Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСУА́Н

(стараж. назва Сіене, Сіена),

горад на ПдУ Егіпта. Адм. ц. мухафазы Асуан. Порт на р. Ніл. Трансп. вузел. 192 тыс. ж. (1986). Хім. (азотныя ўгнаенні), тэкст., харч. прам-сць, здабыча жал. руды, буд. каменю. Каля горада гідраэнергет. комплексы Асуанскіх плацін. Цэнтр турызму і месца паломніцтва мусульманаў — ісмаілітаў, філіял Каірскага музея старажытнасцяў. Помнікі архітэктуры: скальная грабніца намарха Сарэнпута II (20 ст. да нашай эры), Абу-Сімбел, хрысц. манастыр св. Сімяона (8—13 ст.), мінарэт і маўзалеі (10—11 ст.). Батанічны сад. Курорт. Сухі трапічны клімат з умовамі для лячэння хвароб нырак.

т. 2, с. 61

АСУА́Н,

вадасховішча ў Егіпце, з 1970 наз. Насэр.

т. 2, с. 61

АСУА́НСКІЯ ПЛАЦІ́НЫ,

самыя вялікія комплексныя гідратэхн. збудаванні ў Егіпце, на р. Ніл каля г. Асуан. Старая Асуанская плаціна (пабудавана ў 1898—1902) каля першага нільскага парога. Даўж. каля 2 км, выш. каля 54 м, шыр. па грэбені каля 8 м. Аб’ём вадасховішча 5,5 млрд. м³. Паблізу — ГЭС магутнасцю больш за 350 МВт. Новая Вышынная каменнанакідная плаціна (1960—70; пры садзейнічанні СССР) за 6—7 км на Пд ад Старой плаціны. Даўж. каля 4 км, выш. 110 м, шыр. каля асновы 980 м. Аб’ём створанага каля Вышыннай плаціны вадасх. Насэр 160 млрд. м³. Магутнасць Асуанскага гідратэхн. комплексу 21 ГВт. Стварэнне Асуанскага гідратэхнічнага комплекса дало магчымасць павялічыць пасяўныя плошчы ў Егіпце амаль на 1/3, ліквідаваць пагрозу паводак, палепшыць рачную навігацыю, садзейнічала развіццю энергаёмістых галін гаспадаркі.

т. 2, с. 61

АСУА́РЫЙ

[лац. ossuarium ад os (ossis) косць],

умяшчальня для касцей нябожчыка. Да асуарыяў належаць невял. аб’екты для адзіночнага пахавання (ларнак, піфас, урна), а таксама пячоры ці збудаванні для некалькіх пахаванняў (камерная грабніца, толас і інш.).

т. 2, с. 61

АСУ́ДЖАНЫ,

асоба, у адносінах да якой судом вынесены прыгавор аб прызнанні яе вінаватай у злачынстве і назначана мера пакарання. У адпаведнасці з заканадаўствам асуджаны нясе абавязкі і карыстаецца правамі грамадзяніна з некаторымі абмежаваннямі, ступень якіх вызначаецца прыгаворам і залежыць ад рэжыму і ўмоў адбывання пакарання.

т. 2, с. 61

АСУНСЬЁН

(Asuncin),

горад, сталіца Парагвая, на ўсх. беразе р. Парагвай. 502,4 тыс. ж. (1992). Гандл. порт, транспартны і камерцыйны цэнтр (75% экспарту і 90% імпарту) краіны. Міжнар. аэрапорт, чыг. станцыя. Асн. прамысл. цэнтр краіны: тэкст., гарбарна-абутковая, харчовая (мясахаладабойні, кансервавая, цукр. і інш.), дрэваапр. прам-сць. Цэнтр вытв-сці экстракту кебрача. Суднаверф. Паблізу Асунсьёна — нафтаперапр. З-д. 2 ун-ты, 3 акадэміі, у тым ліку мовы і культуры гуарані.

Засн. 15.8.1537 ісп. канкістадорамі ў дзень Прачыстай, адсюль назва (ісп. Asuncin Прачыстая). Да пач. 17 ст. цэнтр ісп. калоній у раёне Ла-Платы. У маі 1811 у Асунсьёне абвешчана незалежнасць Парагвая. У час Парагвайскай вайны 1864—70 у студз. 1869 акупіраваны браз. войскамі, у выніку загінула каля 2/3 жыхароў горада.

т. 2, с. 61

АСУША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

меліярацыйная сістэма для асушэння балот і пераўвільготненых тэрыторый. У склад асушальнай сістэмы ўваходзяць асушаныя землі, водапрыёмнікі, асушальная сетка (праводная, агараджальная, рэгулявальная), гідратэхнічныя збудаванні, эксплуатацыйныя і прыродаахоўныя збудаванні і інш.

Паводле спосабу адвядзення вады асушальныя сістэмы падзяляюць на самацёчныя (вада з асушальнай сеткі паступае ў водапрыёмнік самацёкам, найб. пашыраны на Беларусі), з мех. водапад’ёмам (ваду адводзяць з дапамогай помпавых станцый) і змешаныя. Паводле віду рэгулявальнай сеткі асушальныя сістэмы падзяляюцца на адкрытыя (каналы) і закрытыя (дрэны). Каб забяспечыць асушэнне ці ўвільгатненне зямель, будуюць асушальна-ўвільгатняльныя сістэмы.

т. 2, с. 61

АСУШНО́Е,

возера ў Беларусі, у Жлобінскім раёне Гомельскай вобл., на пойме Дняпра, ніжэй за вусце р. Добасна, за 7 км на ПдУ ад г. Жлобін. Пл. 0,3 км², даўж. 3,05 км, найб. шыр. 0,11 км. Пл. вадазбору 3 км². Злучана ручаём з Дняпром.

т. 2, с. 61

АСУШЭ́ННЕ,

адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.

Асушэнне рабілі за 3 тыс. г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс. г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб. асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.

У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн. га (1994), з іх 2,8 млн. га с.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).

Найб. асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.

Літ.:

Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осуштительно-увлажнительные системы. М., 1981;

Аношко В.С. Мелиоративная географияБелоруссии. Мн., 1978.

Б.Я.Кухараў.

т. 2, с. 61

АСУЭ́ЛА

(Azuela) Марыяна (1.1.1873, г. Лагас дэ Марэна, Мексіка — 1.3,1952),

мексіканскі пісьменнік. Раманы «Няўдачнікі» (1908), «Пустазелле» (1909) пра грамадскае жыццё Мексікі ў часы дыктатуры П.Дыяса. Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, падзеі якой адлюстраваў у рамане «Тыя, хто ўнізе» (1916). У раманах «Касіки» (1917), «Муха», «Хваляванні добрапрыстойнай сям’і» (абодва 1918), «Таварыш Пантоха» (1937), «Новая буржуазія» (1941), «Праклён» (1955) і інш. расчараванне вынікамі рэвалюцыі, непрыняцце паслярэв. рэчаіснасці. Раманы «Ліхадзейка» (1923), «Адплата» (1925), «Светлячок» (1931) пазначаны рысамі сюррэалізму, псіхааналізам з ухілам у паталогію.

Тв.:

Рус. пер. — Те, кто внизу: Роман о мексик. революции // Асуэла М. Те, хто внизу;

Гальегос Р. Донья Барбара;

Астуриас М.А. Сеньор Президент. М., 1970.

Літ.:

Винниченко И.В. Мариано Асуэла. М., 1972.

т. 2, с. 62