АСА́ДКА,

1) у металаапрацоўцы працэс апрацоўкі ціскам, у выніку якога змяншаецца вышыня і павялічваюцца папярочныя памеры загатовак ці дэталяў. Праводзіцца на прэсах і молатах.

2) У металургіі — скачкападобнае зрушэнне ўніз (абвальванне) шыхтавых матэрыялаў, пераважна ў металург. печах, пры няроўным цячэнні плавільнага працэсу.

3) У будаўніцтве — вертыкальнае зрушэнне масы грунту (асновы збудавання), выкліканае павялічанай нагрузкай. Залежыць ад канструкцыйных асаблівасцяў збудавання і ўмоў яго эксплуатацыі, адбываецца нераўнамерна і павінна быць меншая за гранічна дапушчальную.

4) Асадка судна — адлегласць ад ватэрлініі да ніжняга пункта корпуса судна ў сярэдняй яго частцы; лінейная велічыня, якая характарызуе апусканне судна ніжэй за ўзровень вады пры рознай яго загрузцы.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)