АДНАЗВЯ́ЗНАЯ ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы, адкрытая ці замкнутая вобласць, у якой любы замкнуты контур можна неперарыўна сцягнуць у пункт, не выходзячы за мяжу вобласці. Для любой замкнутай неперарыўнай крывой, якая належыць адназвязнай вобласці, частка плоскасці, якая абмежавана гэтай крывой, належыць вобласці. Адназвязнай вобласцю з’яўляецца, напр., інтэрвал, сегмент, круг, шар (адкрытыя ці замкнутыя). Мяжа адназвязнай вобласці складаецца з аднаго кавалка. Напр., мяжа круга (адназвязная вобласць) — акружнасць. Гл. таксама Мнагазвязная вобласць.
т. 1, с. 122
АДНАЗНА́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ
(матэм.),
функцыя, якая прымае толькі адно значэнне для аднаго значэння аргумента з вобласці вызначэння гэтай функцыі, напр., x2, 2x, cos x.
т. 1, с. 122
АДНАКАМПЛЕ́КТНАЯ ШКО́ЛА,
пачатковая школа, у якой усе класы вядзе адзін настаўнік. Звычайна працуюць у невял. населеных пунктах пры наяўнасці 4 пач. класаў з агульнай колькасцю да 10 вучняў, якія аб’яднаны ў клас-камплекг. Навучанне вядзецца па праграмах для пач. класаў агульнаадук. школы. У 1994/95 навуч. г. на Беларусі было 24 аднакамплектныя школы, колькасць іх паступова скарачаецца.
Л.І.Дурэйка.
т. 1, с. 122
АДНАКВЕ́ТКА
(Moneses),
род шматгадовых травяністых раслін сям. грушанкавых. Вядомы 1 від — аднакветка буйнакветная (M. uniflora), пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. Расце ў імшыстых і чарнічных хваёвых лясах, на купінах нізінных і пераходных балот, у гарах уздымаецца да субальпійскага пояса на выш. да 2,4 тыс. м над узр. м. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўн. раёнах.
Выш. 3—17 см. Лісце супраціўнае, акруглае, скучанае ў ніжняй ч. сцябла. Карэнішча паўзучае. Кветкі адзіночныя, белыя, вельмі духмяныя. Цвіце ў чэрв. — пач. ліпеня. Плод — шарападобная шматнасенная каробачка. Лек расліна, выкарыстоўваецца як сродак ад вочных захворванняў.
т. 1, с. 122
АДНАКЛА́СНАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА навучальная ўстанова ў Рас. імперыі. На Беларусі першыя аднакласныя пачатковыя вучылішчы існавалі пры манастырах каталіцкіх ордэнаў. Паводле Статута для прыходскіх вучылішчаў 1807 для дзяцей бедных рамеснікаў і сялян ствараліся аднакласныя пачатковыя вучылішчы з адным настаўнікам, якія мелі 6-месячны тэрмін навучання. Вучэбныя планы абмяжоўваліся практычнымі мэтамі. Паводле Статута 1828 дзейнасць аднакласных пачатковых вучылішчаў мела саслоўны характар. «Часовыя правілы для народных школ...» 1863 дазвалялі прыём у аднакласныя пачатковыя вучылішчы дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў; выкладалі Закон Божы, рус. мову, першыя чатыры дзеянні арыфметыкі, спевы. У сярэдзіне 1870-х г. на Беларусі было 50 аднакласных пачатковых вучылішчаў (36 з іх мелі жан. змены), у пач. 1890-х г. — 70 з 2-гадовым тэрмінам навучання. Паводле «Палажэння аб царкоўных школах праваслаўнага веравызнання» (1902) існавалі аднакласныя пач. школы царк. ведамства з 3-гадовым тэрмінам навучання (гл. Царкоўнапрыходскія школы). З павелічэннем ролі земстваў (1911) аднакласныя пачатковыя вучылішчы царк. ведамства не вытрымалі канкурэнцыі з земскімі школамі, дзе даваліся больш глыбокія веды, і сталі пераходзіць на земскае ўтрыманне (Віцебская, Магілёўская, Мінская губерні).
С.В.Снапкоўская.
т. 1, с. 122
АДНАКЛЕ́ТАЧНЫЯ,
арганізмы, целы якіх складаюцца з адной клеткі. Існуюць 2 узроўні арганізацыі аднаклетачных: пракарыётны (бактэрыі і сіне-зялёныя водарасці) і эўкарыётны (зялёныя і інш. водарасці, прасцейшыя). У пракарыётаў няма дыферэнцыраванага клетачнага ядра, у эўкарыётаў яно ёсць і можа дзяліцца. Аднаклетачныя спалучаюць уласцівасці клеткі і самаст. арганізма. Маюць простую будову (хларэлы, амёбы) і складаную (ацэтабулярыі, інфузорыі). Многія ўтвараюць калоніі. Ад аднаклетачных узніклі шматклетачныя.
т. 1, с. 122
АДНАКЛЕ́ТАЧНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ,
гл. ў арт. Водарасці.
т. 1, с. 122
АДНАМЕ́РНАГА ЧАЛАВЕ́КА КАНЦЭ́ПЦЫЯ,
найбольш поўнае выражэнне «крытычнай тэорыі грамадства», звязанай з даследаваннямі сац. канфармізму і сац.-псіхал. тыпаў асобы. Назва ад кнігі заснавальніка гэтай канцэпцыі Г.Маркузе «Аднамерны чалавек. Нарысы ідэалогіі высокаразвітога індустрыяльнага грамадства». Істотную ролю ў станаўленні канцэпцыі адыгралі ідэі З.Фрэйда, В.Райха, Т.Адорна, Э.Фрома і інш. даследчыкаў механізмаў адчужэння чалавека.
Аднамернасць як разбурэнне чалавечай суб’ектыўнасці Маркузе звязваў з развітой індустрыяльнай цывілізацыяй, рэпрэсіўным уздзеяннем тэхнікі на духоўны свет асобы. «Аднамерны чалавек» — канфарміст, які поўнасцю інтэграваны ў «сістэму», лёгка паддаецца маніпуліраванню, яго адносіны да свету павярхоўныя, некрытычныя, схільнасці і патрэбы скажоны прынцыпам прадукцыйнасці, што выклікае спажывецкую арыентацыю. Аднамернасці проціпастаўляецца двухмернасць чалавека, якая дапускае наяўнасць унутранага свету асобы, здольнасць яе крытычна ставіцца да ўмоў свайго існавання і самаўдасканальвацца.
Літ.:
Баталов Э.Я. Философия бунта. М., 1973;
Marcuse H. One — demensional man. London, 1991.
А.В.Рубанаў.
т. 1, с. 122