БІЛІВЕРДЗІ́Н,
С33Н34O8N4, адзін з жоўцевых пігментаў. Крышталі зялёнага колеру, малекулярная маса 582,67. Білівердзін — дэцыклізаваны тэтрапірол, прамежкавы прадукт ферментатыўнага распаду гемаглабіну, што адбываецца ў макрафагах печані, селязёнкі і касцявога мозгу пазваночных з утварэннем вердаглабіну, які ў сваю чаргу распадаецца з вызваленнем глабіну, жалеза і білівердзіну. Пры аднаўленні білевердзін ператвараецца ў білірубін. Білівердзін знойдзены таксама ў некаторых беспазваночных жывёл (чарвей, ракападобных, насякомых).
А.М.Ведзянееў.
т. 3, с. 152
БІЛІРУБІ́Н,
прадукт распаду гемаглабіну; адзін з пігментаў жоўці; C33H36O6N4. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Мае чырвона-буры колер у растворы, карычневы — у крышталях. Утвараецца найб. у печані, адтуль з жоўцю выводзіцца ў кішэчнік, дзе асн. маса білірубіну ператвараецца ў мезабілірубін, а потым ва урабілінаген. У тонкім кішэчніку невял. колькасць білірубіну ўсмоктваецца ў кроў і зноў трапляе ў печань. Пры атручэнні, парушэнні функцыі печані (закупорцы жоўцевых пратокаў) колькасць білірубіну ў крыві павялічваецца, што выклікае жаўтуху. Змяненне білірубіну ў крыві — дыягнастычны паказчык.
т. 3, с. 152
БІЛО́ННАЯ МАНЕ́ТА
(ад франц. billon нізкапробнае серабро),
разменная непаўнацэнная метал. манета, намінальная вартасць якой перавышае вартасць металу і затрат на яе выраб; заменнік золата. Як знак вартасці абслугоўвае пераважна рознічны тавараабарот, выконваючы функцыі сродку абарачэння і абмежаванага сродку плацяжу. З 1933 ва ўсіх краінах свету ў абарачэнне ўведзены толькі білонныя манеты, якія вырабляюць з серабра невысокай пробы, медзі, нікелю, алюмінію і інш. металаў. Колькасць білонных манет абумоўлена патрэбамі грашовага абароту, а гранічны тэрмін іх зносу вызначаецца на аснове практычнага вопыту. У наменклатуры дзярж. разліковых білетаў Нац. банка Беларусі (з 1992) білонная манета адсутнічае.
т. 3, с. 152
БІ́ЛЬ
(англ. bill),
законапраект, які ўносіцца на разгляд заканадаўчых органаў у Англіі, ЗША, Канадзе і інш. англамоўных краінах, а таксама назва некаторых канстытуцыйных актаў (напр., Біль аб правах, ЗША; Біль аб правах 1689, Вялікабрытанія).
т. 3, с. 152
БІЛЬБА́О
(Bilbao),
горад на Пн Іспаніі. Адм. ц. аўт. вобласці Краіна Баскаў і прав. Біская. 369,8 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Порт на Біскайскім зал. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. цэнтр. Чорная металургія (на базе блізкіх радовішчаў жал. руды і каменнага вугалю); маш.-буд. (суднабудаванне, вытв-сць прамысл. і чыг. абсталявання, эл.-тэхн.), хім., нафтаперапр., тэкст., шкларобчая, харч., папяровая, дрэваапр. прам-сць. Ун-т. Музей прыгожых мастацтваў. Арх. помнікі: Стары горад (засн. ў 14 ст.), гатычныя і рэнесансавыя цэрквы.
Засн. ў 1300. Да 16 ст. і з 2-й пал. 18 ст. значны порт, цэнтр гандлю і суднабудавання. У час карлісцкіх войнаў вытрымаў 3 асады. З канца 19 ст. цэнтр баскскага нац. руху. У 1936—37 сталіца аўт. раёна баскаў. У чэрв. 1937 захоплены франкістамі. З 1978 адм. ц. Баскаў Краіны.
т. 3, с. 152
БІЛЬБА́САЎ Васіль Аляксеевіч
(19.6.1837, Палтава, Украіна — 6.8.1904),
рускі гісторык і публіцыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). У 1869—71 праф. Кіеўскага ун-та, у 1871—83 рэд. газ. «Голос» у Пецярбургу. Памяркоўны ліберал, прыхільнік бурж. рэформаў. Займаўся гісторыяй сярэдневяковай Германіі і Францыі і рус. гісторыяй 18 ст. Вызначыўся ў жанры гіст. біяграфіі. Няскончанае даследаванне «Гісторыя Кацярыны II» (т. 1—2, 1890—96) і інш. працы насычаны багатым фактычным матэрыялам.
т. 3, с. 152
БІЛЬДЗЮ́ГІ,
вёска ў Беларусі, у Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнЗ ад Шаркаўшчыны, 235 км ад Віцебска. 557 ж., 207 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 3, с. 152
«БІ́ЛЬД ЦА́ЙТУНГ»
(«Bild Zeitung», «Ілюстраваная газета»),
адна з самых буйных нямецкіх газет. Выдаецца з 1952 у Берліне штодзённа ў 18 рэгіянальных выпусках. Да 1971 называлася «Bild» («Ілюстрацыя»), Мае дадаткі: нядзельны (з 1956), для жанчын (з 1983), для аўтамабілістаў (з 1986) і інш.
т. 3, с. 152