БО́НДАРАВА Надзея Васілеўна
(14.12.1925, г. Саратаў, Расія — 14.12.1987),
бел. інфекцыяніст. Д-р мед. н. (1969), праф. (1970). Скончыла Саратаўскі мед. ін-т (1948). З 1955 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па дыягностыцы грыпу, брушнога тыфу, клініцы дыфтэрыі, краснухі, язвавых калітаў, антыбіётыкавай тэрапіі пры інфекц. хваробах, вакцынатэрапіі поліяміэліту, хранічнага гепатыту.
т. 3, с. 212
БО́НДАРАЎ Аляксандр Мітрафанавіч
(н. 30.5.1923, былое с. Нікалаеўка Самарскай вобл., Расія),
Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў Куйбышаўскае ваенна-пях. вучылішча (1942), курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1947), Куйбышаўскі пед. ін-т (1954). У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Варонежскім, 1-м і 4-м Укр. франтах, удзельнік вызвалення Украіны, Чэхаславакіі, Польшчы. У ліст. 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Кіева ўзвод аўтаматчыкаў на чале з лейт. Бондараў авалодаў востравам, захапіў плацдарм на правым беразе ракі і адбіваў атакі да падыходу асн. сіл палка. Да 1953 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 212
БО́НДАРАЎ Андрэй Лявонцьевіч
(20.8.1901, хутар Бондараў Новааскольскага р-на, Расія — 23.9.1961),
савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1943), Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Кіеўскую аб’яднаную ваен. школу (1927), курсы ўдасканалення камсаставу (1941), паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1942). У Чырв. Арміі з 1921. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 часці 17-га гв. стралк.корпуса пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро каля в. Верхнія Жары Камарынскага р-на, захапілі плацдарм і, развіваючы наступленне, фарсіравалі Прыпяць. Да 1995 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 212
БО́НДАРАЎ Юрый Васілевіч
(н. 15.3.1924, г. Орск Арэнбургскай вобл.),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1951). Першы зб. апавяданняў «На вялікай рацэ» (1953). У аповесцях «Батальёны просяць агню» (1957), «Апошнія залпы» (1959), раманах «Двое» (1964), «Гарачы снег» (1969) — будні, гераізм салдатаў, афіцэраў, генералаў у гады Вял. Айч. вайны, вытокі нар. подзвігу ў барацьбе з фашызмам. Напружаны драматызм, паглыблены псіхалагізм, вернасць жыццёвай праўдзе — асн. якасці стылю пісьменніка. Мастацка-філас. асэнсаванне еднасці чалавека са сваёй эпохай, непарыўная сувязь яго з часам і гісторыяй, з лёсам сваёй Радзімы і планеты, тэма адказнасці за гэты лёс у раманах «Цішыня» (1962), «Бераг» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1977); «Выбар» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1983), «Гульня» (1985). Аўтар аповесці «Сваякі» (1969), цыкла мініяцюр «Імгненні» (1977—82), кнігі літ. нататкаў «Пошук ісціны» (1976) і інш. Працуе для тэатра і кіно (фільмы «Апошнія залпы», «Цішыня», «Гарачы снег», «Бераг», кінаэпапея «Вызваленне»). Ленінская прэмія 1972.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. М., 1984—86.
Літ.:
Коробов В.И. Юрий Бондарев. М., 1984.
т. 3, с. 213
БО́НДАРСТВА,
рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл. Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб. стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.
В.С.Цітоў.
т. 3, с. 213
БО́НДЗІ Сяргей Міхайлавіч
(25.6.1891, г. Баку — 29.8.1983),
рускі літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1943), праф. (1943). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1950 праф. Маскоўскага ун-та. Працы прысвечаны пытанням пушкіназнаўства, тэорыі і гісторыі рус. верша 18—19 ст. Адзін са стваральнікаў метаду тэксталагічнага аналізу, які быў пакладзены ў аснову вывучэння тэкстаў, апублікаваных у акад. выданні твораў А.С.Пушкіна. Аўтар даследаванняў «Новыя старонкі Пушкіна» (1931), «Пушкін — родапачынальнік новай рускай літаратуры» (1941) і інш., навук. каментарыяў да шматлікіх выданняў твораў Пушкіна.
т. 3, с. 213
БО́НДЫ,
у сярэдневяковых сканд. краінах назва ўсіх вольных людзей (земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбакі), якія не належалі да знаці; вольныя сяляне. Мелі сваю гаспадарку, жылі на адасобленых хутарах (у Нарвегіі, Ісландыі і некаторых раёнах Швецыі) ці ў невялікіх вёсках (у Даніі і б.ч. Швецыі) і, акрамя дацкіх бондаў, захоўвалі асабістую свабоду на працягу ўсяго сярэдневякоўя.
т. 3, с. 213