Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДВАРО́ТНЫЯ ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,

кругавыя функцыі, функцыі, якія вызначаюць дугу (лік) па дадзеным значэнні яе трыганаметрычных функцый, што разглядаюцца на пэўных прамежках манатоннасці.

Адрозніваюць Arcsinx («арксінус x») — мноства функцый, адваротных да sinx; Arccosx («арккосінус x») — да cosx; Arctgx («арктангенс х») — да tgx; Arcctgx (арккатангенс x») — да ctgx; Arcsecx («арксеканс x») да secx; Arccosecx («арккасеканс x») — да cosecx. Функцыі Arcsinx і Arccosx вызначаны пры |x|1, Arctgx і Arcctgx — для ўсіх сапраўдных x, Arcsecx і Arccosecx|x|1 (2 апошнія выкарыстоўваюцца рэдка). У выніку перыядычнасці трыганаметрычных функцый для кожнай з іх існуе бесканечнае мноства адваротных функцый, гал. значэнні якіх вызначаюцца ўмовамі: -π/2 ≤ arcsin x ≤ π/2; 0 ≤ arccos x ≤ π; -π/2 ≤ arctg x ≤ π/2; 0 ≤ arsec x ≤ π; 0 ≤ arcctg x ≤ π; -π/2 ≤ arccosec x ≤ π/2. Суадносіны паміж трыганаметрычнымі функцыямі можна замяніць суадносінамі паміж адваротнымі трыганаметрычнымі функцыямі, напр., з роўнасці tgx = sinx 1 sin2x вынікае, што arcsinx = arctg x 1 x2 .

т. 1, с. 99

АДВАРО́ТНЫ ЛІК,

лік, здабытак якога з дадзеным лікам роўны адзінцы. Два такія лікі наз. ўзаемна адваротнымі, напр. 5 і 1/5, 2/3 і 3/2 і г.д. Для кожнага ліку а, не роўнага 0, існуе адваротны лік 1/а.

т. 1, с. 98

АДВАРО́ТНЫ О́СМАС,

гіперфільтрацыя, метад раздзялення раствораў пад ціскам ад 3 да 8 МПа. Адбываецца ў апаратах з раздзяляльнымі паўпранікальнымі мембранамі з палімерных плёнак ці полых валокнаў, якія цалкам ці часткова затрымліваюць растворанае рэчыва і прапускаюць растваральнік (звычайна ваду). Эфектыўнасць адваротнага осмасу вызначаецца селектыўнасцю і пранікальнасцю мембраны. Выкарыстоўваецца для апраснення салёных і ачысткі сцёкавых водаў, раздзялення азеатропных сумесяў, канцэнтравання раствораў, асвятлення і ачысткі харч. прадуктаў.

т. 1, с. 99

АДВАРО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,

інверсійны слоўнік, тып лінгвістычнага даведніка, у якім рэестравыя словы размяшчаюцца ў алфавітным парадку з улікам іх палітарнага прачытання справа налева, а не злева направа, як у звычайных алфавітных слоўніках. Рэестравыя адзінкі адваротнага слоўніка выраўноўваюцца ў наборы па правым краі:

самба

бомба

пломба

клумба і г.д.

Побач размяшчаюцца словы з аднолькавымі канчаткамі і суфіксамі, што дазваляе высвятляць словаўтваральную і марфемную структуру слова, вызначаць тып словазмянення рэестравай адзінкі, выяўляць прадукцыйнасць пэўнага словаўтваральнага тыпу, распрацоўваць рыфмаў слоўнікі і інш. Адваротныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі-індэксы і слоўнікі з самасг. рэестрамі. Адваротны слоўнік створаны больш чым для 30 моў. На матэрыяле бел. мовы распрацаваны: адваротны слоўнік мікратапонімаў (змешчаны ў слоўніку «Мікратапанімія Беларусі», 1974), «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» А.Барташэвіча і І.Камендацкай (т. 1—4, 1988—89), які падае каля 100 тыс. слоў з акад. «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84); «Адваротны слоўнік беларускай мовы» Л.М.Вардамацкага і В.І.Несцяровіча (1994).

В.К.Шчэрбін.

