АДВЕНТЫ́СТЫ

(ад лац. adventus прышэсце),

паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.

Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату 1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.

Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б. СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.

К.С.Пракошына.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)