БО́БРЫКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942.
Праведзена партызанамі 6 атрадаў партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. па падрыве чыг. моста цераз р. Бобрык на лініі Калінкавічы—Жыткавічы ў Петрыкаўскім р-не 9 снеж. ў Вял. Айч. вайну. 40-метровы мост моцна ахоўваўся, за 10 км ад яго на ст. Капцэвічы знаходзіўся буйны гарнізон праціўніка. У ходзе аперацыі партызаны разбурылі чыг. палатно і лініі сувязі на З і У ад моста, арганізавалі засады на дарогах, знішчылі ахову на раз’ездзе, пусцілі пад адхон вайск. эшалон, атакавалі і знішчылі ахову моста, замініравалі яго і ўзарвалі. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на 7 сутак.
т. 3, с. 200
БО́БРЫК 1-ы , рака ў Беларусі, у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1900 км². Пачынаецца з ляснога балота за 2,5 км на ПнЗ ад в. Сукач Ганцавіцкага р-на, цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Упадае ў Прыпяць за 2 км на ПнЗ ад чыг. ст. Прыпяць. Асн. прытокі: Вісліца (справа), каналы Хатыніцкі, Прысць, Багданаўка (злева).
Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. ў сярэднім цячэнні 0,5—1 км, у ніжнім зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча каналізаванае на працягу 102 км, пракладзена за 0,5—3 км ад старога. Шыр. да 3—3,5 м у вытоку, 35—40 м у вусці. Берагі сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. У міжрэччы Бобрыка і Вісліцы ў Пінскім р-не створаны наліўное вадасх. Пагост і сажалкі рыбгаса «Палессе», 2 невял. сажалкі каля в. Парахонск.
т. 3, с. 200
БОБРЫК 2-і,
Бобрыч, рака ў Беларусі, у Петрыкаўскім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Прыпяці. Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 710 км². Пачаткам ракі лічыцца вусце Азёрнага канала за 2 км на ПнУ ад в. Капцэвічы Петрыкаўскага р-на. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: каналы Міхедава-Грабаўскі (злева) і Азёрны (справа).
Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй пераважна трапецападобная. Пойма невыразная (асушанае балота). Рэчышча каналізаванае на працягу 40,7 км.
т. 3, с. 200
БО́БРЫЦА,
возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 10 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 2,25 км², даўж. 4,49 км, найб. шыр. 1,02 км, найб. глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 10,3 км. Пл. вадазбору 16,3 км².
Схілы катлавіны выш. 14—20 м, стромкія, на Пд да 8 м, спадзістыя, параслі лесам. Берагі высокія, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно карытападобнае, утварае 2 плёсы: усх. глыб. да 20 м і зах., больш шырокі, глыб. да 14 м. Плёсы злучаны нешырокім пралівам. На мелкаводдзі дно пясчанае, глыбей сапралелістае. Ёсць 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Расліннасць да глыб. 5,5 м. Злучана пратокай з воз. Уклейка.
т. 3, с. 200
БО́БСЛЕЙ
(англ. bobsleigh),
від спорту, скорасны спуск з гары па ледзяным жолабе на спарт. санях спец. канструкцыі. Сані (наз. таксама бобслей) маюць суцэльнаметал. кузаў абцякальнай формы, замацаваны на 2 парах палазоў-канькоў: пярэдняя рухомая з рулём, задняя нерухомая з тормазам. Спаборніцтвы праводзяцца для 2-месных і 4-месных бобслеях. Ёсць пэўныя абмежаванні па даўжыні саней і агульнай масе экіпажу. Траса (жолаб) даўж. 1500—2000 м, шыр. 1,5—2 м, глыб. — 0,5 м з віражамі, перапад вышыняў 130—150 м. Скорасць саней на спуску дасягае 100—130 км/гадз.
Узнік бобслей у канцы 19 ст. ў Швейцарыі. Спачатку ўдзельнічалі і жанчыны, з 20 ст. толькі мужчыны. З 1924 існуе Міжнар. федэрацыя бобслея і табагана (ФІБТ), з 1924 бобслей у праграме Алімпійскіх гульняў, — з 1930-х г. праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы.
т. 3, с. 200
БО́БЫШАЎ Міхаіл Паўлавіч
(19.11.1885, в. Пагарэлае Цвярской вобл. — 7.7.1964),
рускі тэатр. мастак і педагог. Нар. мастак Расіі (1961). Скончыў Вучылішча тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1907). Выкладаў у Ленінградскай АМ (з 1926, праф. з 1939), Маскоўскім маст. ін-це (1943—47). Створаныя ім дэкарацыі і касцюмы вылучаюцца тонкім пачуццём стылю, дэкар. графічнасцю. Сярод аформленых ім спектакляў: «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава ў Малым Петраградскім акад. т-ры (1923), «Рыгалета» Дж.Вердзі ў Оперным т-ры імя К.С.Станіслаўскага ў Маскве (1939), «Медны коннік» Р.Гліэра ў Ленінградскім т-ры оперы і балета і Вял. т-ры ў Маскве (1949), «Карсар» А.Адана ў Кіеўскім т-ры оперы і балета (1956). У Дзярж. т-ры оперы і балета БССР аформіў оперу «Князь Ігар» А.Барадзіна (1934), балеты «Капелія» Л.Дэліба (1935) і «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні (1936).
Літ.:
Кручина-Богданов В.И. М.П.Бобышов. М., 1957.
т. 3, с. 200