Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСЬЕ́НДА

(ісп. hacienda),

буйное памесце ў большасці лац.-амер. краін. Пачалі стварацца пасля захопу ісп. каланізатарамі зямель карэннага насельніцтва. У канцы 16 — пач. 17 ст. ператварыліся ў спадчынныя феад. памесці, да якіх былі прымацаваны індзейцы, абавязаныя працаваць на памешчыкаў. У цяперашні час асьенды — асн. тып буйнога зямельнага ўладання.

т. 2, с. 64

АСЬМІ́НА,

даўняя мера сыпкіх рэчываў. На Беларусі ў 16—18 ст. 1 асьміна = ⅛ бочкі віленскай = 18 малых гарцаў = 50,84 л. У Расіі да ўвядзення метрычнай сістэмы мераў 1 асьміна = ⅛ кадзі (кадзь — вялікая бочка) = ½ чвэрці = 104,95 л.

т. 2, с. 64

АСЬЮ́Т,

горад у Егіпце, порт на р. Ніл. Адм. ц. мухафазы Асьют. 291 тыс. ж. (1986). Аэрапорт. Гандл.-трасп. цэнтр. Бавоўна-ткацкая, цэментавая, хім., гарбарна-абутковая прам-сць; дывановая ф-ка. Ун-т. Вышэйшая мусульманская школа (з 1415).

т. 2, с. 64