АСАБНЯ́К,
добраўпарадкаваны гарадскі ці загарадны дом. Асабнякі пашырыліся ў 18—19 ст. у краінах Зах. Еўропы, Беларусі, Расіі. На Беларусі паводле арх.-планіровачнай структуры блізкія да сядзібных дамоў (Брэст, Ваўкавыск, Гомель, Пружаны, Слонім). Вызначаліся лаканізмам у вырашэнні планаў і фасадаў. Паводле планіровачнай кампазіцыі — пераважна 6-часткавыя з вылучанай у цэнтры залай і анфіладай меншых памяшканняў. У асабняках 1-й пал. 19 ст. з’явілася калідорная сістэма (Мазыр). Фасады аздаблялі 4-калонным порцікам. Выкарыстанне цэглы і дрэва ў буд-ве асабнякоў абумовіла спалучэнне стылявых дэталяў класічнай архітэктуры з элементамі нар. дойлідства (дом Агінскага ў Гродне). Асабнякі адыгрывалі важную ролю ў гар. асяроддзі і стваралі арх. акцэнты забудовы (Ашмяны, Пінск, Слонім і інш.). Сучасныя буд. матэрыялы і канструкцыі значна ўзбагацілі архітэктуру асабнякоў новымі выразнымі сродкамі і прыёмамі. У прыгарадзе і сельскай мясцовасці па індывідуальных праектах будуюцца добраўпарадкаваныя катэджы.
т. 2, с. 18
АСАВЕ́Ц,
5 стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Асавец Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобласці. Даследаваны ў 1934, 1960—80-я г. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, агнішчы, апрацаваныя косці, гліняны посуд мясц. варыянта нарвенскай культуры і паўночнабеларускай культуры, крамянёвыя і касцяныя наканечнікі коп’яў і стрэл, крамянёвыя прылады працы, рэшткі драўляных чаўноў і вёслаў, упрыгожанні, а таксама самыя стараж. на тэр. Беларусі драўляныя і касцяныя мініяцюрныя фігуркі людзей, жывёл, птушак і інш.
т. 2, с. 18
АСАВЕ́Ц,
вёска ў Беларусі, у Бацвінаўскім с/с Крычаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 30 км на Пд ад Крычава, 90 км ад Магілёва, 6 км ад чыг. ст. Асавец. 257 ж., 90 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 18
АСАВЕ́Ц,
вёска ў Беларусі, у Любанскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Любань, 169 км ад Мінска, 42 км ад чыг. ст. Урэчча. 1197 ж., 369 двароў (1994). Цагельня. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, і помнік партызанам.
т. 2, с. 18
АСАВЕ́Ц,
вёска ў Беларусі, у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса «Асавец». За 45 км на З ад Мазыра, 178 км ад Гомеля, 34 км ад чыг. ст. Муляраўка. 712 ж., 248 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. Воінаў.
т. 2, с. 18
АСАВЕ́ЦКІ КАНА́Л,
Крываль, меліярацыйны канал у Беларусі, у Салігорскім і Любанскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Чырвонапалянскага канала (бас. Прыпяці). Даўж. 40,4 км. Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Цясова Салігорскага р-на, вусце за 2 км на Пд ад в. Камуна Любанскага р-на.
т. 2, с. 18
А́САД Хафез аль
(н. 7.8.1930, правінцыя Латакія, Сірыя),
сірыйскі дзярж., паліт. і ваенны дзеяч. Ген. арміі (1968). Мае вышэйшую ваен. адукацыю. Камандуючы ВПС (1964—70), адначасова з 1966 міністр абароны. У 1970—71 прэм’ер-міністр. З 1971 прэзідэнт Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. Ген. сакратар Партыі араб. сацыяліст, адраджэння (БААС, з 1971).
т. 2, с. 18
АСА́ДА,
від феад. зямельнай рэнты ў грашовай форме, асн. павіннасць асадных сялян ВКЛ у 16 ст. Узнікла з развіццём таварна-грашовых адносін. Паводле «Уставы на валокі» 1557 у велікакняжацкіх (гаспадарскіх) уладаннях складала 30 грошаў з валокі. У маёнтках інш. феадалаў памеры асады перавышалі гэту норму. У канцы 16 ст. асада паступова злілася з чыншам.
т. 2, с. 18
АСАДЖЭ́ННЕ,
выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у тым ліку радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).
т. 2, с. 18
АСА́ДКА,
1) у металаапрацоўцы працэс апрацоўкі ціскам, у выніку якога змяншаецца вышыня і павялічваюцца папярочныя памеры загатовак ці дэталяў. Праводзіцца на прэсах і молатах.
2) У металургіі — скачкападобнае зрушэнне ўніз (абвальванне) шыхтавых матэрыялаў, пераважна ў металург. печах, пры няроўным цячэнні плавільнага працэсу.
3) У будаўніцтве — вертыкальнае зрушэнне масы грунту (асновы збудавання), выкліканае павялічанай нагрузкай. Залежыць ад канструкцыйных асаблівасцяў збудавання і ўмоў яго эксплуатацыі, адбываецца нераўнамерна і павінна быць меншая за гранічна дапушчальную.
4) Асадка судна — адлегласць ад ватэрлініі да ніжняга пункта корпуса судна ў сярэдняй яго частцы; лінейная велічыня, якая характарызуе апусканне судна ніжэй за ўзровень вады пры рознай яго загрузцы.
т. 2, с. 19