АДНАКВЕ́ТКА
(Moneses),
род шматгадовых травяністых раслін сям. грушанкавых. Вядомы 1 від — аднакветка буйнакветная (M. uniflora), пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. Расце ў імшыстых і чарнічных хваёвых лясах, на купінах нізінных і пераходных балот, у гарах уздымаецца да субальпійскага пояса на выш. да 2,4 тыс. м над узр. м. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўн. раёнах.
Выш. 3—17 см. Лісце супраціўнае, акруглае, скучанае ў ніжняй ч. сцябла. Карэнішча паўзучае. Кветкі адзіночныя, белыя, вельмі духмяныя. Цвіце ў чэрв. — пач. ліпеня. Плод — шарападобная шматнасенная каробачка. Лек расліна, выкарыстоўваецца як сродак ад вочных захворванняў.
т. 1, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)