Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУГЕНВІ́ЛЬ

(Bougainville),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы вял. ў групе Саламонавых астравоў. Уваходзіць у склад дзяржавы Папуа-Новая Гвінея. Пл. 10 тыс. км². Выш. да 3123 м (вулкан Балбі). Вільготныя трапічныя лясы. Радовішчы медзі (адно з буйнейшых у свеце) і волава. Здабыча золата. Лесанарыхтоўкі. Вырошчванне какосавай пальмы, бананаў. Гал. горад — Кіета. Названы ў гонар франц. мараплаўца Я.А.Бугенвіля.

т. 3, с. 305

БУГЕНВІ́ЛЬСКІ ЖО́ЛАБ,

глыбакаводны жолаб у паўд.-ўсх. ч. Ціхага ак., на Пд ад в-ва Бугенвіль. Працягласць каля 500 км, сярэдняя шыр. 50 км, найб. глыб. 9140 м. У паўн. ч. злучаецца з Новабрытанскім жолабам.

т. 3, с. 305

БУГЕ́Р,

Буге (Bouguer) П’ер (10.2.1698, г. Ле-Круазік, Францыя — 15.8.1758), французскі фізік, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Парыжскай АН (1731). Навук. працы па астраноміі, геадэзіі, гідраграфіі, гравіметрыі, оптыцы і інш. Устанавіў паняцце колькасці святла, сфармуляваў асн. палажэнні візуальнай фотаметрыі, сканструяваў фатометр і распрацаваў спосабы вымярэння яркасці святла. У 1729 устанавіў закон аслаблення інтэнсіўнасці святла ў паглынальных асяроддзях (гл. Бугера—Ламберта—Бэра закон). Адзін з кіраўнікоў экспедыцыі (1735—43) па правядзенні градусных вымярэнняў у Перу для вызначэння формы Зямлі.

Тв.:

Рус. пер. — Оптический трактат о градации света. (М.), 1950.

т. 3, с. 305

БУГЕ́РА—ЛА́МБЕРТА—БЭ́РА ЗАКО́Н,

вызначае паступовае аслабленне паралельнага монахраматычнага пучка святла пры распаўсюджванні яго ў паглынальным асяроддзі. Выражаецца формулай I = I0 exp(−μd) , дзе I — інтэнсіўнасць пучка святла, што прайшоў праз слой рэчыва таўшчынёй d, I0 — інтэнсіўнасць уваходнага пучка, μ — паказчык паглынання святла, які залежыць ад частаты святла, хім. прыроды і стану рэчыва. Для разбаўленага раствору паглынальнага рэчыва ў непаглынальным растваральніку μ = χC, дзе χ — паказчык паглынання святла на адзінку канцэнтрацыі C паглынальнага рэчыва ў растворы. Адкрыты ў 1729 П.Бугерам, падрабязна разгледжаны ням. вучоным І.Г.Ламбертам у 1760 і доследна правераны для раствораў ням. вучоным А.Бэрам у 1852.

т. 3, с. 305

БУГЛО́Ў Яўген Данілавіч

(н. 29.10.1924, в. Стрыжанёва Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны-патафізіёлаг. Д-р мед. н. (1972). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1951). З 1955 у Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві (з 1973 дырэктар). Працы па функцыянальных сувязях страўнікава-кішачнага тракту і печані, стабілізацыі донарскай крыві з дапамогай валакністага сарбенту — фасфату цэлюлозы.

Тв.:

Получение бесцитратной крови с применением фосфата целлюлозы. Мн., 1971 (у сааўт.).

т. 3, с. 305

БУГРЫ́МАВА Ірына Мікалаеўна

(н. 13.3.1910, Харкаў),

актрыса цырка, дрэсіроўшчыца львоў; першая ў СССР жанчына-дрэсіроўшчыца драпежнікаў. Нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1979). Вучылася ў Харкаўскай гандлёва-прамысл. школе (1926—28). У цырку з 1929. Артыстычную дзейнасць пачала ў паветр. атракцыёне «Палёт на санках з-пад купала цырка» (разам з А.Буслаевым). У 1946—76 працавала з драпежнікамі. Аўтар кнігі «На арэне і вакол яе» (1991).

т. 3, с. 306

БУГРЫ́СТЫЯ ПЯСКІ́,

нерухомыя намнажэнні пяскоў у выглядзе невял. узгоркаў круглаватай ці падоўжанай формы вакол асобных хмызнякоў. Адрозніваюць сыпучыя кучавыя пяскі і зацвярдзелыя бугры. Фарміруюцца ў раёнах залягання прэсных і саленаватых грунтавых вод (на глыб. 3—5 м). Характэрны для пустыняў Цэнтр. Азіі.

т. 3, с. 306

БУГРЫ́ ПУЧЭ́ННЯ,

мярзлотныя формы рэльефу круглаватай формы, якія ўтвараюцца пры прамярзанні моцна ўвільготненых тоўшчаў горных парод і павелічэнні іх аб’ёму ў выніку лакальнага намнажэння лёду. Развіты ў тундры і лесатундры. Бываюць да 30—40 м вышыні і 300—400 м у дыяметры асновы. Падзяляюцца на ўласна бугры і гідралакаліты. Мясц. назвы бугроў пучэння: «булгуннях» (як.), «пінга» (амер.) і інш.

т. 3, с. 306

БУ́ГСКІ ЛІМА́Н,

заліў у паўн. ч. Чорнага м., каля берагоў Украіны. Даўж. 47 км, шыр. да 11 км. Зліваецца з Дняпроўскім ліманам, утварае Дняпроўска-Бугскі ліман. Суднаходны. На Бугскім лімане порт Мікалаеў.

т. 3, с. 306