АСМАГЛА́ССЕ,

сістэма знаменнага распеву ў стараж.-правасл. пеўчым мастацтве. Складалася з 8 самаст. частак — гласаў, якія ўяўлялі сабой арганізацыю песнапенняў, засн. на пэўным меладычным папевачным складзе і суаднясенні папевак, падпарадкаваных ладавай апорнасці.

Песнапенні аднаго гласа спяваліся на працягу тыдня, пасля іх змянялі песнапенні наступнага па парадкавым нумары гласа. 8-тыднёвы цыкл з 1-га да 8-га гласа ўтвараў т.зв. стоўп (песнапенні святаў маглі не супадаць з тыднёвымі). Парадак чаргавання гласаў канчаткова ўсталяваўся ў 15 ст. Сістэме асмагласся падпарадкаваны знаменны распеў, пуцявы, грэчаскі, балгарскі, кіеўска-літоўскі і інш., у тым ліку мясц. распевы на Беларусі — супрасльскі, слуцкі, жыровіцкі і інш. Унутраная муз. арганізацыя гласаў і сістэмы асмагласся магла будавацца на аснове 2 прынцыпаў — ладава-гукараднага (суаднясенне пануючага і канечнага тонаў) і ладава-меладычнага (сума меладычных формул — папевак; фіксаваліся строга замацаванымі за імі графічнымі знакамі). З развіццём мелодыкі песнапенняў сістэма асмагласся часткова парушылася, гласы часткова страцілі ладава-меладычную характэрнасць. Асн. рысы асмагласся — дыятанізм, у меладычнай аснове — лады-інтанацыі, лады-папеўкі, унутрыладавая шматустойнасць. Звод асмагласся змешчаны ў «Асмагласніку», або «Актоіху». Найб. вядомыя асмаглассі: «Сімвал веры», «Свеце ціхі», трапар «Уваскрэсенне Хрыстова».

Л.П.Касцюкавец.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)