АСАДЖЭ́ННЕ,

выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у тым ліку радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)