БУЛА́Т,

булатная сталь (ад перс. пулад сталь), вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні. Асн. асаблівасць мікраструктуры булату — аптымальнае па дысперснасці і канфігурацыі спалучэнне высокавугляродзістых (дробнаігольчасты мартэнсіт) і нізкавугляродзістых (ферыт) мікрааб’ёмаў. Адрозніваюць булат літы (т.зв. вутц) і зварачны (больш нізкай якасці).

Вытв-сць булату была вядома ў Індыі, Іране, Сірыі («дамаская сталь»), у краінах Сярэдняй Азіі. Выкарыстоўваўся на выраб халоднай зброі выключнай трываласці і вастрыні. Клінок з булату не ламаецца, не мае астаткавай дэфармацыі. У 14 ст. сакрэт вырабу булат быў страчаны. Навук. асновы вытв-сці булату распрацаваў рус. металург П.П.Аносаў (у 1833 вырабіў булатны клінок). Атрыманне булатнай структуры забяспечваецца асаблівасцямі саставу, тэхналогіі выплаўкі, коўкі, тэрмічнай і мех. апрацоўкі. Узорыстасць бывае паласавая і струменістая (ніжэйшыя сарты булату), хвалістая (сярэдні, сорт), сеткаватая і каленчатая (вышэйшыя сарты).

Літ.:

Гуревич Ю.Г. Загадка булатного узора. М., 1985;

Мезенин Н.А. Занимательно о железе. 2 изд. М., 1977.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)