв. 1943 камандзір партыз. брыгады Ленінскай, з ліст. 1943 — «Уперад». З 1944 нам. старшыні Мінскага гарвыканкома, з 1947 нам. дырэктара велазавода, У 1951—73 дырэктар кандытарскай ф-кі «Камунарка».

т. 3, с. 328

БУЛА́Т Сцяпан Герасімавіч

(11.5.1894, в. Слабада Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 24.7.1921),

бел. дзярж. і парт. дзеяч, журналіст. Скончыў Мінскія настаўніцкія курсы. З 1913 настаўнічаў. У 1915—16 і 1918—19 вучыўся ў Мінскім настаўніцкім ін-це. З 1916 у арміі, скончыў Віленскае ваен. вучылішча, служыў у 153-м пях. палку, прапаршчык. У канцы 1917 дэмабілізаваны, настаўнічаў. З 1918 чл. арг-цыі «Маладая Беларусь». У 1920 у час польск. акупацыі чл. ЦК Беларускай камуністычнай арганізацыі і Паўстанцкага к-та; арганізатар партыз. атрадаў на Міншчыне. З ліп. 1920 працаваў у Мінскім губ. аддзеле нар. асветы, са жн.заг. аддзела ЦК КП(б)Б па працы ў вёсцы. Адначасова рэдактар газ. «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газ. «Белорусская деревня». З лют. 1921 чл. ЦБ КП(б)Б, з мая 1921 — 3-і сакратар і заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б.

т. 3, с. 328

БУЛА́ТАЎ Уладзімір Георгіевіч

(30.6.1929, г. Новасібірск, Расія — 19 2.1976),

бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (скачкі з шастом). Засл. майстар спорту (1959), засл. трэнер Беларусі (1975). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1953). Рэкардсмен Еўропы, СССР. Трэніраваў зборную юніёраў СССР па лёгкай атлетыцы (з 1961), нац. каманду Кубы (1967—68), з 1968 старшы трэнер па скачках з шастом Рэспубліканскай школы вышэйшага спарт. майстэрства. З 1978 у Мінску праводзяць спаборніцтвы па скачках з шастом памяці Булатава.

т. 3, с. 328

БУЛА́ТНАЯ СТАЛЬ,

тое, што булат.

т. 3, с. 328

БУЛАТО́ВІЧ Аляксандр Ксавер’евіч

(8.10.1870, г. Арол? — 6.12.1919),

падарожнік, дыпламат, рэліг. публіцыст. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва. З патомных дваран Гродзенскай губ. Скончыў Аляксандраўскі ліцэй у Пецярбургу (1891), паскораны курс 1-га ваен. Паўлаўскага вучылішча (1902). У 1896—1900 тройчы пабываў у Эфіопіі. Рабіў здымку недаследаваных паўд.-зах. і зах. раёнаў, прасачыў цячэнне р. Ома, першы з еўрапейцаў перасек вобласць Кафа. Па просьбе эфіопскага імператара Мэнеліка II даследаваў стан зах. мяжы краіны, прапанаваў праграму мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі і дзярж. апарату Эфіопіі. Зрабіў важныя адкрыцці ў гідраграфіі і араграфіі краіны, сабраў значны матэрыял па этнаграфіі, праблемах рабства і сац. структуры эфіопскага грамадства. За падарожжа да воз. Рудольф з ваен. экспедыцыяй (1897—98) адзначаны вышэйшай эфіопскай узнагародай — залатым шчытом з шабляй (1898), рас. ордэнам Станіслава 2-й ступені (1898), малым сярэбраным медалём імя П.П.Сямёнава Рус. геагр. т-ва (1901). У 1900—01 у Порт-Артуры. У 1906 прыняў манаства, пад імем Антоній жыў на гары Афон (Грэцыя). У 1911 зноў пабываў у Эфіопіі. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 іераманах атрада Чырв. Крыжа ў дзеючай арміі. Забіты рабаўнікамі.

Тв.:

Моя борьба с имяборцами на Святой горе Иеросхим. Пг., 1917;

С войсками Менелика II. М., 1971;

Третье путешествие по Эфиопии. М., 1987.

Літ.:

Кацнельсон И., Терехова Г. По неизведанным землям Эфиопии. М., 1975.

Г.Р.Усцюгава.

т. 3, с. 328

БУЛА́ЎКА Арсен Рыгоравіч

(25.7.1911, в. Цітва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 15.7.1994),

бел. вучоны ў галіне гідралогіі. Д-р геагр. н. (1973). Скончыў БДУ (1954). З 1933 на гідралагічных станцыях Беларусі. У 1946—54 нач. сектара вывучэння гідралагічнага рэжыму і нам. начальніка Упраўлення Гідраметэаслужбы БССР. З 1954 дырэктар Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі, у 1961—81 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (Мінск). Выкладаў у БДУ. Навук. працы па гідралогіі Беларусі і тэорыі воднага балансу.

Тв.:

Влияние осушения болот на элементы водного баланса рек Белорусского Полесья. М., 1961;

Водный баланс речных водосборов. Л., 1971;

Водные ресурсы и человек. Мн., 1976.

т. 3, с. 328

БУ́ЛАХАЎ Міхаіл Гапеевіч

(н. 22.7.1919, в. Маслакі Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Д-р філал. н. (1966), праф. (1967). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1940). У 1965—90 у БДУ, Мінскім пед. ін-це, адказны рэдактар час. «Веснік БДУ. Сер. 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія». Даследуе праблемы сучаснай бел. мовы, гісторыю бел. мовы і яе ўзаемадзеянне з інш. слав. мовамі. Аўтар манаграфіі «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Прыметнік у беларускай мове» (трохтомнага даследавання 1964), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV—XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс» (1971), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексікалагічны нарыс» (1973); кн. «Я.Ф.Карскі» (1981), біябібліягр. слоўніка «Усходнеславянскія мовазнаўцы» (т. 1—3, 1976—78) і энцыклапедычнага слоўніка «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры, мастацтве, навуцы» (1989).

т. 3, с. 328

БУ́ЛАХАЎ Пётр Пятровіч

(1822, Масква — 2.12.1885),

рускі кампазітар і вакальны педагог. Сын Пятра Аляксандравіча (каля 1793—1835) і брат Паўла Пятровіча (1824—1875) Булахавых, вядомых у свой час оперных спевакоў-тэнараў. Аўтар папулярных рамансаў і песень, блізкіх да гар. фальклору («Тройка», «Не, не цябе так палка я люблю», «Спатканне», «І няма ў свеце вачэй», «Гары, гары, мая зорка» і інш.).

т. 3, с. 329