Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСПА́ЗІЯ

(Aspazija; сапр. Розенберг Эльза; 16.3.1868, хутар Даўквас, воласць Заленіекі, Латвія — 5.11.1943),

латышская паэтэса і драматург. Жонка Я.Райніса. У п’есах «Жрыца» (1894), «Страчаныя правы» (паст. 1894), «Недасягнугая мэта» (1895) і публіцыст. артыкулах выступала за эмансіпацыю жанчыны, выкрывала мараль мяшчанства. Першы зб. вершаў «Чырвоныя кветкі» (1897) прасякнуты дэмакр. ідэямі і рамант. пафасам. Пасля разгрому т.зв. «Новай плыні» ў творах Аспазіі (зб. «Сутонне душы», 1901) з’явіліся матывы песімізму, душэўнай стомленасці, якія пазней змяніліся матывамі грамадз. барацьбы (п’еса «Сярэбранае пакрывала», (1905). У 1905—20 жыла ў эміграцыі (Швейцарыя). Творчасць гэтых гадоў вызначалася адыходам ад сац. тэматыкі (зб-кі «Сонечны куточак», 1910, «Бярэмя кветак», 1912). На бел. мову асобныя творы Аспазіі пераклаў В.Лукша (у кн. «Песня Даўгавы», 1986).

т. 2, с. 41

АСПАРАГІ́Н,

H2NOCOOH2CHNH2COOH, монаамід аспарагінавай кіслаты; заменная амінакіслата. Мал. м. 132,12. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе. Упершыню атрыманы са спаржы (Asparagus), адсюль назва. Уваходзіць у састаў бялкоў (багатыя аспарагінам бялкі ў вял. колькасці ўтвараюцца пры прарошчванні насення бабовых) і знаходзіцца ў свабодным стане ў вадкасцях і тканках раслін і жывёл. Разам з глутамінам аспарагін — растваральнае аміназмяшчальнае рэзервовае злучэнне для біясінтэзу бялкоў у многіх раслін. Пры ўтварэнні аспарагіну з аспарагінавай к-ты ў арганізме звязваецца таксічны аміяк.

т. 2, с. 41

АСПАРАГІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

α-амінаянтарная кіслата, монаамінадыкарбонавая кіслата, HOOCCH2CH(NH2)COOH, заменная амінакіслата. Мал. м. 133,1. Слаба раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў спірце і эфіры. У арганізме знаходзіцца ў свабодным стане, уваходзіць у састаў бялкоў (акрамя пратамінаў). Удзельнічае ў рэакцыях цыкла мачавіны і пераамінавання, біясінтэзе пурынаў і пірамідзінаў, папярэднік у біясінтэзе незаменных амінакіслот — метыяніну, трэаніну і лізіну ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Дэкарбаксіліраваннем аспарагінавай кіслаты могуць утварацца α- і β-аланіны. У абмене рэчываў аспарагінавая кіслата папярэднік і першая ступень распаду аспарагіну.

т. 2, с. 41

АСПАРА́ГУС,

тое, што спаржа.

т. 2, с. 41

АСПАРУ́Х,

Ісперых, Іспор (? — каля 701), хан протабалгараў [каля 643 — каля 701], першы хан славянабалг. дзяржавы [681 — каля 701]. У сярэдзіне 7 ст. пад націскам хазараў перайшоў з часткай плямёнаў протабалгараў з Прыазоўя ў Паўд. Бесарабію і на землі ўздоўж правага берага Дуная (належалі Візантыі). Рассяліўшыся ў Дабруджы і прылеглых раёнах, протабалгары Аспаруха падпарадкавалі саюз сямі слав. плямёнаў і стварылі аб’яднаную дзяржаву, вядомую як Першае Балгарскае царства; з 680 Аспарух яе хан (у 681 дзяржава прызнана Візантыяй).

т. 2, с. 41

АСПА́СІЯ,

Аспазія (Aspasia; каля 470 да нашай эры, г. Мілет — ?), адна з выдатных жанчын Стараж. Грэцыі. Не мела афін. грамадзянства, таму яе шлюб з Перыклам лічыўся незаконным. Вызначалася розумам, адукаванасцю і прыгажосцю. Вакол яе гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Паліт. праціўнікі Перыкла абвінавацілі Аспасію ў амаральнасці і непавазе да багоў, але з дапамогай мужа суд апраўдаў яе. Пасля Перыкла (429) стала жонкай яго сябра Лісікла.

