Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЛО́ДНЫЯ НЕЙТРО́НЫ,

нейтроны з энергіяй умоўна ад 510​−3 эВ да 10​−7 эВ. Выкарыстоўваюцца для вывучэння павольных дыфузійных рухаў атамаў і малекул у розных асяроддзях, даследавання бялковых макрамалекул, палімераў, мікрадэфектаў і мікранеаднастайнасцей у растворах, сплавах і інш. Гл. таксама Нейтронная фізіка.

т. 16, с. 532

ХАЛО́ПЕНІЦКАЕ БАЛО́ТА.

У Крупскім р-не Мінскай вобл. і Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у вадазборы р. Эса. Нізіннага тыпу. Пл. 6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,2 тыс. га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,4 м. Асушана, вырошчваюцца збожжавыя і кармавыя культуры, сеяныя травы і інш.

т. 16, с. 532

ХАЛО́ПЕНІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—60. Утвораны 17.7.1924 у складзе Барысаўскай акругі. Цэнтр — г.п. Халопенічы. 20.8.1924 падзелены на 11 сельсаветаў. З 9.6.1927 у Мінскай акрузе. 8.7.1931 скасаваны, тэрыторыя размеркавана паміж Барысаўскім, Крупскім і Лепельскім р-намі. 12.2.1935 адноўлены, падзяляўся на 13 сельсаветаў. З 20‘.2.1938 у Мінскай вобл. 20.1.1960 раён скасаваны: 4 сельсаветы і г.п. Халопенічы перададзены ў Крупскі, астатнія — у Барысаўскі і Лепельскі р-ны.

т. 16, с. 532

ХАЛО́ПЕНІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Крупскім р-не Мінскай вобл. За 34 км ад г. Крупкі, 28 км ад чыг. ст. Крупкі на лініі Мінск—Орша, 134 км ад Мінска. 1,6 тыс. ж. (2002). Філіял Мінскага станкабудаўнічага завода імя С.М.Кірава, прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы дом, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі, 2 царквы. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяр фашызму і сав. ваеннапалонных.

Вядомы з 1451. Уласнасць Ф.​Даўгоўдавіча, М.​Кезгайлы, Нонгартаў, Храптовічаў і інш. У 1669 у Х. 260 дымоў, кляштар дамініканцаў. у 1708 пабудаваны касцёл, у 1712 царква, у 1775 адкрыта школа, з 1777 дзейнічаў кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У 1897 у Х. 2254 ж., нар. вучылішча (з 1863), царква (з 1828); касцёл, бровар (з 1840), ільнопрадзільня (з 1865), бальніца, паштова-тэлегр. аддз., 15 крам, 2 кірмашы на год. З 1920 у Мінскай губ. БССР. з 20.8.1924 цэнтр сельсавета; у 1924—31, 1935—60 цэнтр Халопеніцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ў вер. 1941 расстралялі 800 ж., стварылі лагер смерці (загублена 1600 чал.); дзейнічала падп. арг-цыя.

т. 16, с. 532

ХАЛО́ПЫ,

асабіста залежная ад феадалаў і найб. эксплуатуемая частка насельніцтва ў Кіеўскай Русі ў 9—13 ст. і ў Расіі да пач. 18 ст. Паводле прававога становішча набліжаліся да рабоў. Тэрмін «Х.» ўпершыню сустракаецца ў летапісе пад 986. У 11—12 ст. ужываўся для абазначэння розных катэгорый залежнага насельніцтва. Паводле «Рускай праўды» поўнымі (абельнымі) Х. станавіліся: палонныя; самазапраданыя пры сведках; тыя, хто ажаніўся з халопкаю (рабою); свабодныя жанчыны, якія выходзілі замуж за Х.; дзеці Х.; даўжнікі. Уладальнік мог неабмежавана распараджацца асобай Х.: забіць, прадаць, аддаць за даўгі і інш. Ён таксама нёс адказнасць за ўчынкі Х.: знявагу вольнага чалавека, кражу і г.д. Асн. частка Х. працавала ў сельскай гаспадарцы, некаторыя былі рамеснікамі, хатнімі і ваеннымі слугамі, выконвалі функцыі ніжэйшай адміністрацыі ў маёнтках. У Расіі ішоў працэс зліцця Х. з асн. масай прыгонных. У ВКЛ найб. залежныя ад феадалаў людзі наз. чэлядзь нявольная.

Літ.:

Зимин А.А. Холопы на Руси. М., 1973.

