АСФА́ЛЬТ
(ад грэч. asphaltos горная смала),
будаўнічы су́вязны матэрыял. Прыродны асфальт утвараецца пры акісленні нафты пасля выпарэння лёгкіх фракцый. Пашыраны ў раёнах неглыбокага залягання і выхаду на паверхню нафтаноснай пароды. Штучны асфальт — сумесь бітумаў (13—60%) з тонказдробненым вапняком, пясчанікам і інш., адрозніваецца ад прыроднага наяўнасцю парафіну і нафтавага масла. Асфальт выкарыстоўваюць як дахавы гідраізаляцыйны матэрыял, у вытв-сці асфальтабетону, замазак, клею.
т. 2, с. 62
АСФАЛЬТАБЕТО́Н,
асфальтавы бетон, будаўнічы матэрыял, які атрымліваюць ушчыльненнем спецыяльна прыгатаванай у нагрэтым стане сумесі друзу, пяску, мінер. парашку і бітуму. Для надання асфальтабетону аднароднасці і паляпшэння яго якасці ў сумесь дабаўляюць таксама паверхнева-актыўныя рэчывы.
Адрозніваюць асфальтабетон гарачы — мае ў сабе вязкі бітум і ўкладваецца пры т-ры не ніжэй за 120 °C; цёплы — малавязкі, з т-рай укладкі 40—85 °C, халодны — з вадкім бітумам, які ўкладваецца пры т-ры навакольнага асяроддзя, але не ніжэй за 10 °C. Асфальтабетон бывае буйна-, дробназярністы і пясчаны (памеры зерня 40, 20 і 5 мм адпаведна). Выкарыстоўваецца для буд-ва пакрыццяў і асновы аўтамабільных дарог, аэрадромаў, гарадскіх вуліц і плошчаў.
т. 2, с. 62
АСФАЛЬТАБЕТОНАЎКЛА́ДЧЫК,
машына для ўкладкі асфальтабетону і інш. бітумна-мінеральных сумесяў на аснову пры буд-ве і рамонце дарожных і аэрадромных пакрыццяў. Бываюць асфальтаўкладчыкі гусенічныя, калёсныя, камбінаваныя; цяжкія (прадукцыйнасць да 100 т/гадз) і лёгкія (25—50 т/гадз). Сумесь з бункера асфальтаўкладчыка падаецца да шнэкаў, якія размяркоўваюць яе па шырыні паласы ўкладкі. Разраўноўванне і прафіляванне пакрыцця робяцца з папярэднім яго ўшчыльненнем. Сучасныя асфальтаўкладчыкі аснашчаюцца аўтам. сістэмамі кіравання. Буйнейшыя вытворцы асфальтаўкладчыкаў у ЗША, Германіі, Расіі.
т. 2, с. 62
АСФАЛЬТАВА́ННЕ,
размеркаванне на цвёрдай трывалай аснове асфальту і асфальтабетону. Асн. сферы прымянення — буд-ва дарог, аэрадромаў, гідраізаляцыйныя работы і інш. Робіцца асфальтабетонаўкладчыкам у 1—2 (3—4) слоі таўшчынёй ад 3—4 да 7—9 см. Асфальтабетонная сумесь утрамбоўваецца лёгкімі, потым цяжкімі каткамі. На Беларусі асфальтаванне вуліц пачалося ў 2-й пал. 19 ст. літым асфальтабетонам. На пач. 1995 працягласць заасфальтаваных дарог складала 77 тыс. км.
т. 2, с. 62
АСФА́ЛЬТАВЫЯ ПАРО́ДЫ,
прыродныя ўтварэнні, пераважна пясчанікі, вапнякі, даламіты, якія маюць у порах, трэшчынах, кавернах асфальт. Утвараюцца ў выніку выветрывання нафты адначасовым абагачэннем астатку смоламі і асфальтэнамі. Колькасць асфальту вагаецца ад некалькіх да 20%. Пашыраны на многіх нафтагазаносных тэрыторыях.
т. 2, с. 62
АСФІ́КСІЯ
(грэч. asphyxia літар. адсутнасць пульсу),
паталагічны стан, што ўзнікае ў арганізме ад рэзкага недахопу кіслароду і лішку вуглекіслаты. Асфіксія механічная ўзнікае ад спынення доступу паветра ў лёгкія, асфіксія таксічная — ад дзеяння розных хім. рэчываў. Пры асфіксіі ўзнікаюць задышка і галавакружэнне, пачашчаецца пульс, павышаецца крывяны ціск, зацямняецца свядомасць, трацяцца адчувальнасць і рэфлексы, спыняюцца дыханне і сардэчная дзейнасць. Неадкладныя меры: штучнае дыханне, лякарствы, якія ўзбуджаюць дыхальны і сасудзісты цэнтры.
т. 2, с. 63