БО́ЙЛЯ—МАРЫЁТА ЗАКО́Н,
адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога здабытак аб’ёму дадзенай масы ідэальнага газу на яго ціск пры пастаяннай т-ры ёсць велічыня пастаянная. Устаноўлены эксперыментальна Р.Бойлем (1662) і незалежна ад яго франц. вучоным Э.Марыётам (1676). Вынікае з кінетычнай тэорыі газаў, калі прыняць, што памеры малекул нязначныя ў параўнанні з адлегласцямі паміж імі і адсутнічае міжмалекулярнае ўзаемадзеянне. Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ.
т. 3, с. 207
БО́ЙЛЯ ПУНКТ,
пункт мінімуму на ізатэрме рэальнага газу, адлюстраванай у каардынатах p — pV, дзе p — ціск газу, V — аб’ём, які займае газ. Названы ў гонар Р.Бойля. У наваколлі Бойля пунктв невял. ўчасткі ізатэрмаў рэальнага газу можна разглядаць як адрэзкі гарыз. прамых — ізатэрмы ідэальнага газу. Лінія, што злучае Бойля пункты на асобных ізатэрмах, наз. крывой Бойля. Пункт гэтай крывой, што ляжыць на восі pV (p=0), вызначае т-ру Бойля TB=3,375TK, дзе TK — крытычная тэмпература. Пры т-рах T < TK магчыма поўнае звадкаванне газу, пры T < TB — частковае.
т. 3, с. 206
БОЙН
(Boyne),
комплекс рытуальных археал. помнікаў эпохі неаліту (магчыма, 2500—2000 да н.э.) у лукавіне р. Бойн, за 40 км на Пн ад г. Дублін (Ірландыя). Складаецца з некалькіх курганоў, 5 хенджаў і 3 вял. калідорных грабніц: Нью-Грэйндж, Даўт і Наўт. Часам тэрмінам «Культура Бойн» наз. археал. матэрыялы з калідорных грабніц усёй Ірландыі. Характэрныя рысы — своеасабліва арнаментаваная кераміка (стыль Кэраўкіл) і касцяныя шпількі з макападобнымі і грыбападобнымі навершамі.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 207
БО́ЙНАЯ,
Буйная, рака ў Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. і Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток Нёмана. Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 78 км².
Пачынаецца на ПнУ ад в. Антонева Стаўбцоўскага р-на, на працягу ніжніх 10 км каналізаваная. У ніжнім цячэнні ў час разводдзя праз групу азёраў Юзкавічы магчымы пераліў у р. Чорная. У пойме меліярац. каналы.
т. 3, с. 207
БОЙ-ЖАЛЕ́НСКІ
(Boy Żeleński; сапр. Жаленскі) Тадэвуш (21.12.1874, Варшава — 3/4.7.1941),
польскі пісьменнік, тэатр. і літ. крытык, перакладчык. Вывучаў медыцыну ў Ягелонскім ун-це (1892—1900). Праф. Львоўскага ун-та (1939—41). Адзін з заснавальнікаў у Кракаве кабарэ элітарнага тыпу «Зялёны шарык» (1905). Аўтар сатыр. куплетаў (зб. «Слоўцы», 1913), сац.-псіхал. фельетонаў, выдадзеных у 10 т. (зб-кі «Выдумкі, выдумкі...», 1932, «Трохі міфалогіі», 1935, і інш.), біягр. аповесці «Марысенька Сабеская» (1937), кн. ўспамінаў «Ці ведаеш гэты край?..» (1931), манаграфій «Мальер» (1924), «Бальзак» (1934) і інш. Зб-кі «Флірт з Мельпаменай» (т. 1—10, 1920—32) — летапіс творчага жыцця т-раў Варшавы і Кракава. Гісторыі развіцця польск. л-ры прысвечаны кн. «Жывыя людзі» (1929), «Бранзавальшчыкі» (1930), «Урокі Фрэдра» (1934), паэт. анталогія «Маладая Польшча» (1939). Пераклады франц. класікаў склалі «Бібліятэку Боя» (каля 100 т.). Расстраляны фашыстамі ў Львове.
Тв.:
Pisma. Т. 1—28. Warszawa. 1956—75;
Listy. Warszawa, 1972;
Reflektorem w mrok. Warszawa, 1978.
М.М.Хмяльніцкі.
т. 3, с. 205