т. 1, с. 99

АДВЕ́ДКІ,

традыцыйны звычай бел. радзіннай абраднасці — наведванне парадзіхі пасля родаў; лакальныя назвы водведы, адведзіны, провідкі, наведы. У адведкі ішлі звычайна замужнія жанчыны ў першыя 2—3 дні (на Палессі — у 2 тыдні і болей) пасля родаў, каб дапамагчы парадзісе і яе сям’і. Паводле звычаю ў адведкі неслі з сабою яешню, хлеб, кашу, сыр, мёд, на Палессі яшчэ боршч, аладкі, варэнікі і інш. Звычай захаваўся, але ў адведкі сталі хадзіць і мужчыны, і незамужнія.

т. 1, с. 99

АДВЕ́КЦЫЯ

(ад лац. advectio дастаўка),

1) у метэаралогіі гарызантальнае перамяшчэнне паветраных мас, якое абумоўлівае перанос цяпла і вільгаці з адных раёнаў Зямлі ў іншыя; адзін з найважн. фактараў фарміравання надвор’я. Адбываецца ў выніку руху цыклонаў, пераносу паветра пануючымі вятрамі. Тэр. Беларусі знаходзіцца пад уплывам адвекцыі амаль 2/3 года. Гл. таксама Канвекцыя.

2) У акіяналогіі адвекцыя — перанос вады ў гарызантальным, іншы раз у вертыкальным напрамку (гл. Марскія цячэнні).

т. 1, с. 99

АДВЕНТЫ́СТЫ

(ад лац. adventus прышэсце),

паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.

Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату 1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.

Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б. СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.

К.С.Пракошына.

т. 1, с. 99

АДВЕНТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

заносныя расліны, ненаўмысна занесеныя ў пэўны рэгіён чалавекам або прыродным шляхам (вада, вецер, міграцыі жывёл, птушак і інш.) віды раслін, якія ў ім прыжыліся. Заносу садзейнічаюць гандаль с.-г. прадукцыяй (зернем, бавоўнай, воўнай), інтэнсіўны транспартны абмен, перасяленне людзей і інш. Адвентыўныя расліны могуць выцясняць абарыгенныя віды, парушаць структуру біягеацэнозаў, супраць пашырэння асобных з іх (небяспечнае пустазелле) прымаюць меры каранціну. У флоры Беларусі больш за 100 відаў адвентыўных раслін. З Еўропы занесены авёс шчаціністы, палявічка малая, з Амерыкі — купалка аднагадовая, аксамітнік сіняваты, галінзога драбнакветная, аксамітнік адкінуты, з Азіі — грэчка татарская, торбачнік палявы, аксамітнік хвастаты і інш.; з Афрыкі — лебяда пахучая.

т. 1, с. 99

АДВЕРБІЯЛІЗА́ЦЫЯ

(ад лац. adverbium прыслоўе),

пераход у прыслоўі словаформаў інш. часцін мовы, які абумоўлены іх сінтаксічнымі функцыямі і зменамі лексічнага і грамат. значэнняў Адвербіялізуюцца: назоўнікі ўскосных склонаў («прыехаць раніцай»), прыметнікі («прыбіраць збольшага»), лічэбнікі («працаваць удваіх»), займеннікі («адбылося па-нашаму»), дзеепрыметнікі («сказаць адкрыта»), дзеепрыслоўі («глядзець седзячы»), часціцы («плесціся абы-абы»), У выніку адвербіялізацыі канчаткі зменных часцін мовы ператварыліся ў прыслоўныя суфіксы, а прыназоўнікі, што ўжываюцца з рознымі склонавымі формамі, сталі прыстаўкамі прыслоўяў: «З боку вёскі даносіліся галасы» (І.Мележ), «Збоку, ля самай дарогі, ляжаў вялікі камень» (К.Чорны). Адвербіялізаваныя словаформы становяцца нязменнымі, набываюць новыя сінтаксічныя функцыі і сувязі, часам змяняюць месца націску («бе́гам — бяго́м», «кру́гам — круго́м») і інш.

І.Л.Бурак.

т. 1, с. 99

АДВЕ́С,

груз, падвешаны на ніці; найпрасцейшае прыстасаванне для вызначэння вертыкалі. Пад дзеяннем сілы цяжару грузу нітка прымае верт. напрамак, адпаведны дадзенаму пункту зямной паверхні. Выкарыстоўваецца ў буд-ве, пры ўстаноўцы вымяральных прылад, вымярэнні глыбіняў і інш.

т. 1, с. 100