Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БО́РАЎНА,

возера ў Беларусі, у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнічанка, за 25 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 2,04 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,5 м. Пл. вадазбору 4,4 км².

Размешчана сярод забалочанай лясістай мясцовасці. Катлавіна круглаватая, злёгку выцягнутая з Пн на Пд, берагі нізкія, парослыя хмызняком. Слаба зарастае каля берагоў. Сцёк па канаве ў воз. Ліпна.

т. 3, с. 216

БО́РАЎНА,

Боравенскае возера, у Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 2,5 км на У ад г. Лепель. Пл. 0,38 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 610 м, найб. Глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 6,5 км².

Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя і супясчаныя, часткова пад лесам. Берагі пясчаныя, зараслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Дно глеістае, мелкаводдзе ўздоўж берагоў пясчанае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—5 м. На Пд упадае ручай з воз. Глыбочыца, на ПдУ выцякае ручай у воз. Нюля.

т. 3, с. 216

БО́РАЎНА,

возера ў Беларусі. У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Астроўніца, за 22 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,34 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 4,1 м, даўж. берагавой лініі 3,4 км. Пл. вадазбору 1,9 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, на 3 да 5 м, на выш. 3 м ад урэзу вады тэраса. Берагі невысокія, пясчаныя. Мелкаводдзе пясчанае. Прыбярэжная паласа расліннасці шыр. да 50 м.

т. 3, с. 216

БО́РАЎНА,

вёска ў Беларусі, у Горацкім с/с Лепельскага р-на Віцебскай вобл. За 7 км на У ад Лепеля, 122 км ад Віцебска, на аўтадарозе Лепель—Чашнікі. 164 ж., 72 двары (1995). Пач. школа, клуб, б-ка. Каля вёскі гарадзішча днепра-дзвінскай (3—5 ст. н.э.) і банцараўскай (6—8 ст. н.э.) культур.

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1503, калі на гэта сяло разам з Лепелем (сучасная назва в. Стары Лепель) атрымаў пацвярджэнне віцебскі касцёл. З 1541 уласнасць віленскага капітула, з 1586 — Льва Сапегі. У 1897 было 549 ж., 80 двароў. З 1923 Б. ў Бачэйкаўскім пав. Віцебскай губ., з 1924 у Лепельскім р-не. У 1970 у Бораўне 259 ж., 81 двор.

т. 3, с. 216

БО́РАЦ Валянціна Максімаўна

(н. 3.1.1927, пас. Цялуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. кардыёлаг. Д-р мед. н. (1974). Праф. (1976). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1950). З 1960 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па распрацоўцы новых ЭКГ-метадаў для дыягностыкі інфаркту міякарда і вывучэнні метабалічных працэсаў у кардыялагічных хворых.

Тв.:

Витамины и сердечно-сосудистые заболевания. Мн., 1984;

Межвитаминные отношения при ишемической болезни сердца и гипертонической болезни. Мн., 1988 (у сааўт).

т. 3, с. 216

БО́РА РА́ДЫУС,

радыус найбліжэйшай да ядра (пратона) арбіты электрона ў мадэлі атама вадароду Н.Бора. Абазначаецца a0 · a0 = ħ me2 = 5,2917706(44) · 10−11 м, дзе ħ = h , h — Планка пастаянная, m і e — маса і зарад электрона. У квантавай механіцы Бора радыус вызначаецца як адлегласць ад ядра, на якой з найбольшай імавернасцю можна выявіць электрон у няўзбуджаным атаме вадароду. Гл. таксама Бора тэорыя.

т. 3, с. 215

БО́РА ТЭО́РЫЯ,

першая тэорыя атама і яго спектраў. Прапанавана Н.Борам у 1913 як аб’яднанне ідэі М.Планка аб квантаванні энергіі і планетарнай мадэлі атама Э.Рэзерфарда. Грунтуецца на двух пастулатах. Атамы могуць доўга знаходзіцца, не выпраменьваючы святла, ва ўстойлівых (стацыянарных) станах, адпаведных пэўным дыскрэтным (перарыўным) значэнням энергіі E1, E2, E3... (1-ы пастулат Бора). Выпрамяненне ці паглынанне святла адбываецца пры скачкападобных пераходах з аднаго стану ў другі паводле формулы EiEk=, дзе hν — энергія святла частаты ν, што выпрамяняецца ці паглынаецца, h — Планка пастаянная (2-і пастулат Бора, ці ўмова частот).

