АСВЕ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 28 км на Пн ад г. Верхнядзвінск. Пры ўзроўні возера 129,8 м пл. 52,8 км², даўж. 11,4 км, найб. шыр. 7,8 км, найб. глыб. 7,5 м.
Схілы — узгоркі і грады выш. да 30 м, пад лесам, часткова разараныя. На З да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі пераважна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком, на Пд амаль зліваюцца са схіламі, занятыя сухадольнымі травамі. Берагавая лінія слабазвілістая, даўж. 33,4 км. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, каля 80% пл. выслана гліністымі глеямі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўд.-ўсх. берагоў дно выслана заглееным пяском. У возера ўпадае р. Выдрынка, больш за 40 ручаёў, канал без назвы. Сцёк праз канал Дзегцяроўка. У зах. частцы высокі (да 30 м) востраў пл. каля 5 км², вакол яго паласа надводнай расліннасці шыр. да 100 м і невял. ўчасткі пяску каля паўд. берага. Характэрны ўстойлівая летняя і зімовая межань, павышаны ўзровень вады ўвосень. Устойлівы ледастаў у пач. снежня. Растае лёд звычайна ў красавіку. Т-ра вады на глыб. 0,5 м у летнюю межань 15,8 °C, у зімовую — 0,6 °C. Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Каля 40% пл. дна возера зарастае трыснягом і аерам. Гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у трысняговых зарасніках на ПдУ водзяцца андатра, бабёр. Рыбапрамысловасць (лешч, шчупак, язь, судак, мянтуз, карась, сазан, ёсць вугор). У складзе біял. заказніка Асвейскі. На паўд. беразе возера г.п. Асвея.
т. 2, с. 23