Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АСМАГЛА́ССЕ,

сістэма знаменнага распеву ў стараж.-правасл. пеўчым мастацтве. Складалася з 8 самаст. частак — гласаў, якія ўяўлялі сабой арганізацыю песнапенняў, засн. на пэўным меладычным папевачным складзе і суаднясенні папевак, падпарадкаваных ладавай апорнасці.

Песнапенні аднаго гласа спяваліся на працягу тыдня, пасля іх змянялі песнапенні наступнага па парадкавым нумары гласа. 8-тыднёвы цыкл з 1-га да 8-га гласа ўтвараў т.зв. стоўп (песнапенні святаў маглі не супадаць з тыднёвымі). Парадак чаргавання гласаў канчаткова ўсталяваўся ў 15 ст. Сістэме асмагласся падпарадкаваны знаменны распеў, пуцявы, грэчаскі, балгарскі, кіеўска-літоўскі і інш., у т. л. мясц. распевы на Беларусі — супрасльскі, слуцкі, жыровіцкі і інш. Унутраная муз. арганізацыя гласаў і сістэмы асмагласся магла будавацца на аснове 2 прынцыпаў — ладава-гукараднага (суаднясенне пануючага і канечнага тонаў) і ладава-меладычнага (сума меладычных формул — папевак; фіксаваліся строга замацаванымі за імі графічнымі знакамі). З развіццём мелодыкі песнапенняў сістэма асмагласся часткова парушылася, гласы часткова страцілі ладава-меладычную характэрнасць. Асн. рысы асмагласся — дыятанізм, у меладычнай аснове — лады-інтанацыі, лады-папеўкі, унутрыладавая шматустойнасць. Звод асмагласся змешчаны ў «Асмагласніку», або «Актоіху». Найб. вядомыя асмаглассі: «Сімвал веры», «Свеце ціхі», трапар «Уваскрэсенне Хрыстова».

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 2, с. 37

АСМАЛО́ЎСКАЯ (Галіна Віктараўна) (н. 15.12.1936 г. Горкі Магілёўскай вобл.),

бел. дамрыстка і педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1962, клас Г.​Жыхарава), з 1963 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Адначасова ў 1960—70 была ў складзе секстэта домраў Бел. тэлебачання і радыё.

т. 2, с. 37

АСМАЛО́ЎСКАЯ (Зоя Васілеўна) (н. 1.3.1923 г. Орша),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952). З 1954 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца вострым адчуваннем характарнай адметнасці і эмац. стану, арганічным жыццём у вобразе. Сярод роляў: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Ульяна («Трывога» А.​Петрашкевіча), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.​Галіна), Понсія («Дом Бернарды Альбы» Ф.​Гарсія Лоркі), Селія («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі).

т. 2, с. 37

АСМАЛО́ЎСКІ (Валянцін Васілевіч) (н. 15.2.1924 в. Гослеў Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1968). Праф. (1969). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1951). З 1954 прарэктар Крыварожскага гарнаруднага ін-та. З 1972 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (да 1987 прарэктар). Навук. працы па арганізацыі і кіраванні вытворчасцю. Адзін з аўтараў дапаможнікаў для ВНУ «Арганізацыя, планаванне і кіраванне дзейнасцю прамысловага аб’яднання (прадпрыемства)» (1984), «Эканоміка прамысловасці СССР» (1984), «Тэорыя аналізу гаспадарчай дзейнасці» (1989).

т. 2, с. 37

АСМАЛО́ЎСКІ (Юрый Міхайлавіч) (н. 5.7.1942, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. трэнер Беларусі (1968), засл. трэнер СССР (1970). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1963). З 1964 трэнер старт. т-ва «Працоўныя рэзервы», з 1993 трэнер-выкладчык Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства Цэнтра фіз. выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь. Сярод выхаванцаў чэмпіёны свету, Еўропы Т.​Папова, М.​Хахол, Л.​Кабакова і інш.

т. 2, с. 37

АСМА́Н (Ібн Афан) (?—656),

трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З роду Амеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.

т. 2, с. 37

АСМАНІ́ЗМ, атаманізм,

ідэйна-паліт. дактрына, высунутая «новымі асманамі» і младатуркамі ў Асманскай імперыі ў канцы 19 ст. Напачатку дэкларавала «роўнасць усіх асманаў», г. зн. усіх падданых Асманскай імперыі без нац. і рэліг. адрознення. Потым, асабліва пасля прыходу младатуркаў да ўлады ў 1908, ператварылася ў сродак барацьбы супраць нац. патрабаванняў нетурэцкіх народаў і ў ідэалаг. абгрунтаванне неабходнасці іх атурэчвання дзеля стварэння «адзінай асманскай нацыі».

т. 2, с. 37

АСМА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Атаманская імперыя,

афіцыйная назва султанскай Турцыі да 1922 — ад імя заснавальніка дынастыі султана Асмана I [1299 ці 1300 — 1324]. Склалася ў 15—16 ст. Аб’ядноўвала Пярэднюю Азію, Балканскі п-аў, Егіпет і інш. краіны Паўн. Афрыкі. Фактычна распалася пасля паражэння ў 1-й сусв. вайне (1918), юрыдычна — у 1922, калі быў ліквідаваны султанат.

т. 2, с. 37

АСМА́НЫ,

1) дынастыя турэцкіх султанаў

[1299 ці 1300—1922]. Заснавальнік Асман I [1299 ці 1300 — 1324]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Баязід I, Мехмед II, Селім I Явуз [1512—20],

Сулейман I Кануні, Селім III, Махмуд II, Абдул-Хамід II. Апошні асманскі султан Мехмед VI Вахідэдзін [1918—22] уцёк з Турцыі пасля ліквідацыі султаната (1.11.1922). З ліквідацыяй халіфата (3.3.1924) усе члены дынастыі выгнаны з краіны.

2) Турэцкае насельніцтва Асманскай імперыі.

т. 2, с. 37

АСМА́РА,

гл. Асмэра.

т. 2, с. 38