т. 16, с. 532

ХАЛС (Hulse) Расел Алан (н. 28.11.1950, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік і радыёастраном. Скончыў Масачусецкі ун-т (1975). З 1975 у Нац. радыёастр. абсерваторыі. З 1977 у Прынстанскай лабараторыі фізікі плазмы. Навук. працы па радыёастраноміі, камп’ютэрным мадэліраванні паводзін высокатэмпературнай плазмы ва ўстаноўках для кантралюемага тэрмаядз. сінтэзу. Адкрыў першы падвойны пульсар (з Дж.Тэйларам, 1974; радыётэлескоп абсерваторыі каля г. Арэсіба, Пуэрта-Рыка). Нобелеўская прэмія 1993 (з Тэйларам).

Тв.:

Рус. пер. — Открытие двойного пульсара // Успехи физ. наук. 1994. Т. 164, №7.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.А.Халс.

т. 16, с. 532

ХАЛС, Гальс (Hals) Франц (паміж 1581 і 1585, г. Антверпен, Бельгія 26.8.1666), галандскі жывапісец. Вучыўся у К. ван Мандэра (1600—03). Працаваў у Харлеме. Раннім партрэтам («Банкет афіцэраў стралковай роты св. Георгія», 1616), жанравым сцэнам («Муж і жонка ў парку», каля 1622), вобразам евангелістаў («Евангеліст Лука», «Евангеліст Матфей», каля 1623—25) уласцівы цёплыя тоны каларыту, дакладная мадэліроўка форм. Сталая манера, якая склалася ў канцы 1620-х г., вылучаецца надзвычайнай лёгкасцю, свабодай і тэмпераментам. У гэты перыяд ствараў пераважна партрэты: «Цыганка». «Мулат», «Мале Бабе» (усе каля 1630), «В. ван Хейтхейзен» (каля 1625—36), «Групавы партрэт стралковай роты св. Адрыяна» (1633). З 1640-х г. у партрэтах узмацняюцца псіхал. характарыстыкі, у каларыце пераважаюць серабрыстыя тоны, багатыя пераходамі адценняў: «Рэгенты шпіталя св. Лізаветы» (1641)

Познія работы пабудаваны на строгіх, напружаных кантрастах чорных і белых тонаў, адцененых рэдкімі чырвона-карычневымі плямамі («Мужчына ў чорным адзенні», каля 1650—52), з’яўляюцца і ноты безвыходнасці і песімізму («Рэгенты прытулку для састарэлых», 1664).

Літ.:

Сененко М.С. Франс Хальс. М., 1965;

Лазарев В.Н. Франс Гальс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974.

Т.​В.​Пешына.

Ф.Халс. Рэгенты прытулку для састарэлых. 1664.

т. 16, с. 532

ХАЛТУ́РЫН Сцяпан Мікалаевіч (2.1.1857, в. Верхнія Жураўлі Кіраўскай вобл., Расія — 3.4.1882),

расійскі рабочы-рэвалюцыянер. Арганізатар (1878) і кіраўнік (з В.​П.​Абнорскім) «Паўночнага саюза рускіх рабочых». З 1879 у «Народнай волі». У лют. 1880, каб здзейсніць замах на цара Аляксандра II, учыніў выбух у Зімнім палацы (цар уцалеў), дзе працаваў сталяром. З сак. 1881 чл. Выканкома «Нар. волі». Пакараны смерцю (павешаны) за ўдзел у забойстве (сак. 1882) адэскага ваен. пракурора.

т. 16, с. 533

ХАЛУ́ПНІКІ,

беззямельныя і малазямельныя сяляне на Беларусі ў 16—19 ст. Іх маёмасць найчасцей складалася з хаты (халупы) і невял. колькасці жывёлы. У ВКЛ Х. не адраблялі паншчыны і не плацілі аброку, але штогод плацілі феадалу, на зямлі якога жылі, т.зв. паседзінкі (2—4 злотых). Малазямельныя Х. ў 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі. У 19 ст. плацілі падушны падатак.

т. 16, с. 533

ХА́ЛХА (ад манг. халх — шчыт),

з 16 ст. назва тэр. Паўн. Манголіі (замацавалася як этнонім за яе насельніцтвам). У канцы 17 — пач. 20 ст. — ч. імперыі Цын пад назвай Манголія Знешняя; цяпер асн. тэр. Мангольскай Рэспублікі.

т. 16, с. 533