АСПАРАГІ́Н,
H2NOCOOH2CHNH2COOH, монаамід аспарагінавай кіслаты; заменная амінакіслата. Мал. м. 132,12. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе. Упершыню атрыманы са спаржы (Asparagus), адсюль назва. Уваходзіць у састаў бялкоў (багатыя аспарагінам бялкі ў вял. колькасці ўтвараюцца пры прарошчванні насення бабовых) і знаходзіцца ў свабодным стане ў вадкасцях і тканках раслін і жывёл. Разам з глутамінам аспарагін — растваральнае аміназмяшчальнае рэзервовае злучэнне для біясінтэзу бялкоў у многіх раслін. Пры ўтварэнні аспарагіну з аспарагінавай к-ты ў арганізме звязваецца таксічны аміяк.
т. 2, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)