БУЙНІ́ЦКІ Ігнат Цярэнцьевіч

(22.8.1861, б. фальварак Палівачы, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 22.9.1917),

бел. акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Стваральнік бел. нац. прафесійнага т-ра. Скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, вучыўся ў прыватнай драм. студыі ў Вільні. Працаваў каморнікам на Беларусі. Добра ведаў жыццё народа, глыбока адчуваў і разумеў нар. творчасць. Вывучаў песні і танцы, збіраў узоры нар. адзення, арнаменту, размалёўкі. З 1905 сістэматычна наладжваў вечарынкі ў Палівачах і Празароках. У 1907 арганізаваў у Палівачах аматарскі т-р, удзельнікі якога выступалі перад мясц. жыхарамі. У 1910 т-р стаў прафесійным і атрымаў назву Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. З ім многа ездзіў па Беларусі і за яе межы. Выступаў у Вільні, Пецярбургу і Варшаве. Кіраваў т-рам, падтрымліваў яго эканамічна за кошт даходаў са свайго маёнтка, ставіў п’есы, іграў у іх — Аляксей («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Ігнась («Модны шляхцюк» К.Каганца), Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага), чытаў прозу і вершы, спяваў сола і ў хоры, па-майстэрску танцаваў. Першы на Беларусі звярнуў увагу на прыгажосць і эстэт. магчымасці бел. нар. танца, узняўшы яго да ўзроўню высокага мастацтва. Яго дзейнасць падтрымалі прагрэс. дзеячы бел. культуры — Я.Купала, Ядвігін Ш, Цётка, Ц.Гартны, З.Бядуля, Ч. і Л.Родзевічы і інш. З-за ўціску царскіх улад, іх негатыўных адносін да адраджэння бел. культуры, матэрыяльных цяжкасцей у 1913 т-р спыніў дзейнасць. У маі 1914 Буйніцкі зрабіў спробу стварыць новы т-р, але перашкодзіла 1-я сусв. вайна. У 1917 адзін з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У апошнія месяцы жыцця на вайск. службе ў рус. арміі ў раёне Маладзечна, дзе і памёр. У 1975 перапахаваны на цэнтр. плошчы в. Празарокі Глыбоцкага р-на, на магіле — помнік (скульпт. І.Міско, арх. М.Бурдзін). У Празароцкай сярэдняй шкале музей Буйніцкага.

Літ.:

Няфёд У.І. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)