Пастулаты Бора пацверджаны эксперыментальна і выконваюцца для ўсіх мікрасістэм (атамных ядраў, атамаў, малекул і інш.). Каб знайсці магчымыя значэнні энергіі і інш. характарыстыкі стацыянарных станаў атама, Бор разглядаў рух электронаў вакол ядра паводле законаў механікі Ньютана (класічнай механікі), пры дапаўняльных, т.зв. квантавых, умовах. Пры гэтым электрон у найпрасцейшым выпадку атама вадароду можа рухацца вакол ядра па кругавых ці эліптычных арбітах пэўных памераў, якія павялічваюцца з павелічэннем энергіі атама ў адпаведных стацыянарных станах. Канкрэтныя мадэльныя ўяўленні пра рух электрона ў атаме па строга вызначаных арбітах заменены ўяўленнямі квантавай механікі.

Літ.:

Ельяшевич М.А. Развитие Нильсом Бором квантовой теории атома и принципа соответствия // Успехи физ. наук. 1985. Т. 147, вып. 2.

М.А.Ельяшэвіч.

т. 3, с. 215

БОРГ

(Borg) Б’ёрн (н. 6.6.1956, г. Сёдэртэлье, Швецыя),

шведскі спартсмен (тэніс). Чэмпіён свету (1976), пераможца турніраў у Уімблдане (1976—80), турніра «Мастэрс» (1979, 1980), адкрытага першынства Францыі (1974—76, 1978—80) у адзіночным разрадзе. У 1977—81 лідэр у рэйтынгу лепшых тэнісістаў свету.

т. 3, с. 216

БО́РГЕН

(Borgen) Юхан (28.4.1902, Осла — 16.10.1979),

нарвежскі пісьменнік і літ. крытык. Дэбютаваў зб. навел «У напрамку цемры» (1925), гал. тэмы якіх — адзінота, трагічныя чалавечыя памылкі. Пад псеўданімам Мумле Госег выдаў шэраг вострасатырычных антыфаш. фельетонаў, эсэ, нарысаў. У 1941 эмігрыраваў у Швецыю. Удзел у антыфаш. Супраціўленні адлюстраваў у мемуарах «Дні ў Грыні» (1945). Супярэчнасці жыцця тагачаснага грамадства, якія прыводзяць да краху неардынарнай асобы, — у цэнтры трылогіі «Маленькі лорд» (1955), «Цёмныя воды» (1956), «Цяпер яму не ўцячы» (1957). Праблема раздвоенасці індывіда ў раманах «Я» (1959), «Блакітная вяршыня» (1964), «Чырвоны туман» (1967), «Мая рука, мае вантробы» (1972), зб. навел «Самотныя дрэвы ў садзе» (1969). Прозе Боргена ўласцівыя псіхалагізм, рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці. У літ.-крытычных працах і паліт. публіцыстыцы спалучэнне гуманістычнага зместу з вострапалемічнай формай.

Тв.:

Рус. пер. — [Избранное]. М., 1979;

Декабрьское солнце: Рассказы. М., 1983;

Избр. новеллы. М., 1984.

Літ.:

Нагибин Ю. Островитянин: Сон о Юхане Боргене // Иностр. лит. 1976. № 11.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 3, с. 216

БО́РДЖА,

Борджыя (ісп. Borja, італьян. Borgia), арыстакратычны род іспанскага паходжання, які ў 15 — пач. 16 ст. адыгрываў значную ролю ў гісторыі Італіі. Пачатак яго ўзвышэнню даў Алонса (31.12.1378—6.8.1458), які стаў папам (1455—58) пад імем Калікста III. Яго пляменнік Радрыга (1430—18.8.1503) — папа Аляксандр VI (1492—1503), са сваім сынам Чэзарэ (1475 ці 1476—12.3.1507) імкнуліся стварыць у Сярэдняй Італіі вял. дзяржаву, дзе Чэзарэ меў бы абсалютную ўладу. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі подкупы, забойствы. У 1499 Чэзарэ стаў правіцелем Раманьі. Пасля смерці Аляксандра VI пазбаўлены ўлады, уцёк у Іспанію. Загінуў у баі ў час міжусобных войнаў. Чэзарэ — прататып правіцеля ў творы Н.Макіявелі «Гасудар». Дачку Аляксандра VI Лукрэцыю (18.4.1480—24.6.1519) бацька і брат Чэзарэ тройчы выдавалі замуж з паліт. мэтамі. У 1501 Лукрэцыя стала жонкай герцага Ферары Альфонса д’Эстэ. Пры яе двары ў Ферары працавалі вучоныя, паэты, мастакі Л.Арыёста, П.Бемба, Тыцыян і інш.

т. 3, с. 216