Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСЛАМАЗЯ́Н Марыям Аршакаўна

(20.10.1907, с. Баш-Шырак, каля г. Кумайры, Арменія — ?),

жывапісец і графік. Нар. мастак Арменіі (1965). Вучылася ў маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), у Ленінградскім ін-це пралетарскіх выяўл. мастацтваў (1930—32). Прадстаўнік арм. школы дэкар. нацюрморта («Армянскі нацюрморт», 1955; «Горная сімфонія Арменіі», 1976); аўтар пейзажаў, партрэтаў, тэматычных карцін, дэкар. вырабаў з керамікі.

Літ.:

Сарабьянов А. Мариам Асламазян: [Альбом]. М., 1979.

т. 2, с. 36

АСЛІ́К,

Асліўка, Ослік, рака ў Беларусі, у Круглянскім і Бялыніцкім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 66 км. Пл. вадазбору 413 км. Пачынаецца за 2,5 км на ПдЗ ад в. Саннікі Круглянскага р-на. Паўн. частка на Аршанска-Магілёўскай, паўд. — на Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. 500—800 м. Рэчышча звілістае, шыр. 10—20 м, ад вытоку на працягу 8 км каналізаванае.

т. 2, с. 36

АСЛІКО́ЎСКІ Мікалай Сяргеевіч

(12.9.1900, г.п. Ляцічаў Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1971),

сав. ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую школу каманднага саставу ў Харкаве (1921), Ваен. акадэмію Генштаба (1942). У Чырв. Арміі з 1919. У грамадз. вайну камандзір партыз. атрада, кав. эскадрона, палка, дывізіі. З чэрв. 1941 на франтах Вял. Айч. вайны. Удзельнік бітвы пад Масквой, Бел. аперацыі 1944. Кавалерысты корпуса пад яго камандаваннем вызначыліся ў баях за вызваленне гарадоў Ліда і Гродна. Удзельнік вызвалення Польшчы і Усх. Германіі. Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 36

АСЛІ́ННІК,

энатэра, начная свечка (Oenothera), род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Амерыкі, многія занесены на інш. кантыненты. На Беларусі 2 віды: асліннік двухгадовы (Oenothera biennis) і чырвонасцябловы (Oenothera rubricaulis). Трапляюцца каля дарог, на пясчаных мясцінах і берагах рэк.

Пераважна двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,5 м. Лісце суцэльнае, ланцэтападобнае, чаргаванае, зубчастае; прыкаранёвае авальнае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронках. Плод — каробачка. Многія віды і іх гібрыды дэкаратыўныя расліны. Корань мае шмат цукру і пратэіну, прыдатны ў ежу. У насенні да 25% алею. Выкарыстоўваюць у нар. медыцыне пры туберкулёзе, запаленні нырак. Добры меданос.

т. 2, с. 37

«АСЛІ́НЫ ХВОСТ»,

групоўка расійскіх мастакоў на чале з М.Ларыёнавым, якія арганізавалі ў 1912 дзве аднайм. выстаўкі ў Маскве і Пецярбургу. Назва ад выстаўленай у 1910 у парыжскім Салоне Незалежных карціны, напісанай хвастом асла. Выступаючы супраць класічных нормаў у маст. творчасці, члены групоўкі (Н.Ганчарова, К.Малевіч, А.Маргуноў, В.Татлін, А.Фанвізін, М Шагал, А.Шаўчэнка і інш.) звярнуліся да прымітывізму, традыцый рус. іканапісу і лубка. Цэнтр. месца на іх выстаўцы займалі творы на сял. тэму Ганчаровай, «салдацкія карціны» Ларыёнава, жанравыя палотны Малевіча. У 1913 яны правялі выстаўку «Мішэнь», якая стала этапам на шляху да абстрактнага мастацтва.

Літ.:

«Ослиный хвост» и «М шпень». М., 1913;

Золотой век художественных обьединений в России и СССР (1820—1932): Справ. Спб., 1992.

М.Л.Цыбульскі.

т. 2, с. 37

АСЛІ́ЎКА,

рака ў Беларусі, гл. Аслік.

т. 2, с. 37

Аслюк Віктар Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 337