Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУЙНАБЛО́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ ,зборныя канструкцыі з буйнапамерных штучных або прыродных камянёў (блокаў). Выкарыстоўваюцца для ўзвядзення жылых дамоў, прамысл. будынкаў і збудаванняў.

Блокі вырабляюць на з-дах з лёгкіх, цяжкіх, ячэістых (керамзітабетон, шлакабетон і інш.), сілікатных бетонаў, цэглы, а таксама выпілоўваюць у кар’ерах з туфу, ракушачніку і інш. З суцэльных і пустацелых блокаў манціруюць фундаменты, вонкавыя і ўнутр. сцены, перагародкі і інш. Найб. пашыраны буйнаблочныя канструкцыі вонкавых сцен з блокаў, зробленых з лёгкіх і ячэістых бетонаў.

т. 3, с. 321

БУ́ЙНАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Буйнавічы». За 22 км на ПнУ ад г.п. Лельчыцы, 185 км ад Гомеля, 45 км ад чыг. ст. Ельск. 1250 ж., 498 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў.

т. 3, с. 321

БУЙНАПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі з буйнапамерных плоскасных зборных элементаў. Вырабляюцца на спец. прадпрыемствах і манціруюцца на буд. пляцоўках. Выкарыстоўваюцца ў буд-ве жылых, грамадскіх і вытв. будынкаў, дарог, аэрадромаў, плацін, каналаў, прамысл. і інш. збудаванняў. З іх робяць насцілы міжпаверхавых перакрыццяў, панэлі пакрыццяў будынкаў, сценавыя панэлі, фундаментныя пліты і інш. Буйнапанэльныя канструкцыі найбольш пашыраны ў каркасна-панэльнай і панэльнай (бескаркаснай) канструкцыйных схемах будынкаў.

т. 3, с. 321

БУЙНАПО́РЫСТЫ БЕТО́Н,

беспясчаны бетон, бетон, які атрымліваюць з сумесі шчыльнага або порыстага жвіру (друзу), вяжучага матэрыялу (пераважна партландцэменту) і вады. Адсутнасць пяску і абмежаваны расход цэменту (да 280 кг/м³) абумоўліваюць буйнапорыстую структуру і невял. шчыльнасць бетону. Буйнапорысты бетон выкарыстоўваюць у асноўным для ўзвядзення вонкавых сцен будынкаў, а з порыстымі запаўняльнікамі — для цеплавой ізаляцыі.

т. 3, с. 321

БУ́ЙНАЯ,

другая назва р. Бойная.

т. 3, с. 321

БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней. Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.

Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.

М.А.Лобан.

т. 3, с. 321

БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,

парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксама якаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс. г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая парода — чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.

Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл. таксама Буйной рагатай жывёлы гадоўля.

т. 3, с. 321

БУЙНЕ́ВІЧ Павел Мікалаевіч

(28.10.1912, в. Новыя Грамыкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1996),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі ў 1934—40 і з 1941. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну летам 1941 абараняў Гомель, потым у партыз. атрадзе, з 1943 у Чырв. Арміі на фронце. Вызначыўся ў студз. 1945 у час прарыву абароны ворага на правым беразе Віслы. Пасля вайны старшыня калгаса ў Гомельскай вобл., у 1948—67 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 322

БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,

месца значных гіст. падзей каля в. Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс. чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.

У Вял. Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з ПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.Ц.Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.Ф.Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.С.Мазалаў) і батальён нар. апалчэння (камісар П.Е.Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп. сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.

В.С.Паваліхіна.

т. 3, с. 322

БУЙНІ́ЦКІ Ігнат Цярэнцьевіч

(22.8.1861, б. фальварак Палівачы, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 22.9.1917),

бел. акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Стваральнік бел. нац. прафесійнага т-ра. Скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, вучыўся ў прыватнай драм. студыі ў Вільні. Працаваў каморнікам на Беларусі. Добра ведаў жыццё народа, глыбока адчуваў і разумеў нар. творчасць. Вывучаў песні і танцы, збіраў узоры нар. адзення, арнаменту, размалёўкі. З 1905 сістэматычна наладжваў вечарынкі ў Палівачах і Празароках. У 1907 арганізаваў у Палівачах аматарскі т-р, удзельнікі якога выступалі перад мясц. жыхарамі. У 1910 т-р стаў прафесійным і атрымаў назву Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. З ім многа ездзіў па Беларусі і за яе межы. Выступаў у Вільні, Пецярбургу і Варшаве. Кіраваў т-рам, падтрымліваў яго эканамічна за кошт даходаў са свайго маёнтка, ставіў п’есы, іграў у іх — Аляксей («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Ігнась («Модны шляхцюк» К.Каганца), Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага), чытаў прозу і вершы, спяваў сола і ў хоры, па-майстэрску танцаваў. Першы на Беларусі звярнуў увагу на прыгажосць і эстэт. магчымасці бел. нар. танца, узняўшы яго да ўзроўню высокага мастацтва. Яго дзейнасць падтрымалі прагрэс. дзеячы бел. культуры — Я.Купала, Ядвігін Ш, Цётка, Ц.Гартны, З.Бядуля, Ч. і Л.Родзевічы і інш. З-за ўціску царскіх улад, іх негатыўных адносін да адраджэння бел. культуры, матэрыяльных цяжкасцей у 1913 т-р спыніў дзейнасць. У маі 1914 Буйніцкі зрабіў спробу стварыць новы т-р, але перашкодзіла 1-я сусв. вайна. У 1917 адзін з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У апошнія месяцы жыцця на вайск. службе ў рус. арміі ў раёне Маладзечна, дзе і памёр. У 1975 перапахаваны на цэнтр. плошчы в. Празарокі Глыбоцкага р-на, на магіле — помнік (скульпт. І.Міско, арх. М.Бурдзін). У Празароцкай сярэдняй шкале музей Буйніцкага.

Літ.:

Няфёд У.І. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991.

т. 3, с. 322