Літ.:

Кравчук А. Перикл и Аспазия: Историко-худож. хроника: Пер. с польск. М., 1991.

т. 2, с. 41

АСПЕ́КТ

(ад лац. aspectus погляд, выгляд),

1) пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцці, з’явы; разуменне чаго-н. у пэўнай плоскасці.

2) У экалогіі — знешні выгляд расліннага згуртавання (фітацэнозу) у залежнасці ад пары года і відавога складу раслін. Ствараецца з агульнага фону расліннасці. Адрозніваюць аспект сезонны (па сезонным стане расліннасці) і аспект прыватны (паводле віду пераважных раслін, якія цвітуць або пладаносяць). Аспект наз. звычайна па афарбоўцы раслін, якія пераважаюць (напр., блакітны Аспект незабудкі, залаціста-жоўты аспект адонісу, буры аспект лісця высахлай асакі). Звычайна аспекты фітацэнозаў пастаянныя на працягу шэрагу гадоў і парушаюцца толькі ў гады масавага цвіцення або плоданашэння асобных відаў. Змена аспектаў рэгіструецца метадам каляровай фатаграфіі з зямлі або з космасу.

т. 2, с. 41

АСПЕРГІ́Л

(Aspergillus),

род недасканалых грыбоў класа гіфаміцэтаў. Каля 100 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Упершыню апісаны італьян. міколагам П. Мікелі ў 1729. На Беларусі найб. практычнае значэнне маюць аспергілы: чорны (Aspergillus niger), жоўта-рысавы (Aspergillus flavus-oryzae), гнездавы (Aspergillus nidulans), дымучы (Aspergillus fumigatus), рознакаляровы (Aspergillus versicolor). Большасць іх сапратрофы. Развіваюцца ў глебе, асабліва на раслінных субстратах. Некаторыя — паразіты чалавека, жывёл і раслін, узбуджальнікі аспергілёзу.

Калоніі аспергілаў — напылы плесні рознага колеру, часцей блакітна-зялёнага і чорнага. Вегетатыўнае цела — шматклетачны, галінасты, бясколерны або бледна-карычневы міцэлій унутры субстрату. Канідыяносцы аднаклетачныя ці з папярочнымі перагародкамі. Канідыі розных колеру, формы і памераў. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, светлыя. Сумкі акруглыя або эліптычныя. Разбураюць тканіну, скуру, пластмасы. Выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты антыбіётыкаў, ферментаў, арган. к-т, вітамінаў, спірту, алкалоідаў, а таксама пры ацэнцы ўстойлівасці паперы да плеснення, пры вызначэнні эфектыўнасці фумігацыі, у лабараторных даследаваннях. Некаторыя віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з фітапатагенпымі мікраарганізмамі.

т. 2, с. 42

АСПЕРГІЛЁЗ,

аспергіламікоз, хранічная інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека. Выклікаецца плесневымі грыбамі з роду аспергіл. Пашыраны па ўсім свеце. На Беларусі трапляецца спарадычна. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі і стрававальна-кішачны тракт. Да аспергілёзу асабліва ўспрыімлівыя птушкі (качкі, гусі, галубы і інш), буйн. раг. жывёла, коні, авечкі, сабакі, каты, пчолы. Бывае і ў людзей, занятых перапрацоўкай с.-г. сыравіны, заражанай спорамі грыба. Праяўляецца ў запаленні скуры, слізістых абалонак, органаў дыхання і стрававання.

т. 2, с. 42

АСПЕРМІ́Я

(ад а... + грэч. sperma семя),

адсутнасць у семі сперматазоідаў і клетак сперматагенезу. Пры гэтым у час палавога акта захоўваецца выдзяленне невял. колькасці вадкасці (складаецца з сакрэту прастаты і семявых пузыркоў) і аргазм. Прычыны асперміі — прыроджаная адсутнасць або недаразвіццё семявыносных пратокаў або іх закупорка пры захаванні нармальнай генератыўнай функцыі яечак (абтурацыйная аспермія), а таксама няздольнасць яечак выпрацоўваць сперматазоіды (тэстыкулярная аспермія). Аспермія — адна з прычын мужчынскага бясплоддзя.

т. 2, с. 42