АСАБНЯ́К,
добраўпарадкаваны гарадскі ці загарадны дом. Асабнякі пашырыліся ў 18—19 ст. у краінах Зах. Еўропы, Беларусі, Расіі. На Беларусі паводле арх.-планіровачнай структуры блізкія да сядзібных дамоў (Брэст, Ваўкавыск, Гомель, Пружаны, Слонім). Вызначаліся лаканізмам у вырашэнні планаў і фасадаў. Паводле планіровачнай кампазіцыі — пераважна 6-часткавыя з вылучанай у цэнтры залай і анфіладай меншых памяшканняў. У асабняках 1-й пал. 19 ст. з’явілася калідорная сістэма (Мазыр). Фасады аздаблялі 4-калонным порцікам. Выкарыстанне цэглы і дрэва ў буд-ве асабнякоў абумовіла спалучэнне стылявых дэталяў класічнай архітэктуры з элементамі нар. дойлідства (дом Агінскага ў Гродне). Асабнякі адыгрывалі важную ролю ў гар. асяроддзі і стваралі арх. акцэнты забудовы (Ашмяны, Пінск, Слонім і інш.). Сучасныя буд. матэрыялы і канструкцыі значна ўзбагацілі архітэктуру асабнякоў новымі выразнымі сродкамі і прыёмамі. У прыгарадзе і сельскай мясцовасці па індывідуальных праектах будуюцца добраўпарадкаваныя катэджы.
т. 2, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)